Як беларусы пра кактэйль Молатава даведаліся

Суседзкі дзядзька Іван, які прайшоў з баямі да самага Бэрліна і скончыў сваю асабістую вайну проста ля Брандэнбурскай брамы, называў «сумесьсю Молатава» зьлітыя ў адную пляшку ці ў кантовую малянкоўскую шклянку рэшткі напояў. Звычайна гэта здаралася пасьля вясельля, памінак ці любой іншай пагулянкі – карацей, калі нараніцу карцела пахмяліцца, а не было чым. Я цяпер падазраю, што і зь недапітых кілішкаў туды трапляла, у той «кактэйль». Ну, але дзядзька такога слова ня ведаў і адно часам называў сваю грымучую вадкасьць «наркамаўскім напоем», маючы на ўвазе ўсё таго ж таварыша Молатава.

Рэцэпт гэтага «напою» бязь цяжкасьці можна знайсьці ў Інтэрнэце, нават сайт адмысловы існуе. (Тс-с, але ён дагэтуль – дзяржаўная таямніца, і называць складнікі – небясьпечна.) Адзінае бяз рызыкі можна сказаць, што робяць яго пры дапамозе бутэлькі, кноту і корка. Гарыць надзвычай зыркім і гарачым полымем. Тысячаградусным. Пагасіць вадою немагчыма. Сумесь для бранятанкавай тэхнікі. Сёньня адкрыта гавораць, што гэта быў савецкі напалм. Адзін мой знаёмец анархіст на памяць ведае рэцэпты розных гатункаў кактэйлю Молатава, ён яшчэ альхіміяй цікавіцца і прыгатаваньнем віна ў хатніх умовах.

А мне з маленства запомнілася з экскурсіі ў сталічны музэй вайны і на «курган славы», што ўпершыню бутэлькі з запальнай сумесьсю выкарысталі ў 1941 годзе байцы 100-й (запомнілася, што менавіта з круглай лічбай) дывізіі генэрала Русіянава (прозьвішча таксама запамінальнае), калі спрабавалі абараняць Менск ад немцаў. Гаварылі, што бутэлькі гэтыя моцна прыдаліся б абаронцам Берасьцейскай «крэпасьці-героя», але іх не пасьпелі давезьці з «гораду-героя» Масквы. Аказалася, што 100-я дывізія ўдзельнічала і ў «вызваленчым паходзе», гнала польскіх памежнікаў ад беларускай савецкай мяжы да літоўскай, яшчэ буржуазнай.

Значна пазьней даведаўся я, што ў тыя дні нібыта байцы «любоўна» назвалі «гаручку» якраз гэтым самым «кактэйлем Молатава». Хаця мне цяжка ўявіць, каб нехта наважыўся гэтак фамільярна абысьціся з прозьвішчам адной зь «сьвяшчэнных кароў» тадышняга палітбюро. Назва гучала, можна нават сказаць, абразьліва. Дый хто зь іх мог ведаць, што такое «кактэйль»? Іншая рэч – самагон.

Дый сэнс, бадай, даруйце за калямбур, двухсэнсоўны. Атрымліваецца, што гэта «кактэйль», які Молатаў прыгатаваў для Рыбэнтропа, які аказаўся гэткім падступным ды няшчырым і не забясьпечыў выкананьня такога выдатнага пакту – дамовы аб мяжы і сяброўстве. Занадта складана, як на чырвонаармейца ў акопе, за 15–20 мэтраў ад злавеснага, жудаснага нямецкага танка. Нейкі чамадан з падвойным сподам. А камісары? Агітатары і прапагандысты? Палітуправа РККА? А сакрэтныя аддзелы розных НКВД? Яны што – мышэй не лавілі? Штосьці ня верыцца.

А можа, НКВД было не да таго: у першыя дні вайны расстрэльвалі вязьняў сьпешліва, палілі дакумэнты, вывозілі скарб. Нямецкія танкі ды авіяцыя не давалі спаць у шапку. Дзесь праз тыдзень пасьля захопу Менску «дзяржкамітэт абароны» выдаў пастанову: змагацца з бранятанкавымі сіламі бутэлькамі з запальнай сумесьсю і дзеля гэтага павялічыць значна іх вытворчасьць. Гэтак адбыліся афіцыйныя народзіны кактэйлю Молатава.

Усё ж, думаецца мне, для чырвонаармейцаў слова «кактэйль» безумоўна магло гучаць абракадабрай у лепшым разе і адмоўным буржуазным слоўцам з прысмакам заганнасьці – у горшым. Значна больш праўдзіва выглядае фінскае тлумачэньне – адкуль узяўся славуты «кактэйль». Молатаў абвесьціў савецкаму народу аб пачатку вайны зь Фінляндыяй. А фіны пачалі паліць бутэлькамі з запальнай сумесьсю лёгкія савецкія танкі, якія выдатна гарэлі. Сьмешную назву для шкляных гранат прыдумалі заходнія журналісты, якія пісалі рэпартажы пра вайсковыя дзеяньні, седзячы у хэльсынскіх барах.

Для беларусаў прозьвішча наркама Молатава зрабілася найбольш вядомым у 1939 годзе, які стаў для іх ура¬джайным на падзеі. Спачатку ў Беларусі Ўсходняй гвалтам сталі зьнішчаць хутары, перасяляць гаспадароў у вёскі, каб выцкоўваць у іх гаспадарлівасьць. Хаты развальвалі энкавэдысты, камсамольцы ды іншыя актывісты, а складаць сьцены на новым месцы ніхто не сьпяшаўся. І каля нашай вёскі, дзе мае дзяды жылі, таксама некалькі чалавек пацярпелі. А тут яшчэ неўзабаве мабілізацыя пачалася. Патлумачу: я пра тое, як у Саветах забаяліся, што немцы раптам рушаць на Польшчу і да самых Стоў¬пцаў дойдуць. Потым, праўда, зь імі дамовіліся, пакт Молатава–Рыбэнтропа падпісалі ды ўздыхнулі з палёгкай.

Але народ тады зьлякаўся: з хатаў павыганялі, а зараз яшчэ вайна пачнецца – бо навошта тады мабілізацыя? Прапаганда адносна немцаў і Гітлера была напярэдадні рэзка адмоўнай. Праўда, потым раптам за дзень усё зьмянілася, паведамленьні пра Нямеччыну напоўніліся саладжавасьцю і амаль замілаваньнем. Маўляў, Адольф Гітлер вельмі шмат зрабіў для нямецкага народу і навёў паўсюль парадак, а парадак павінен быць перш за ўсё. Дысцыпліна і парадак, як у дырэктыве нумар адзін. Простыя людзі вельмі ўдзячныя свайму правадыру.

Дзядзька Міхей набаляваўся, праспаў доўга, захацелася апахмяліцца. А ў карчме пачаў лаяць, па завядзёнцы, фашыстаў, што не даюць спакойна выпіць, трымаюць у напрузе. Да яго кінуліся некалькі сексотаў адразу: «Ты што плявузгаеш? Адольф Гітлер – найлепшы наш сябра. Ён – правадыр Вялікай Нямеччыны! Газэт не чытаеш?! Боўдзіла!» Вось так і заляцеў наш дзядзька Міхей, жартаў не пазнаўшы. Так, здаецца, зь Сібіры і не вярнуўся. Хаця хтосьці казаў, нібыта ён трапіў у штрафбат і кроўю змываў сваю няўдалую памылку ў баях з войскамі СС. Дайшоў да радзімы фюрэра, да Аўстрыі, заўзята лаяў яго, а наконт самой Аўстрыі лічыў найлепш памаўчаць, надта ж яму там спадабалася.

Другі дзядзька – Аркадзь – настаўнічаў пасьля Аршанскага пэдтэхнікуму. Настаўнікаў падчас мабілізацыі пачалі шмат забіраць да войска, на камандзір скія пасады. Камандзіраў моцна не хапала, шмат перастралялі ў 1937-м. Ну і яго ўзялі ды – адразу – у вызваленчы паход. Тамака, у Заходняй Беларусі, ён і пазнаёміўся з будучай жонкай. Так што ня будзь 17 верасьня, не стварылася б яшчэ адной беларускай сям’і. У гэтым факце шмат глыбокага сэнсу, сымбалічнасьці. Хай мне даруюць нашыя нігілісты. І такіх сем’яў я ведаю нямала. Яны, можна сказаць, змацавалі беларускі народ у адзіны, не задумваючыся над тым, што выканалі гістарычную справу. Перамаглі, уласна кажучы, комплекс шасьціпавятовай Беларусі.

А потым дзядзька ўдзельнічаў у тым знакамітым парадзе ў Менску, які ня вельмі даўно зноўку стаў Мінскам. А пасьля параду ўлады наладзілі статысячную дэманстрацыю працоўных. Столькі ж тады жыло ў самой сталіцы, дакладна сто тысяч жыхароў. А затым як «вопытнага» камандзіра дзядзьку Аркадзя перакінулі на Ленінградзкі фронт. Іх усіх паслалі на фінскую вайну. Маўляў, «абстраляныя» часткі, пораху нюхнулі, стрэльбы ў руках патрымалі. Так ён і застаўся у войску. Вярнуўся назад (пашанцавала, не загінуў і нават не абмарозіўся), ажаніўся. Яшчэ потым дзяцей панараджаў і ўнукаў дачакаўся.

Паўтаруся: гэны іхні шлюб для мяне асабіста вельмі сымбалічны. Зьядналі дзьве часткі, якія наўрад ці пры іншых абставінах сталі б адзінай краінай. Нібы сшылі суворай хірургічнай ніткай глыбокую рану. Праўда, мяжу трымалі да самае вайны. Дзоты, калючы дрот, памежныя заставы, вышкі, жаўнеры са стрэльбамі, прапускны рэжым, падазронасьць. Змацавалі шлюбнымі, сямейніцкімі повязямі. Зрэшты, масава адбылося гэта не адразу. Недавер, нават падазронасьць, дый як праз калючы дрот цалавацца, браць шлюб?

Чым не пазьнейшы Бэрлін, падзелены бэтонным плотам? Трапіць у другую частку можна было толькі са спэцдазволам, з запрашэньнем зь пячаткай. Як мы потым доўга і вельмі рэдка наведвалі закалючадротныя, хоць і братэрска-сацыялістычная краіны.

Аднойчы дзядзька Аркадзь бацьку майму ў лесе ў грыбах, ня вытрываў, расказаў, як фіны спрытна палілі чырвонаармейскія танкі бутэлькамі з запальнай сумесьсю, як яны гарэлі разам з танкістамі. Ды як камісары мацавалі на соснах партрэты Ёсіфа Вісарыёнавіча, каб байцы не маглі ўцячы і па-здрадніцку кінуць правадыра белафінскай ваеншчыне.

Пра такое пры Саветах толькі ў лесе і можна было пагаварыць. Ясна, што пра «кактэйль» ён тады нічога ня чуў, бо ня бачыў ніколі заходніх газэт на свае вочы. І добра, што ня бачыў, бо адразу заляцеў бы «за шпіянаж на карысьць буржуазных дзяржаваў». Падазрона ставіліся да тых, хто ведаў замежныя мовы, а нават калі сваёй роднай беларускай карыстаўся, ведаць дзеля добранадзейнасьці варта было адну. Як часам жартавалі тады – «мацерную».

Адзін мой знаёмы гісторык вельмі цікавіцца тымі гадамі і любіць распавядаць, як на мяжу зь Фінляндыяй паслалі будучага маршала Куліка, ён кіраваў артылерыяй, якая мусіла была абстраляць чырвонаармейцаў нібы зь фінскай тэрыторыі. Асабліва любіць гісторык нагадаць, як адна разумная кніга, названая «беларускай энцыкляпэдыяй», нядаўна напісала, што маршал Кулік «вызначыўся ў савецка-фінскую вайну». Маршала атрымаў Кулік за абстрэл сваіх памежнікаў, так бы мовіць, ад імя фінскай ваеншчыны, і за гібель пяцёх чырвонаармейцаў. Але ўедлівыя фіны занатавалі ў журнале памежнай варты дакладны час, хуткасьць распаўсюджваньня стрэлаў, вугал стральбы вылічылі, вызначылі адлегласьць, кірунак і нават прыблізнае месца, адкуль стралялі гарматы маршала Куліка. Фіны нават афіцыйна паспачувалі чырвоным артылерыстам. Гэта разьятрыла наркама Молатава.

Саветы зусім не чакалі, што у фінаў надзейныя жалезабэтонныя ўмацаваньні, непрыступная лінія Манэргейма, аб якую абламалі зубы чырвоныя дывізіі.

Лінію абарончых умацаваньняў, накшталт фінскай, Саветам заманулася пабудаваць на захадзе новай беларускай тэрыторыі – прыблізна паводле прызабытай лініі Керзона. Але ні пораху не хапіла, ні часу – нямецкія танкі 22 чэрвеня прайшлі наскрозь гэтак званую «лінію Молатава», абараняць якую даручылі Куліку. Але маршалу наканавана было застацца аўтарам ¬адзінай, так бы мовіць, удалай апэрацыі, ён апынуўся ў танкавым акружэньні пад Беластокам і з зайздрасьцю ўспамінаў фінскія «шкляныя гранаты».

Шчыра кажучы, я і сам канчаткова не разабраўся: ці сутыкнуліся з назвай кактэйлю Молатава нашыя людзі дзякуючы кіно, ці ведалі яе заўсёды, умелі тым кактэйлем карыстацца і даволі спрытна гэта рабілі? Каб адчуць хоць прыблізна кактэйльны смак ды паставіць кропку ў гэтым эсэ, я пайшоў у краму, памятаючы назольную газэтную рэкляму пра алькагольны напой з назвай «Кактэйль Молатава». «Няма больш», – адказвалі ва ўсіх крамах. «Фіны за аўтарскія правы нібыта засудзілі вінзавод і болей вашага «кактэйлю» ня будзе», – здолелі патлумачыць у адной гарэлачнай крамцы.

Сяргей Астравец у Менску

27 кастрычніка ў Беларускім ПЭН-цэнтры (вул.Казлова, 7-101) адбудзецца прэзэнтацыя кніжкі Сяргея Астраўца «Кактэйль Молатава». Удзел бяруць: аўтар, Уладзімер Арлоў, Адам Глёбус, Барыс Пятровіч і іншыя. Пачатак а 18.30. Уваход вольны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0