ЦУНАМІ

Восень… яшчэ адна восень, шаблённа

Лістота кружляе на банэрах сайтаў.

Ты ў Менску ў футры, я ў Вашынгтоне

Ў кашулі, шортах, красоўках ад Nike.

Сяджу ў кавярні. Гляджу, як нясьпешна

Ты пішаш мне весткі з Радзімы ў «асьцы»,

Жартую, хачу, каб было табе сьмешна,

А мо не даю ў дэпрэсію ўпасьці.

Нас падзяліла сьцяна альбо сьцены,

Мэрыдыяны, часовыя пасы.

Сустрэліся мы з табой на імгненьне

І разышліся, бы карціны Пікаса,

Што былі раскуплены на аўкцыёне,

Ў калекцыі зьвезены ці на выставы.

Ты ў Менску стаіш, я – у Вашынгтоне.

Мы экспанаты – для кагосьці забава.

Восень шаблённа плача дажджамі,

Кроплі цытатамі падаюць долу.

І мы іх хапаем, і дасылаем лістамі

Адно аднаму, і нашыя ролі

Належаць ня нам, а тым, што над намі,

Хто ставіў нас ў рамкі, ў музэй пад ахову.

Але прыйдзе час, калі мы цунамі

Змыем зь сябе ўмоўнасьцяў колы.

МАЎНТ МІТЧЭЛ

ветру амаль няма толькі неба

і parkway зьліваецца ў далечы з сонцам

мёртвыя дрэвы колеру срэбра

унізе а ўверсе абрысы бога

здаецца бліжэй да свабоды да сэнсу

здаецца што веры болей і праўды

здаецца што можна даскочыць далезьці

ухапіўшыся за сакральныя ляўры

ці церні ці аўру ці проста здаецца

што ўсё што ўнізе больш неістотна

і ёсьць толькі ты ў цэлым сусьвеце

маленькі маленечкі самалёцік

Апалачы, ЗША

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0