Старонкі вершаванага радка. Юзік Дзенісюк, Алесь Макрацоў, Зьміцер Панкавец ды іншыя

Юзік Дзенісюк

І «БУМЭР» СЫНУ

Не адно я дрэва пасадзіў,

Не адзін я выкапаў калодзеж,

Зь любай жонкай сына нарадзіў.

Толькі вось адно мяне трывожыць.

Сваёй хаты я не збудаваў.

А ў кватэры, што ў чужым этэры,

дзісь «Магутны Божа» засьпяваў,

Як суседка грукае ў дзьверы.

Захацеў паслухаць палянэз –

Чую голас: «Захаду прадаўся!

Да музыкаў маеш інтарэс –

Слухай Лучанка, не вычварайся!»

Я кватэру ў горадзе прадам.

Пераеду з жонкаю да цёшчы.

Хата ў вёсцы – продкаў барада,

Ды ніхто мазгі там не спалошча.

Купім сыну «бумэр» дарагі –

Можна нават бел-чырвона-белы.

Хай ад злосьці сохнуць варагі

І грызуць рудовыя «саўбелы».

Абухава, Гарадзеншчына

А.Блёк-Бастэр

«НОЧ. ПА ВУЛІЦЫ ЧЫРВОНААРМЕЙСКАЙ...»

Ноч.

Па вуліцы Чырвонаармейскай

паўз аптэку,

гістфак

і бібліятэку

іду...

Зноўку мяне папракнуць,

што бяз рыфмы,

што лёгка пісаць безь яе.

А я ўлагоджу

(зусім няцяжка)

тых,

хто бяз рыфмы

баіцца жыць:

ля рэзыдэнцыі прэзыдэнта

агідныя крыкі варон.

Нібыта ведаюць прэтэндэнта,

па якога едзе Харон...

Алесь Макрацоў

* * *

Культура…

Гумусны слой

пясчанай глебы

айчыны…

* * *

Выгнаных з раю

нашчадкі…

Зямля –

папраўчая калёнія.

Зьміцер Панкавец

СЯБРУ

Маладая кроў

На вясеньнім асфальце

Усьміхаецца

Васіліна Летняя

«Я ЗЬНІЧКАЙ У БЯЗЬМЕЖНАСЬЦІ СУСЬВЕТУ...»

Я зьнічкай у бязьмежнасьці Сусьвету,

Галяктыкай у бездані вякоў

Задумалася ад стварэньня сьвету…

Я сёньня нарадзілася наноў.

Жыцьця майго палотнішча саткана

Зь сьвятой крыві і памяці дзядоў.

Я гонар іх… і іхняя загана,

Калі змарную прадзіва гадоў.

Дзяды на сьвет маймі глядзяць вачыма,

Я – іх рукамі мацаю зямлю.

Ідзём за родам род, плячо ў плячыма,

Бо нельга быць бяз парастка камлю.

І дрэву не узьняцца без карэньня,

Бо песень без гартані не сьпяваць!

Ды толькі зьнічка я ад сатварэньня,

Мне, падаючы, зьзяць і дагараць.

Анатоль Трафімчык

З ВАСІЛЯ СІМАНЕНКІ

* * *

Ты ніколі ня блісьнеш вачыма

У мой адрас з-пад мілых броў,

Бо цябе я згубіў, магчыма,

Шчэ да тога, калі знайшоў.

Ты ніколі мяне не абдымеш

І ня зможаш мяне адштурхнуць,

Растварыўшыся ў летнім дыме,

Апячэш навальніцай чуць-чуць.

Па лагодных кілімах-травах

Павядзе цябе шлях праз гады,

А за мной застанецца права

Быць у сэрцы з табою заўжды,

Дні і ночы думаць упарта,

На сустрэчу ня страчваць надзей –

Дзеля гэтага толькі варта,

Тройчы варта прыйсьці да людзей.

Баранавічы

Рыгор Латышэвіч

«СЬПІ. ПРЫСТАЛА ЗРЭНКА БАЧЫЦЬ...»

Сьпі. Прыстала зрэнка бачыць,

Вушы – чуць, язык – тлумачыць,

Думкі – ў галаве блудзіць,

Рукі – мацаць, цела – жыць.

Трэба, трэба адпачыць.

Вочкі моцна зачыніць.

У бездань галавы тваёй

Хай прытуліцца спакой.

Усё стамілася йснаваць:

Сумаваць, жадаць, кахаць.

Змрочны вэлюм сутарэньня

Замалюе аздабленьне.

Потым, мабыць, будзе рай.

Сьпі, каханка, баю-бай...

* * *

Усё абрыдла.

Поўны даўн.

Прыемна раніцой

гучыць Джэймз Браўн.

На гаўбцы палю,

А ў нізе нехта

Калоціць у дыван,

І гэта сьмешна.

Куляю вокам у нябёсны даль

І разумею:

Усё – д’ябэльскі баль.

Асіповічы

Сяржук Жыцень

«ПЕХАТОЮ З ТАБОЮ МЫ ПОЙДЗЕМ У ВЫРАЙ...»

пехатою

з табою

мы пойдзем у вырай

несучы на далонях

уласныя сэрцы

пад косамі сонца

дажджом вясновым

сагрэем

абмыем

каб потым ізноў

вярнуцца

ў сябе

ад мрояў ды сноў

будзе

сьветла й цёпла

Там

дзе сканае

Душа Сьвету

разальецца Сьвятло

прывітаньне Дзядам

скажам

даючы нырца

ў Лету

цела

хоча быць душою

цэлай

белай са смалою

поўнай

добрага настрою

роўнай

кроўнай са сьлязою

пешай

вольнаю хадою

сьвежай

смачнаю травою

цішай

гоманам тугою

іншай

толькі не сабою

Мікола Бусел

АХВЯРЫ І КАТЫ

Зь іх ніхто не усьсеў

На падсудную лаву.

Кагэбісты вандруюць

Па мясцох сваёй славы.

Баль сягоньня балююць

(Прэч адкіньце ўсе жарты!)

Капітаны, маёры,

Не як колісь – сяржанты.

Вызіраюць з «казлоў»

Кагэбісцкія твары

Яны тутака зноў,

Як тады, гаспадараць

(Пазнаеш, Ізя Харык?).

На праспэкт Пераможцаў

З вокан носа ня сунь.

«Мэрсэдэс»… Пераможны

Ў ім Самсон Самасуй.

Не пяюць, не галосяць

Над табою валторны.

Залюляны чэкістам,

Сьпіш ты, Тодар Кляшторны.

Дзе твае «Залмяняне»?

Што зрабіў ты ня так?

Ўжо няма… пазьнішчалі

Як цябе іх, Кульбак.

Лыжны віск на праспэкце,

Па плячах – мурашы.

Янка Нёманскі, чуеш?

Дзе цяпер ты ляжыш?

Устаюць з-пад зямлі

Продкаў змучаных душы...

Дуброва (Сьветлагоршчына)

Сяргей Макарэвіч

АХВЯРА

Стрэл у лесе...

Адказ – цішыня...

Паляўнічы шукае ахвяру.

А тыя ляжаць забітыя

Недзе ў хмызьняку,

У гушчары.

Паляўнічы адзін

(ён ня любіць сабак)...

Усё адзін блукае па лесе.

Кожны шоргат –

Падняты кулак.

Ён гатовы дабіць зьвера.

Ён слухае шолах ветру.

І ловіць кожны пах.

Толькі ад мёртвай ахвяры

Не зыходзіць сьмярдзючы жах.

І ён блукае да заходу сонца,

Ён крычыць нібыта вар’ят.

Праклінае ў выніку бога,

Што зноўку застаўся ў дурнях.

Вялейка

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна