У біяграфічным альманаху «Асоба і час» (выпуск 2, 2010) надрукаваны артыкул Сямёна Букчына «Мой неразлучны друг…». Максім Горкі і Адам Багдановіч», дзе аўтар нагадвае пра вядомы факт: бацька класіка беларускай літаратуры, этнограф Адам Багдановіч не верыў у беларушчыну

і на пачатку ХХ ст. выказваў мала аптымізму наконт будучыні беларускай культуры. З вядомым крытыкам і літаратуразнаўцам Сямёнам Букчыном гутарыць карэспандэнт Нашай Нівы.

«Наша Ніва»: Чаму Адам Ягоравіч, з’яўляючыся літаратарам і этнографам беларускага паходжання, чалавекам культуры і навукі, не ўхваляў заняткаў свайго сына беларускай паэзіяй?

Сямён Букчын: Праблема ў тым, што Адам Багдановіч, будучы беларусам і займаючыся этнаграфічнымі даследаваннямі свайго народу, не бачыў у мінулым беларусаў моцнай культурнай традыцыі і не верыў у магчымасці яе развіцця ў найбліжэйшай будучыні. Ён не быў аптымістам наконт развіцця беларускай культуры. Пазіцыя Адама Багдановіча — пазіцыя расійскага этнографа, які добра ведаў беларусаў знутры і зблізку, але які пісаў пра іх як бы трохі збоку.

Беларусы, паводле ягонага пераканання, знаходзіліся на ніжэйшай ступені развіцця ў параўнанні з расейцамі,

і таму беларуская справа падавалася яму заняткам цяжкім, няўдзячным, малааптымістычным. І таму ён жадаў свайму сыну больш увагі надаваць расейскай культуры, якая здавалася яму больш прыдатнай для творцаў.

Я б не прапанаваў ужываць тут толькі чорную ці белую фарбы. Сусветная культура мае шмат прыкладаў, калі людзі, што знаходзіліся на культурным памежжы, выбіралі для сябе той культурны напрамак, які здаваўся ім больш развітым і адпавядаў іх уласным ідэйным памкненням. Так, Адам Багдановіч лічыў сябе беларусам, але ягоныя погляды фармаваліся пад моцным уплывам расійскай культурнай традыцыі (Пісараў, Чарнышэўскі, Міхайлоўскі). У тым, што ён лічыў сябе дзеячам менавіта расейскай навукі і культуры не было аніякай здрады адносна Беларусі і яе народу. Гэта быў натуральны працэс, калі вялікая культурная традыцыя перацягвала на свой бок прадстаўнікоў іншых народаў. Можа, таму нават пасля прыезду ў Мінск у 1923 г., ужо у спрыяльныя для беларушчыны часы, Адам Ягоравіч, аблашчаны тады беларускай уладай, усё адно не застаўся тут, а палічыў за лепшае вярнуцца ў Яраслаўль. З улікам гэтых абставінаў тым больш вялікай выглядае постаць ягонага сына Максіма, які здолеў пераадолець і фізічную адчужанасць ад Беларусі (жыццё ў Ніжнім Ноўгарадзе і Яраслаўлі), і неспрыяльны ўплыў бацькі і зрабіць беларускую справу сэнсам свайго жыцця.

«НН»: Этнаграфічная брашура, напісаная Адамам Багдановічам «Пережитки древнего миросозерцания у белорусов», пакідае дваістае ўражанне: з аднаго боку ён апісвае ўсё багацце беларускай традыцыйнай культуры, але з іншага пераконвае чытача ў забітасці і неадукаванасці беларускіх сялян і выказвае паняверку ў самастойным развіцці беларушчыны без спрыяльнага ўздзеяння «вялікарускай культуры»…

СБ: Пашыраны тады штамп у расійскай прэсе пра «забіты народ» адбіўся і на поглядах Адама Багдановіча. Як чалавек чулы, ён на прыватным узроўні спачуваў людзям, але што да перспектываў беларушчыны — дык тут ён быў скептычны, што адбівалася і на ягоных спрэчках з Максімам.

«НН»: А што гэта за гісторыя з жонкамі Адама Багдановіча? Ці паўплывалі смерці маці і мачахі на адносіны паміж Адамам Ягоравічам і Максімам?

СБ: Пасля смерці Марыі Апанасаўны, маці Максіма, Адам Ягоравіч ажаніўся з Аляксандрай Волжынай, роднай сястрой Кацярыны Пешкавай, жонкі Максіма Горкага. Але іх сямейнае шчасце было нядоўгім. Другая жонка Адама Ягоравіча літаральна праз год памерла падчас родаў. Шкадуючы Адама Ягоравіча, які застаўся з чатырма дзецьмі на руках, ягоная цешча Таццяна Восіпаўна, маці першай жонкі Багдановіча, прыслала да яго ў Ніжні ў сямейную дапамогу сваю малодшую дачку Аляксандру. Меркавалася, што яна будзе толькі памочніцай у Адама Ягоравіча, але ў іх закруціўся раман, Шура зацяжарыла… Гэтыя абставіны на пачатку моцна сапсавалі адносіны Адама Ягоравіча з Таццянай Восіпаўнай і сям’ёй Горкага. Можна меркаваць, што гэтыя «сямейныя змены» паўплывалі на ўразлівага падлетка, якім быў Максім, і на яго кантакты з бацькам.

«НН»: Пасля смерці сына Адаму Багдановічу ў беларускім грамадскім жыцці была адведзена роля «бацькі класіка». Як пачуваўся Адам Ягоравіч ў гэтай ролі? Ці прызнаў урэшце за сынам паэтычны талент?

СБ: Талент Максіма-паэта быў адкрыццём для яго. На пачатку 1920-х, калі пачаўся збор творчай спадчыны Максіма, ён упершыню адчуў гонар за яго.

Але разам з тым прысутнічала і горыч, што яго самога цэняць толькі як бацьку славутага паэта, не заўважаючы яго ўласных навуковых прац. Ён прэтэндаваў на нешта большае.
. У сваіх лістах Горкаму Адам Багдановіч наракаў, што яго не запрасілі на Беларусь на дзесяцігоддзе смерці Максіма. І разам з тым па-ранейшаму адстойваў (напрыклад, у лісце Антону Луцкевічу) расейскі «культурны прыярытэт», падкрэсліваў, што
Максіму ў сваёй творчасці трэ было больш чэрпаць з агульнарускай моўнай крыніцы і менш карыстацца слоўнікам «Нашай Нівы», то бок словамі адмыслова беларускімі.

Усё гэта сведчыць пра складанасць вобліка Адама Ягоравіча і разам з тым не адмяняе станоўчасці (самавук з шырокім культурным даляглядам, любоўю да кнігі) яго уплываў на агульнае культурнае фармаванне Максіма Багдановіча. Тут былі і прыцягненні і адштурхоўванні, што выглядае зусім зразумелым, калі ўвогуле падыходзіць да жыцця з шматкаляровай палітрай. Тым больш што абодва яны — і бацька і сын — былі моцнымі асобамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?