Сёньня Казулін распачаў анансаваную галадоўку. З калёніі надта не дасі інтэрвію, але, ва ўсякім разе, ягоная жонка ўпэўненая, што той не перадумаў.

Якія пэрспэктывы ў гэтай акцыі?

Натуральна, не выпадае чакаць, што высокая ўлада, пацерушыўшы галаву попелам, прызнае: маеш рацыю, спадару Казулін, нелегітымныя мы...

То бок, як зазначыў у гутарцы са мной палітоляг Валер Карбалевіч, мэты галадоўкі нерэальныя. Між тым, на ягоную думку, распачынаючы такую акцыю, заўжды мусіш выразна ўяўляць, чым гэта можа скончыцца.

Адна рэч, калі патрабаваньні больш-менш рэалістычныя. Згадайма: дэпутаты з "Рэспублікі" пазалетась галадалі дзеля паправак у Выбарчы кодэкс. І Палата ўключыла пытаньне у парадак дня. Натуральна, з прадказальным нулявым вынікам. Але ж бакі, ва ўсякім разе, мелі магчымасьць у нейкай ступені захаваць твар. У Берасьці ўладальнікі прыватных таксовак дамагаліся скасаваньня абдзіралаўкі — і ўрэшце атрымалі адпаведны ўказ. Цалкам імаверна, што даможацца свайго — рэгістрацыі незалежнага прафзьвязу ды выплаты прэміяльных яго сябрам — працаўніца "Бабруйскшыны" Алена Захожая. Ці вось яшчэ сьвежы прыклад: пратэстанты змагаюцца за будынак, і кіраўнік дзяржавы нібыта ўжо сказаў, што гэта добрая царква і варта ёй дапамагчы.

Але ж раней рак на гары сьвісьне, чым наверсе скажуць, што прафэсар Казулін добры чалавек і варта яму дапамагчы (хіба што накормяць гвалтоўна). То бок застаецца або ісьці да трагічнага канца, або...

Экс-кандыдат ужо давёў ўвесну, што можа быць рашучым, нават самаахвярным. Разам з тым, зараз ён пакідае пляцдарм для адыходу. Кажа, што спыненьне галадоўкі магчымае, калі, напрыклад, беларускім пытаньнем шчыльна зоймецца ААН.

З пазыцыяў абстрактнага гуманізму — дзякуй богу, што ёсьць абсяг для манэўру. Зь меркаваньняў паліттэхналягічнасьці — эфэкт праблематычны.

Міжнародная супольнасьць пэўна ж зладзіць нейкія мерапрыемствы, каб даць падставу спыніць рызыкоўную акцыю. Але апрыёры зразумела, што аморфныя структуры ААН (ці іншых міжнародных інстытуцыяў) нашых балючых пытаньняў аніяк ня вырашаць. Будзе хіба імітацыя.

У выніку — давайце наўпрост, без патасу! — ідэя гэтай галадоўкі можа быць дэвальваваная.

Іншая рэч, што калі разглядаць зьяву ўвогуле, дык улада мусіць добра пачухаць патыліцу, назіраючы за эпідэміяй галадовак. Ці ня выпушчаны джын з пляшкі? Саступаючы, кіроўныя вярхі спараджаюць новыя спакусы. У грамадзтве мацнее перакананьне: каб нешта, кажучы па-савецку, выбіць, трэба дэманстратыўна пакласьці зубы на паліцу. І калі на экстраардынарныя крокі ідзе электарат, які цяжка прылічыць да "адмарозкаў", то ўлада адразу пачынае заўважна нэрвавацца.

На думку майго калегі Валера Карбалевіча, корань зла ў тым, што рэжым заблякаваў нармальныя мэханізмы зваротнай сувязі.

У 1917 годзе буржуй Рабушынскі заклікаў задушыць бальшавізм "кашчавай рукой голаду". Там ішла тыповая клясавая барацьба. Сёньня ж, як бачым, уласны электарат усё часьцей спрабуе прыціснуць "рукой голаду" родную ўладу. Нешта не дапасуецца да прапагандысцкай схемы "дзяржавы для народа"!

Самым простым выйсьцем было б пакрысе адкручваць шрубкі, пачынаць паўзучую дэмакратызацыю. Але ж страшна! Так што ўлада хоцькі-няхоцькі ператвараецца ў пажарную каманду. Дзе сёньня загарэлася? Хто там яшчэ адмовіўся ад пайкі на нашай высьпе стабільнасьці?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?