Пакуль беларускія чыноўнікі чарговы раз прапаноўваюць адмяніць візы для грамадзян краін ЕС, кампанія Henley&Partners, якая спецыялізуецца на міжнародным праве ў галіне грамадзянства і іміграцыі, апублікавала Індэкс візавых абмежаванняў (Visa Restriction Index).

Гэта міжнародны рэйтынг краін, складзены з улікам таго, наколькі свабодна грамадзяне той ці іншай дзяржавы могуць перамяшчацца па свеце.

Безумоўна, імкненне чыноўнікаў прыцягнуць у Беларусь як мага больш турыстаў з еўрапейскіх краін заслугоўвае ўхвалы. З іншага боку,

магчымасць саміх беларусаў свабодна падарожнічаць па свеце таксама напрамую залежыць ад працы чыноўнікаў, а яна, мяркуючы па Індэксу візавых абмежаванняў, нажаль, пакуль пакідае жадаць лепшага.

У спісе з 98 краін Беларусь займае 72-ы радок, які дзеліць з Грузіяй. Абедзве краіны маюць індэкс 56. Значэнне індэкса расшыфроўваецца проста:

56 - гэта колькасць краін і тэрыторый, якія, па падліках кампаніі Henley & Partners, беларусы могуць наведваць без візы.

З краін-суседзяў Беларусі самы высокі рэйтынг у Польшчы, якая знаходзіцца на 16-м месцы з індэксам 145, далей ідуць: Літва - 19-е (140), Латвія - 20-е (139), Расія - 49-е (83 ) і Украіна - 65-е (64).

Першае месца ў рэйтынгу займае Вялікабрытанія, грамадзяне якой могуць спакойна наведваць без візы 166 краін.

Прычым ўсяго за адзін год колькасць бязвізавых для брытанцаў напрамкаў папоўнілася адразу шасцю дзяржавамі.

На другім месцы апынулася Данія (164), на трэцім - Швецыя (163), на чацвёртым - Фінляндыя і Люксембург (абедзве краіны з індэксам 162).

ЗША апусціліся на тры пазіцыі па параўнанні з папярэднімі гадамі і апынуліся на сёмым радку з індэксам 159. Таксама верхнія радкі рэйтынгу займаюць: Францыя, Італія, Германія і Нідэрланды (па 161), Бельгія, Японія і Іспанія (па 160), Ірландыя і Нарвегія (159), Аўстрыя і Партугалія (158), Аўстралія, Канада і Новая Зеландыя (157), а таксама Швейцарыя (156).

На іншым канцы рэйтынгу, што зусім не дзіўна, размясціліся Судан (30), Ірак (27) і Афганістан (26).

У цэлым, як няцяжка заўважыць, грамадзяне развітых краін валодаюць большай свабодай перамяшчэння, чым грамадзяне краін, якія развіваюцца, а таксама краін, што знаходзяцца на стадыі рэцэсіі або ў стане вайны. Пры гэтым складальнікі Індэкса падкрэсліваюць, што

рэйтынг адлюстроўвае не толькі ступень свабоды падарожжаў грамадзян розных дзяржаў, але таксама вызначае статус той ці іншай дзяржавы ў сусветнай супольнасці і характарызуе адносіны між асобнымі краінамі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?