Аляксандр Лукашэнка просіць грамадзян паставіць свае подпісы і за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з Аляксандрам Радзьковым, які ўзначальвае ініцыятыўную групу па вылучэнні Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты, і сваім памочнікам Віктарам Шэйманам.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Радзькоў праінфармаваў кіраўніка дзяржавы аб тым, як ідзе збор подпісаў і працуе ініцыятыўная група. Ён заявіў, што за вылучэнне Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты ўжо сабрана больш за 600 тыс. подпісаў.

Лукашэнка лічыць, што за вылучэнне яго ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта подпісаў сабрана ўжо дастаткова, а таму, магчыма, збор подпісаў яго ініцыятыўнай групай трэба спыніць.

«Давайце параімся, можа, нам проста спыніць цяпер збор подпісаў.

Больш за 600 тыс. подпісаў.
Навошта людзі, ініцыятыўныя групы будуць хадзіць па дамах і збіраць подпісы? Калі, дапусцім, чалавек хоча прыйсці і аддаць свой подпіс за дзейнага прэзідэнта, яму не трэба адмаўляць. У нас ёсць грамадская прыёмная, працуе грамадская арганізацыя «Белая Русь», іншыя арганізацыі, якія гатовы нам дапамагчы. Калі яны прыйдуць да ўлады і спытаюць, дзе за Лукашэнку можна подпіс паставіць, там ім жа, натуральна, скажуць, як гэта зрабіць», — патлумачыў прэзідэнт.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка прапанаваў звярнуцца да грамадзян з просьбай аддаць свае подпісы і за вылучэнне альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. Пры гэтым ён заявіў, што «разумее складанасць са зборам подпісаў іншых патэнцыяльных кандыдатаў у прэзідэнты».

«Нам трэба звярнуцца да людзей і папрасіць: няхай яны аддадуць подпісы і за альтэрнатыўных кандыдатаў. Там іх 16 чалавек. Яны хочуць ісці на выбары. Няхай ідуць», — сказаў Лукашэнка.

«Трэба людзям растлумачыць, каб яны падтрымалі і тых. Гэта ж не галасаванне за прэзідэнта. Гэта выдача білета на тое, каб ты далей узяў удзел у прэзідэнцкіх выбарах. Таму што, калі ты не збярэш подпісы, цябе ж ніхто не зарэгіструе, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Таму няхай ужо людзі падтрымаюць і іх.

А ў дзень галасавання яны вызначацца, за каго галасаваць: ці за Лукашэнку, ці за апазіцыю».

Беларускі кіраўнік выказаў насцярожанасць тым, што сёння нібыта людзей прымушаюць займацца зборам подпісаў. «Наогул я праінфармаваны аб тым, якая сітуацыя, і галоўнае — як працуе ініцыятыўная група і перш за ўсё ідзе збор подпісаў. Я таксама аналізаваў сродкі масавай інфармацыі, прытым усяго спектра. Адзінае, што мяне насцярожыла (хаця я разумею, гэта палітычная барацьба), валтузня нейкая, што нібыта мы кагосьці прымушаем збіраць подпісы, што кагосьці, можа быць, пакрыўдзілі ў ходзе збору подпісаў, што нам, канешне, ні ў якім выпадку нельга рабіць. Я аб гэтым папярэджваў усіх. І гэта нам проста не трэба.

Я бачу, што мы ўжо сабралі больш за паўмільёна подпісаў, на сёння звыш 600 тысяч. Таму, які тут можа быць ціск», — зрабіў выснову Лукашэнка.

«Таму я хацеў бы, каб вы сказалі, ці ёсць у нас у штабе такая інфармацыя, што дзесьці людзей прымушаюць рабіць. Калі хтосьці прымушае, гэта значыць, робяць на шкоду дзейнаму прэзідэнту. Бо прымус абавязкова будзе мець зваротны эфект», — сказаў ён, звяртаючыся да Радзькова.

У сваю чаргу Радзькоў запэўніў прэзідэнта, што інфармацыя аб тым, што нібыта кагосьці прымушаюць збіраць подпісы, з’яўляецца недакладнай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?