Што супольнага паміж мужчынам з рэклямы цыгарэтаў Marlboro, Гамлетам i Санта-Кляўсам? Тое, што хоць яны і выдуманыя пэрсанажы, затое мелі рэальны і вырашальны ўплыў на чалавецтва і сьвет – пішуць аўтары лексыкону "101 найбольш уплывовая асоба, якая ніколі не існавала", выдадзенага ў ЗША.
Аўтары склалі сьпіс пэрсанажаў, вядомых зь мітаў, літаратуры і рэклямы, якія, на іх думку, мелі найбольшы ўплыў на паводзіны людзей, a іншым разам і зьмянілі хаду гісторыі. Marlboro Man займае ў сьпісе першае месца – на думку аўтараў, ён паспрыяў сьмерці мільёнаў курцоў, якія памерлі ад рака лёгкіх.
Вялікі Брат з раману Джорджа Орўэла "1984" займае ў гэтым рэйтынгу другое месца, а на трэцім знаходзіцца кароль Артур, якога часам лічаць гістарычнай постацьцю.
Санта-Кляўс у апошнім квартале кожнага году перахоплівае ўплыў на эканоміку, за што аўтары прызналі за ім чацьвёртае месца ў сьпісе.
На далейшых месцах апынуліся Гамлет, Франкенштайн, Рамэо і Джульета, а таксама лялька Барбі, якая, на думку аўтараў, навязала нам недасяжны стандарт прыгажосьці.





