Вечарам 7 кастрычніка ў Мінск прыбыў пасланнік папы рымскага Бенедыкта XVI кардынал Юзэф Тамко, паведаміў адказны за СМІ пры сакратарыяце Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі айцец Аляксандр Улас.

Паводле яго слоў, пантыфік прызначыў былога прэфекта ватыканскай Кангрэгацыі евангелізацыі народаў кардынала Юзэфа Тамко сваім пасланнікам на святкаванні 300-годдзя асвячэння мінскага архікафедральнага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі.

Урачыстая імша пад дэвізам Gaudium et spes («Радасць і надзея») пачнецца 9 кастрычніка ў 12.00, яна будзе мець душпастырскі характар і праводзіцца на лацінскай і беларускай мовах. Айцец Аляксандр зазначыў, што пасланнік папы (легат) з’яўляецца прадстаўніком святога айца пры асобных касцёлах, дзяржавах або ўрадах.

Паводле яго слоў, кардынал Юзэф Тамко выступіць з пропаведдзю на беларускай мове ў архікафедральным касцёле. Ён таксама плануе сустрэцца з мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам і прадстаўнікамі ўлады, а 10 кастрычніка — узначаліць імшу ў маладзечанскім касцёле Святога Ёзэфа (Мінская вобласць), дзе таксама будзе выступаць з пропаведдзю па-беларуску.

Для ўдзелу ва ўрачыстасці запрошаны сотні гасцей — прадстаўнікі дзяржаўных і грамадскіх структур, дыпламаты, іерархі і ксяндзы Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі і замежжа, мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі. Падчас урачыстасці ў святыні запланавана ўстаноўка дзвюх мемарыяльных дошак — у гонар 300-годдзя асвячэння храма, а таксама з імёнамі святароў, якія служылі ў касцёле з 1710 па 1945 гады. Імша будзе транслявацца на святлодыёдны экран, які ўстановяць каля ўваходу ў святыню.

***

Мінскі архікафедральны касцёл заснаваны езуітамі 31 ліпеня 1700 года. 16 сакавіка 1710 года храм асвяціў біскуп Віленскі Канстанты Казімір Бжастоўскі. 28 красавіка 1798 года святыні быў прысвоены статус кафедральнага касцёла. З красавіка 1905 года нейкі час яго пробашчам быў беларускі ксёндз Зігмунт Лазінскі. У пасляваенны час храм быў адабраны ў вернікаў і перададзены пад Дом фізкультуры. У 1951 годзе святыня была поўнасцю разбурана і перабудавана. 9 снежня 1993 года пастановай беларускага ўрада будынак быў вернуты католікам. Вялікі ўнёсак у рэстаўрацыю касцёла зрабіў кардынал Казімір Свёнтак. 21 кастрычніка 1997 года храм быў паўторна ўрачыста асвечаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?