Пра гэта заявіла журналістам старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына 8 кастрычніка ў Магілёве перад абласным семінарам-нарадай па пытаннях выбараў.

«Выбары — гэта спакой, арганізаванасць і адэкватнае ўспрыманне грамадства. Усё гэта ёсць на гэты момант», — сказала Ярмошына.

Паводле сцвярджэння кіраўніка ЦВК, усе зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы знаходзяцца ў спрыяльных умовах, «ім дапамагаюць і мясцовыя ўлады, і выбарчыя камісіі, для таго каб яны змаглі выканаць тое, што патрабуе Канстытуцыя, гэта значыць сабраць у падтрымку сваіх кандыдатаў неабходную колькасць подпісаў».

Як зазначыла Ярмошына, ніводная з ініцыятыўных груп не заявіла прэтэнзіі аб тым, што для яе ствараюцца няроўныя ўмовы, уводзяцца дадатковыя бар’еры па зборы подпісаў.

«Іншая рэч, што, магчыма, некаторыя нашы палітыкі ўжо развучыліся працаваць, таму ў іх і з’яўляюцца прэтэнзіі», — выказала меркаванне Ярмошына.

Паводле яе слоў, Цэнтрвыбаркам правярае ўсе скаргі, у тым ліку тыя, якія з’яўляюцца ў інтэрнэце. «Ніводны са зваротаў, што тычацца працы той ці іншай ініцыятыўнай групы, пакуль не пацвердзіўся. Мы вельмі задаволены», — сказала старшыня камісіі.

«Усе карты ў рукі дадзены ўсім кандыдатам, — упэўнена Ярмошына. — Калі ў іх штосьці не атрымаецца, то гэта віна не выбарчых камісій і не віна ўладаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?