Праблема энэргетычнай бясьпекі зьяўляецца надзвычай актуальнай у сучасным сьвеце. Кожная краіна хоча мець пэўныя пастаўкі энэрганосьбітаў па нармальных цэнах, прычым зь некалькіх крыніц.
Пытаньне паставак нафты й газу ў Беларусь – гэта таксама надзённае пытаньне. Нядаўна расейскія нафтакампаніі абмежавалі пастаўкі «чорнага золата» на беларускія нафтапераапрацоўчыя заводы, абгрунтаваўшы рашэньне непаладкамі трубапроваду. У сваю чаргу з пачаткам 2007 году «Газпром» заявіў пра павышэньне для Беларусі цаны на газ у некалькі разоў.
У такой сытуацыі беларускае кіраўніцтва пачало шукаць выхад. На днях Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевам. Падчас спатканьня гаворка ішла пра пастаўкі касьпійскай нафты праз Украіну ў Беларусь. Прычым азэрбайджанскі лідар пазытыўна выказаўся пра згаданы праект. У сваю чаргу на бягучым тыдні адбылася сустрэча беларускіх і ўкраінскіх спэцылістаў, якія правялі перамовы пра ўстанаўленьня супольных, больш высокіх ставак за транзыт расейскага газу праз Беларусь і Украіну. Адным словам, ніхто ня хоча паддаваць расейскаму нафта-газаваму шантажу.
Ці магчыма стварыць наднацыянальныя энэргетычныя праекты, скажам, з удзелам Беларусі, Украіны, каўказскіх ды іншых дзяржаў? Эканаміст Станіслаў Гусак лічыць, што гэта неабходна рабіць ужо цяпер.
Я думаю, што гэта неабходна рабіць кожнай дзяржаве (мець альтэрнатыўныя крыніцы), якая хоча быць незалежнай. Для Беларусі гэта таксама важна. Я ведаю, што беларускі бок запрапанаваў Украіне прадумаць магчымую пастаўку нафты з трубапроваду Адэса-Броды ў Мазыр, на нафтапераапрацоўчы завод. Гэта можна зрабіць, хопіць правесьці рэканструкцыю нафтапампавальных станцый на нітцы Броды-Мазыр, каб яны маглі працаваць у рэвэрсным рэжыме. Прычым рэканструкцыя не патрабуе вялікіх фінансавых расходаў. Тое ж самае можна зрабіць у паўночным напрамку... Ёсьць тэрмінал у Вентспілсе, які стаіць некалькі год і не працуе. Можна згаданы тэрмінал выкарыстаць для перапампоўкі нафты з басэйна Балтыйскага мора на Наваполацкі НПЗ.
Пастаўкі нафты й газу Расея выкарыстоўвае ў якасьці прылады шантажа, прычым у адносінах ня толькі да суседніх краін. Ці ў такой сытуацыі Беларусі ўдасцца стварыць кааліцыю, у склад якой увойдуць Украіны, краіны Балтыі й Каўказу?
Сёньня відавочна, што гэта неабходна рабіць. Калі ў адзіночку, дык ні Беларусь, ні Ўкраіна ні Грузія не вытрымаюць таго палітычнага ціску, які будзе аказвацца з боку Масквы.
Я ўжо ўзгадваў тэрмінал у Вентспілсе... Латвія ўжо згодна аддаць гэты тэрмінал Расеі, прадаць за бязцэнак, каб толькі яго збыць. Гэты тэрмінал непрыбытковы ўжо шмат год, таму што яго будавалі для экспарту савецкай нафты за мяжу, а цяпер Расея не пастаўляе туды нафтапрадуктаў і нафты. Так што цяпер там людзі без працы сядзяць, і паўстала пытаньне, што зь ім рабіць. І Расея тут як тут, маўляў, давайце тэрмінал. Але б калі й Беларусь, і Латвія й Украіна былі разам і разам вырашалі гэтыя пытаньні, дык маглі б выкарыстаць вентспілскі тэрмінал для паставак нафты з Балтыкі ў Наваполацк. А ў Наваполацку з нафты зрабілі б ужо бэнзін, салярку ды іншае,- тое, што патрэбна.
Такім чынам, атрымалася б транснацыянальная інжнэрная камунікацыя, якая б адначасова працавала на некалькі дзяржаў.
Ужо некалькі месяцаў «Газпром» заяўляе, што падыме ў некалькі разоў цану на газ для Беларусі. Паводле Вас, ці ўсё ж такі «блакітнае паліва» падаражае?
Гэта шантаж, таму што Расея хоча амаль задарма купіць беларускую інфраструктуру: нафтапровады, газапровады, нафтапераапрацоўчыя заводы, іншыя хімічныя прадпрыемствы. Вядома, чаму гэта робіцца. Юрыдычна Беларусь можа быць незалежнай, але тэрыторыю кантралюе той, хто кантралюе інфраструктуру гэтай тэрыторыі. І Расея ў гэтым геапалітычным накірунку працуе вельмі актыўна. Лукашэнка адмовіўся прадаваць па той цане, якую Расея хацела заплаціць. І вось з гэтага боку Лукашэнка паступіў вельмі правільна, утрымліваючы сваю пазыцыю, і не здае яе, не здае беларускай маёмасьці. Ён разумее, што, прадаўшы стратэгічныя прадпрыемствы, Беларусь дэ-факта страціць сваю незалежнасьць. Гэтую незалежнасьць можна ўмацаваць, пабудаваўшы ў Беларусі атамную электрастанцыю, і каб гэты праект быў французскі альбо нямецкі.
Дарэчы, паявілася інфармацыя, быццам бы АЭС мелі б будаваць французы, а не расейцы.
...так, сапраўды, паявілася такая інфармацыя.
Калі пачнецца магчымае будаўніцтва, дык, здаецца, што Расея пастараецца, так бы мовіць, адрэзаць сабе кавалак беларускага энэргетычнага торту. І напэўна будзе старацца, каб АЭС будавалі не французскія, а расейскія фірмы.
Зразумела. Для прыкладу, Расея высмоктвае з энэргетычных рынкаў краін Міжмор’я больш як за 20 млд. даляраў у год. І яна хоча заваёўваць іншыя рынкі. Канешне ж, расейцы захочуць, каб на станцыі выкарыстоўвалася іх тэхналёгія, а не французская. Такім чынам, Расея будзе змагацца за заказ, і Лукашэнку будзе цяжка вытрамаць ціск з боку Крамля.
З эканамістам Станіславам Гусаком размаўляў Валера Саўко.