10 кастрычніка 2010 Нідэрландскія Антыльскія выспы спынілі існаванне, паведамляе агенцтва Reuters.

Былыя нідэрландскія калоніі Сінт-Марцін (Sint Maarten, нідэрландская назва паўднёвай часткі выспы Сэн-Мартэн) і востраў Кюрасаа сталі незалежнымі дзяржавамі ў складзе Каралеўства Нідэрланды, а выспы Банайре, Саба і Сінт-Эстатыюс ператварыліся ў аўтаномныя тэрыторыі Нідэрландаў.

Такім чынам, Кюрасаа і Сінт-Марцін атрымалі такі ж статус, як і Аруба, якая стала незалежнай у складзе Каралеўства Нідэрланды ў 1986.

Па ўмовах пагаднення, урад Нідэрландаў возьме на сябе абарону і замежную палітыку новых краін. Між тым, урады Кюрасаа і Сінт-Марціна атрымаюць больш паўнамоцтваў і змогуць распараджацца падатковымі зборамі.

Нідэрландскія Антыльскія выспы існавалі з 1954 як уладанні Нідэрландаў у Карыбскім басейне. Між шасцю выспамі стала ўзнікалі канфлікты, звязаныя з размеркаваннем абавязкаў і прыбыткаў.

На Кюрасаа пражывае каля 190 тысяч чалавек, на нідэрладскай частцы Сэн-Мартэна — прыкладна 37 тысяч. Афіцыйнай мовай на ўсіх шасці выспах былых Нідэрландскіх Антылаў з’яўляецца нідэрландская, аднак на Сэн-Мартэне, Сабе і Сінт-Эстатыюсе шырока распаўсюджаная англійская, а на Кюрасаа, Банайры і Арубе размаўляюць на папіямента (сумесь іспанскай, партугальскай, нідэрландскай і ангельскай моваў).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?