«Віцязь» быў названы ў ліку буйных прадпрыемстваў, кіраўнікі якіх былі злоўленыя на карупцыі.
Старшы опэрупаўнаважаны па асабліва важных справах галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных спраў Аляксандар Вадзяной паведаміў 20 кастрычніка на прэс-канфэрэнцыі, што памер хабараў, атрыманых адказнымі асобамі РУВП «Віцязь» сягаў 100 000 даляраў ЗША.
З-за таго, што справа вядзецца і ў гэты час, ён адмовіўся паведаміць якія-кольвек падрабязнасьці, але ўдакладніў, што крымінальная справа была распачатая па артыкуле 430 Крымінальнага кодэксу (атрыманьне хабару).
Сытуацыя на «Віцязі» была прыведзеная старшым опэрупаўнаважаным у якасьці прыкладу выяўленьня падразьдзяленьнямі МУС «крымінальных схемаў з удзелам карумпаваных адказных асобаў». Аналягічныя схемы былі выяўленыя на ЗАТ «Другі нацыянальны канал», РУВП «БелАЗ», ААТ «Беларускі шынны камбінат» і УП «Барысаўскі завод безалкагольных напояў».





