Яго з’яўленне азначае, магчыма, жорсткі сцэнар правядзення выбараў.

Навіна аб тым, што Аляксандр Лукашэнка напрыканцы мінулага тыдня сустрэўся з прадстаўнікамі сваёй ініцыятыўнай групы па вылучэнні на новы прэзідэнцкі тэрмін, стала адной з самых абмяркоўваемых сярод экспертаў. Бо гэтых самых прадстаўнікоў, згодна з тэлевізійным кадрам, на сустрэчы было ўсяго два — Аляксандр Радзькоў і Віктар Шэйман. І гэта значыць, што «шэры кардынал», які сядзеў па левую руку ад прэзідэнта, вярнуўся ў вялікую палітыку.

Шэйман, адзін з тых «старых ваўкоў», якія прывялі Аляксандра Лукашэнку да ўлады, два гады таму вымушаны быў пакінуць кабінет дзяржсакратара Савета нацыянальнай бяспекі. Фармальна — з-за выбуху, які адбыўся ў Мінску падчас святкавання Дня незалежнасці. Нефармальна — пацярпеў паразу ў канкурэнцыі з «маладымі ваўкамі». Як вядома, старэйшы сын беларускага кіраўніка Віктар Лукашэнка стаў дарадцам бацькі па пытаннях нацыянальнай бяспекі, з часам набраў моц, пачаў браць сілавыя структуры пад свой кантроль, актыўна ўдзельнічаць у расстаноўцы новых кадраў. I на гэтай паляне двум Віктарам, верагодна, стала цесна.

Шэймана звольнілі. Ён знік так раптоўна і так адусюль, што былыя падначаленыя ўсур’ёз клапаціліся: «Ці жывы?»
Чуткі падаграваліся тым, што адначасова праходзіла маштабная зачыстка «шэйманаўскіх» — яны масава сыходзілі на пенсію ці звальняліся з сілавых ведамстваў. Але чалавек, якога справядліва называлі «шэрым кардыналам» за Лукашэнкам, аказаўся надзвычай жывучым. І пасля, як усім думалася, няміласці выплыў на пасадзе памочніка прэзідэнта — пасла па асобых даручэннях. У пераважнай большасці гэтыя самыя «асобыя» даручэнні выконваў у Венесуэле, Калумбіі, Нікарагуа… Змяніўся. Пагаліў вусы, пасівеў…

Размовы пра тое, што Шэйман імкнецца вярнуцца да актыўнай дзяржаўнай працы, пачаліся з лета. «Вайна сілавікоў» на той час ужо выявіла відавочнага пераможцу, і ў краіне, хаваючыся за шыльдай КДБ, з’явілася «каста недатыкальных», якім дазволена ўсё. Нават арыштоўваць (нягледзячы на пратэсты генеральнага пракурора) следчага пракуратуры, якая даводзіла да суда справу па абвінавачванні былых супрацоўнікаў спецслужбы ў арганізацыі маштабнай кантрабанды праз беларускую мяжу.

І пайшоў сярод сілавікоў гул: «За Шэйманам такога не было…»

Зразумела, за Шэйманам было і горшае — менавіта за ім у Беларусі пачалі знікаць людзі. Але нараканні і абурэнне не маглі не дайсці да галоўных вушэй.

Потым і ўвогуле пачалі здарацца злавесныя падзеі. Нехта кінуў бутэлькі з гаручай сумессю на тэрыторыю расійскага пасольства; у інтэрнэце з’явілася відэа нібыта былога супрацоўніка ФСБ, які расказаў, што на Аляксандра Лукашэнку рыхтуецца замах; таямнічая смерць журналіста Алега Бябеніна… Зразумела, гэта мог быць выпадковы збег абставін. Але ў той жа час не пакідала адчуванне, што нехта наўмысна нагнятае сітуацыю, каб даказаць, што «маладыя ваўкі» недастаткова прафесійныя, не ўсё кантралююць…

Кажуць, Шэйман прасіўся на прыём да Аляксандра Лукашэнкі ўсяго на пятнаццаць хвілін. Затрымаўся на тры гадзіны. І выйшаў з прэзідэнцкага кабінета размовай больш чым задаволены.

Адна з версій аналітыкаў: Лукашэнка даў асаблівае даручэнне Шэйману — правесці прэзідэнцкія выбары па правераных сцэнарыях, пасля чаго падзякай будзе высокая пасада. Прычым цікава, што прозвішча Шэймана ўвогуле няма ў складзе ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі (прынамсі, на момант напісання гэтага матэрыяла ў спісе, вывешаным на сайце Цэнтрвыбаркама, Віктар Уладзіміравіч Шэйман пазначаны не быў). Іншымі словамі, з юрыдычнага пункту гледжання выбарамі ён нават не мае права займацца — хіба што агітаваць дзяцей і жонку. Але почырк Шэймана менавіта ў гэтым: закон — законам, а справа — справай.

У 2006 ён ужо кіраваў перадвыбарным штабам Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта тады быў жорстка збіты, а потым і пасаджаны ў турму кандыдат на прэзідэнцкую пасаду Аляксандр Казулін; менавіта тады з’явілася «страшная казка» пра тое, што апазіцыя плануе атруціць жыхароў сталіцы, закідаўшы калектары з пітной вадой здохлымі пацукамі; менавіта тады людзей запалохвалі крымінальным артыкулам «Тэрарызм» і найвышэйшай мерай пакарання, калі яны асмеляцца выйсці на плошчу; менавіта тады не хапала месцаў у ізалятарах, каб утрымліваць найбольш актыўных прадстаўнікоў апазіцыі…

Зразумела, што цяпер Шэйманам узмацнілі перадвыбарны штаб Лукашэнкі не дзеля таго, каб ён выдумваў бойкія перадвыбарныя заклікі і выступы. Шматгадовы «шэры кардынал» Лукашэнкі чалавек увогуле не гаваркі, затое аддаваць каманды СОБРу, спецназу, «Альфе», «Алмазу» і іншым «людзям у намордніках» ён здолее. Заўважылі — амаль увесь гэты год усе спецпадраздзяленні на розных вучэннях трэніраваліся «спраўляцца з натоўпам», падаўляць масавыя акцыі пратэсту.

Так што з’яўленне Віктара Уладзіміравіча, на мой погляд, азначае самы жорсткі сцэнарый правядзення выбараў.
У ім амаль усё будзе імітаваць дэмакратыю, акрамя трох ключавых момантаў: фарміраванне выбарчых камісій толькі са «сваіх» людзей, правільны і без лішніх вачэй падлік галасоў, жорсткае падаўленне тых, хто будзе пратэставаць, сцвярджаючы, што гэткія выбары — не выбары, а фарс.

Адначасова з’яўленне Шэймана — гэта выклік міжнароднай супольнасці, якая з новай сілай патрабуе расследаваць справы зніклых у Беларусі палітыкаў. Лукашэнка зноў наблізіў да сябе чалавека, якога беларускія праваабаронцы і міжнародныя эксперты падазраюць у арганізацыі страшэнных злачынстваў, — гэта значыць ён напляваў на грамадскую думку, на міжнародныя ацэнкі, на міжнародны рэзананс. Гэта значыць, вырашана ісці ва-банк, ісці да ўтрымання ўлады любой цаной.

Дарэчы, галоўная парада псіхолагаў, якія рыхтуюць байцоў спецназу да сілавога забяспечання «элегантнай» перамогі, — падчас акцый пратэсту не адыходзіць адзін ад аднаго, не ўступаць ні ў якія размовы, а галоўнае — не глядзець людзям у вочы. Як я звярнула ўвагу, Віктар Шэйман таксама апошнім часам стаў усё часцей хаваць вочы за акулярамі.

Р. S. На сайце агенцтва БелаПАН з’явілася інфармацыя, што кіраўнікі шэрагу ведамстваў, у тым ліку сілавых, атрымалі даручэнне адкамандзіраваць на два месяцы канкрэтных супрацоўнікаў «у распараджэнне памочніка прэзідэнта В. У. Шэймана». Размова ідзе пра людзей, «якія ў розныя гады служылі пад кіраўніцтвам свайго патрона у МУС, Генпракуратуры, Адміністрацыі прэзідэнта і Савеце бяспекі». Чым будзе займацца гэты «эскадрон» падчас выбараў — можна здагадвацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?