Новы шум вакол Някляева: у часе сустрэчы з беларускімі блогерамі лідэр кампаніі «Гавары праўду» двухсэнсоўна выказаўся па палітычна датклівым пытанні прызнання незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

Правакатыўнае пытанне задала яму блогерка lamma_mamma.

«— Калі вы прэтэндуеце на месца кіраўніка дзяржавы, значыць, у Вас ёсць сваё меркаванне пра Абхазію… Ці прызнаяце вы Абхазію?

— Я? Абхазію?! (смех у зале)

— Скажыце, вы прызнаяце яе як самастойную дзяржаву?

— Так, я прызнаЮ Абхазію. Я прызнаЮ Абхазію, таму што ведаю, што ёсць абхазы… Ёсць такая культура, ёсць такая літаратура. Я ведаю гэта і прызнаЮ, што ёсць такая Абхазія».

«Гаворка не ішла пра палітычнае прызнанне Абхазіі і Асеціі. Размова вялася пра культурнае самавызначэнне абхазскага народа, — удакладніў кандыдат у прэзідэнты карэспандэнту «Нашай Нівы». — Так, я выступаю за культурна-этнічную аўтаномію Абхазіі. Але дзяржаўныя межы Грузіі я б не парушаў», — сказаў У.Някляеў.

Аднак некаторых блогераў такая двухсэнсоўнасць абурыла. «Някляеў — гэта чалавек «ні пра што». Ты можаш мне сфармуляваць яго пазіцыю? Чалавек можа гаварыць пра ўсё, але пры гэтым — ні пра што. Пазіцыянавання няма ніякага, наогул. Ні аднаго канкрэтнага пытання, ні аднаго пэўнага адказу, дзе б там ні было», — піша эканаміст Сяргей Чалы, які браў удзел у сустрэчы як блогер.

«З піяр-гледзішча — поўная катастрофа», — мяркуе палітолаг Віталь Сіліцкі.

Абхазія і Паўднёвая Асеція былі населеныя нацыянальнымі меншасцямі, з вялікай доляй этнічна грузінскага насельніцтва. У Абхазіі грузіны складалі нават большасць. Расія падтрымала незалежніцкія рухі ў гэтых рэгіёнах, але прызнала незалежнасць гэтых лапікаў зямлі толькі пасля таго, як акупавала іх тэрыторыі. Там адбыліся этнічныя чысткі, у выніку якіх грузінская частка насельніцтва была выгнаная.

Менавіта непрызнанне незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі стала лакмусавай паперкай геапалітычнага развароту лукашэнкаўцаў. «Іх жа ніхто не прызнаў, адзін нейкі востраў толькі прызнаў», — ва ўласцівым стылі пакпіў Аляксандр Лукашэнка. Катэгарычна супраць прызнання незалежнасці гэтых краін выступілі Еўрасаюз і ЗША.

У той жа час за прызнанне Абхазіі выказваліся ў той ці іншай форме лідэр экс-камуністаў Сяргей Калякін і Сяргей Гайдукевіч. Блізкі паплечнік Калякіна Сяргей Вазняк цяпер — адзін з лідэраў кампаніі «Гавары праўду».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?