Тэма пераносу саміту СНД разьвіваецца па законах імклівага трылеру. Мала таго, што перанесены час – з 16-17 кастрычніка недзе на 28 лістапада, дык яшчэ і месца правядзеньня аказалася пад вялізным пытаньнем.

Па зьвестках расейскай газэты «Время новостей», кіраўнікам дзяржаў Садружнасьці можа быць прапанавана сабрацца ня ў Менску, а ў Алматы, дзе 15 гадоў таму і было канчаткова абвешчана стварэньне арганізацыі былых рэспублік СССР.

«З фармальнага пункту гледжаньня ў спадара Назарбаева ёсьць некалькі аргумэнтаў, каб стаяць на сваёй прапанове, – піша «ВН», – па-першае, ён зараз зьяўляецца старшынём Садружнасьці. Па-другое, менавіта яму было даручана на папярэднім саміце СНД падрыхтаваць прапановы па «выратаваньні» СНД, распрацаваць меры па больш эфэктыўным яе функцыянаваньні. І нарэшце, па-трэцяе, Нурсултан Назарбаеў, гэтак жа як і прэзыдэнты Ўзбэкістану і Туркмэніі Іслам Карымаў і Сапармурат Ніязаў, – адзіныя, хто працягвае кіраваць сваімі краінамі ўсе гэтыя 15 гадоў з таго моманту, як яны паставілі свае подпісы пад алма-ацінскай дэклярацыяй 1991 году пра заснаваньне СНД. Менавіта спадара Назарбаева з павагай, але й не бяз долі сарказму называлі ўсе гэтыя гады галоўным «інтэгратарам» на постсавецкай прасторы».

Пакуль прапанова перанесьці правядзеньне юбілейнага саміту з сталіцы СНД Менску ў Алматы публічна на афіцыйным узроўні не агучаная ні ў адной з сталіц Садружнасьці. Больш за тое, паводле інфармацыі «ВН», як у МЗС Расеі, так і ў МЗС Казахстану ніхто не рыхтуецца да гэткай зьмены сталіц. Аднак дасьведчаныя крыніцы ў гэтых ведамствах сьцьвярджаюць, што гэта ні пра што шчэ ня сьведчыць.

«Калі Аляксандар Лукашэнка не хаваў на днях свайго абурэньня з-за таго, што тэрміны саміту СНД прэзыдэнты Расеі і Казахстану перанесьлі безь ягонага ведама, імкнучыся пахаваць Садружнасьць, то якія ж словы ён адшукае, каб закляйміць таго, хто прапануе ўжо і сам саміт у яго «скрасьці?» – піша газэта.

Вядучы навуковы супрацоўнік Маскоўскага цэнтру Карнэгі Аляксей Малашэнка заўважыў у інтэрвію «Независимой газете», што «гэта наш адказ Лукашэнку, які заўжды пазыцыянаваў сябе як чалавек, не залежны ад Масквы, а апошнім часам зрабіў шэраг і ўвогуле не партэрскіх заяў, і да ўсяго гэта дыскрымінацыя Беларусі ў цэлым».

Фота photo.bymedia.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?