Афіцыйны лідэр зладзіў сустрэчу з кіраўнікамі праўладных моладзевых арганізацыяў. Уразіла лічба: спакваля дагналі колькасьць сябраў БРСМ ужо да 355 тысячаў (піянэраў дык і ўвогуле амаль што паўмільёну). За часамі Ленінскага камсамолу гэта называлася — ахоп членствам. Сапраўды, яшчэ трохі — і сягнуць на ўзровень ЛКСМБ.

У канцылярскім выразе ахоп членствам, калі ўдумацца, можна адчуць нечакана трапную мэтафару. Сапраўды, размовы пра ідэйнасьць — толькі пыл у вочы. Звышзадача — каб маладзёны і дзяўчаты былі павязаныя пэўнымі правіламі гульні, пачуваліся шрубкамі сыстэмы.

Зрэшты, нават афіцыйны кіраўнік бачыць, што копія горшая за савецкі арыгінал. "Зь ягоных слоў, — паведамляе БЕЛТА, — у камсамоле пры ўсім фармалізьме апошніх гадоў існаваньня СССР было шмат ініцыятываў, і гэтая якасьць ня мусіць быць страчаная цяперашнімі маладзёвымі арганізацыямі".

Засьведчу са свайго боку, што менавіта на сконе савецкай сыстэмы (калі лічыць, што яна сканала...) камсамол выяўляў пэўны плюралізм. У ягоны апарат таксама трапіла перабудовачная зараза. На пленумах і зьездах разгараліся дыскусіі на тэмы дэмакратызацыі, і з бонзаў часьцяком толькі пер'е ляцела.

Я тады рэдагаваў газэту "Знамя юности", якая фармальна падпарадкоўвалася камсамолу, але фактычна ператварылася ў рупар лібэральнае крамолы (выданьне, пахвалюся, без прымусу выпісвалі ці куплялі ў шапіках 700 тысячаў чалавек — болей, чым зараз "СБ").

Дык вось, рэдакцыя здолела прарваць цэнзуру ў тым ліку і дзякуючы падтрымцы з боку рэфарматарскай плыні ў апараце ЦК ЛКСМБ. Яе правадыром быў сакратар у пытаннях ідэалёгіі (!) Кастусь Астрынскі (во, ледзь не Астроскі!). Між іншым, у лік лібэральных функцыянэраў уваходзіў і Міхась Падгайны. Той самы, што потым набыў зусім іншую славу на чале Міністэрства інфармацыі. У кожнага свая эвалюцыя!

А тады, на мяжы 90-х, "Знаменка", здаецца, першай з усіх газэтаў Саюзу скасавала анахранічны дэвіз Пралетары ўсіх краінаў, яднайцеся! Мы неяк пераканалі апаратчыкаў, што гэты слоган Маркса — Энгэльса, атрыбут першай паласы ўсіх савецкіх пэрыёдыкаў, ня мае наўпроставага дачыненьня да камсамольскага жыцьця.

Наступным крокам стала скасаваньне пад тытулам выданьня радка Орган ЦК ЛКСМБ. Замест гэтага дробным шрыфтам на апошняй старонцы пазначылі, што камсамол ёсьць заснавальнікам газэты. З ЦК гэтую авантуру рэдакцыя ўзгадняць ня стала, бо зьелі б з вантробамі. Апраўданьнем жа было тое, што акурат набыў моц гарбачоўскі Закон аб друку (дарэчы, значна болей прагрэсіўны, чым цяперашні беларускі). Дык вось, панятку орган там не было, належала адно што пазначаць ў выходных зьвестках заснавальніка. Што мы дысцыплінавана і зрабілі.

Гэтакага зьдзеку — страты органа! — рэтраграды (а іх у ЦК была ўсё ж бальшыня) вытрываць ужо не маглі. Эпапея скончылася адхіленьнем вашага пакорлівага слугі ад рэдактарскай пасады. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Зараз жа пытаньне такое: вы можаце сабе ўявіць падобныя жарсьці і вольнасьці ў сёньняшнім БРСМ? Ідэя падпарадкаванасьці даведзеная да абсалюту. Функцыянэры, як робаты, прамаўляюць стандартныя фразы бяз пробліску жывой думкі. Прылізаныя апаратчыкі — поўныя антыподы такіх хлопцаў, як Зміцер Дашкевіч ці Павал Красоўскі. Але ці надта гэта цешыць афіцыйнага лідэра? Ён жа выдатна разумее, што мастакі прагінацца ніколі ня пойдуць за ідэю на эшафот.

З раба, лёкая, прыстасаванца — ня выхаваеш патрыёта. Так што застаецца цынічны ахоп членствам. Але і гэта да пары да часу. Калі пасьля путчу 1991 году стары камсамол ляснуўся разам з партыяй, не відно было, каб нехта з шараговых сябраў ліў сьлёзы. І значкі з выявай Ільіча не насілі на заплечніках — так, як цяпер, рызыкуючы дастаць па хрыбце ад амону, носяць значкі "За свабоду".

Дый камсамольскія правадыры тады таксама разьбегліся хто куды. Ніхто на ідэйныя барыкады не пайшоў. Тыя, хто найболей бэсьціў мяне як рэдактара за брак "камуністычнай сьвядомасьці", апынуліся пераважна ў камэрцыйных структурах, прадбачліва ўзгадаваных пад дахам сваёй "ідэйнай" арганізацыі за часы перабудовы. Так што мае рацыю прэзыдэнт: ініцыятыва ды творчая думка ў хлопцаў былі, толькі ў іншы бок працавалі. Нават рэфарматарскія імпульсы камсамол не ўратавалі, бо ўся сыстэма сталася гнілой.

Сёньняшняе дэжа-вю, новая спроба ахопу членствам, тым болей скончыцца пшыкам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?