Больш за траціну расейцаў – 37% – цалкам падтрымліваюць дзеяньні расейскіх уладаў у канфлікце Расеі і Грузіі. Пра гэта сьведчаць зьвесткі апошняга апытаньняня, праведзенага ў кастрычніку Ўсерасейскім цэнтрам вывучэньня грамадзкай думкі.

У ліку «найбольш правільных мераў» у дачыненьні да Грузіі 11% апытаных называюць выгнаньне за межы Расеі грузінаў-нелегалаў і закрыцьцё казіно, клюбаў і рэстаранаў, якія належаць грузінам; 5-8% рэспандэнтаў лічаць, што ўсе прапанаваныя ўладамі меры эфэктыўныя. Столькі сама апытаных мяркуюць, што правільных і эфэктыўных мераў у гэткім выпадку ня можа быць. Яшчэ 14% расейцаў кажуць, што нічога ня ведаюць пра канфлікт, а 27% вагаюцца з ацэнкамі.

Толькі невялікая колькасьць рэспандэнтаў (па 3-4%) асуджае дыскрымінацыю этнічных грузінаў, прыпыненьне транспартных зносінаў, выгнаньне нелегалаў.

Забарону на ўвоз грузінскіх вінаў, закрыцьцё казіно і рэстаранаў, якія належаць выхадцам з Грузіі, увядзеньне візавага рэжыму лічаць няправільным ня больш за 1% апытаных.

Дзеяньні расейскіх уладаў у дачыненьні да Грузіі і грузінаў лічаць «у цэлым дастатковымі і эфэктыўнымі» 40% апытаных. Недастатковымі – 27%, празьмернымі – 13%.

Найбольшая доля прыхільнікаў жорсткай лініі назіраецца сярод жыхароў Масквы і Санкт-Пецярбурга (36%), найменшая сярод жыхароў малых гарадоў і вёсак (22-23%).

Большасьць апытаных (71%) лічаць, што крызыс у дачыненьнях дзьвюх краін не паўплываў на іх стаўленьне да грамадзянаў Грузіі. Кожны чацьвёрты расеец (23%) пачаў ставіцца да грамадзянаў Грузіі горш, і толькі 2% – лепш.

Між тым, як піша «Газета», яшчэ больш радыкальнымі аказаліся вынікі апытаньня, праведзенага Цэнтрам Юр’я Лявады. Паводле гэтых зьвестак, 38% насельніцтва Расеі выступае за дэпартацыю ўсіх грузінаў, у тым ліку тых, якія маюць расейскае грамадзянства.

Кожны другі апытаны абвінаваціў улады Грузіі ў абвастрэньні дачыненьняў між дзьвюма краінамі (51%) і назваў дзеяньні Масквы годным адказам на правакацыі грузінскіх уладаў (52%). Зь іншага боку, толькі 18% апытаных расейцаў падтрымалі б правядзеньне Расеяй вайсковай апэрацыі супраць Грузіі, а 71% ставіцца да гэтай ідэі адмоўна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?