«Кантакты Расіі з беларускай апазіцыяй магчымыя. Прызнанне прэзідэнцкіх выбараў будзе залежаць не ад таго, каго абяруць, а ад справядлівасці працэдуры выбараў». Як перадае з Масквы карэспандэнт «Нашай Нівы» Зміцер Панкавец, пра гэта заявіў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Расіі Сяргей Нарышкін на сустрэчы з беларускімі журналістамі.

Яна адбылася ў Маскве сёння, 13 кастрычніка.

«Палепшыць адносіны можна і з гэтым кіраўніком», — зазначыў Нарышкін. Паводле яго слоў, для гэтага ў Мінску павінны «ўсвядоміць шкоду той палітыкі», якая ў апошні час «праводзілася ў дачыненні да саюзнай дзяржавы і расійска-беларускіх адносінаў».

У той жа час «нам не ўсё роўна, які выбар зробіць беларускі народ на прэзідэнцкіх выбарах, — заявіў Нарышкін. — Гэта шмат у чым вызначыць будучыню беларуска-расійскіх адносін», — падкрэсліў ён.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Расіі адзначыў, што ведае «сякія-такія прозвішчы» апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі, але не робіць на гэта акцэнту. «Упэўнены, што большасць беларускіх выбаршчыкаў будуць галасаваць не толькі за пэўнага кандыдата, але і за палітычны курс, якога гэты кандыдат будзе трымацца пры выбудоўванні адносін паміж нашымі краінамі», — спадзяецца Нарышкін.

Цяперашняе беларускае кіраўніцтва спрабуе растлумачыць выбаршчыкам памылкі і пралікі сваёй сацыяльна-эканамічнай палітыкі нібыта недружалюбнымі крокамі з боку Расеі, заявіў Нарышкін. Аднак, паводле яго слоў, гэта аспрэчваецца аб’ёмамі дапамогі, якую Расея аказала Беларусі за 10 гадоў, асабліва ў сэнсе паставак энерганосьбітаў. Нарышкін, у прыватнасці, назваў суму 50 млрд даляраў.

У той жа час, на думку Нарышкіна, «беларускі бок абвінавачвае расейскі ў парушэнні прынцыпаў саюзнага будаўніцтва і, па сутнасці, сабатуе буйныя праекты ў рамках саюзнай дзяржавы, — заявіў Нарышкін. — Ва ўмовах распачатай перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі папрокі ў наш адрас у апошні час перайшлі ў адкрытую лаянку і абразы расейскага кіраўніцтва. Прыкладам стала прэс-канферэнцыя Аляксандра Лукашэнкі 1 кастрычніка», — сказаў Нарышкін.

На яго думку, такія заявы «з’яўляюцца спробай разбурыць напрацаваныя сувязі, ўбіць клін у дружалюбныя адносіны паміж дзвюма краінамі».

«Шчыра хацелася б, каб у дзеяннях беларускага кіраўніцтва ўзяў верх курс на ўзаемадзеянне з Расіяй, умацаванне дружалюбных адносін, аднаўленне атмасферы даверу», — заявіў Нарышкін.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Расіі адказаў і на пытанне пра знікненне вядомых асобаў у Беларусі. Ён зазначыў, што, калі гэта пытанне не падымалася афіцыйна, то гэта не значыць, што яно не хвалюе расіян.

Адказваючы на пытанне, ці гатовая Расея будаваць новыя партнёрскія адносіны з новым прэзідэнтам Беларусі, Сяргей Нарышкін заявіў: «Расея гатовая на самае шырокае супрацоўніцтва з новым прэзідэнтам Беларусі ў духу партнёрства і адкрытасці».

* * *

Расейскія ўлады вырашылі растлумачыць сваю пазіцыю ў канфлікце з Лукашэнкам наўпрост. Журналістаў беларускіх незалежных СМІ другі раз за год запрасілі ў Крэмль. Гэтым разам з журналістамі сустрэнецца кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта РФ Сяргей Нарышкін.

Беларусаў чакаюць у рэдакцыі агенцтва РІА «Новості» 13 кастрычніка. Сярод іншых у прэс-канферэнцыі возьме ўдзел і рэпарцёр «Нашай Нівы» Зміцер Панкавец. Запрошаныя і іншыя незалежныя газеты, і інтэрнэт-парталы.

Ніякіх папярэдніх умоваў няма. Пытанні загадзя ўзгадняць не трэба.

Па запрашэнні Крамля на сустрэчу з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта РФ прыбылі 24 журналісты ад дзяржаўных і недзяржаўных СМІ. У іх ліку — прадстаўнікі газет «Белорусы и рынок», «Новы час», «Советская Белоруссия», «Народная воля», «Народная газета», «Комсомольская правда» в Белоруссии», «БелГазета», «Наша Ніва», «Звязда», інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, інфармагенцтваў ИТАР-ТАСС і БелТА, тэлеканалаў ОНТ, СТВ, «Россия», НТВ, Першага канала (Беларусь) і Першага канала (Расія), інтэрнет-сайтаў tut.by, charter97.org, imperiya.by, gazetaby.com, belaruspartisan.org, zapraudu.info.

Журналісты прыехалі за кошт арганізацый, якія іх камандзіравалі.

Нагадаем, 1 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка даў прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных СМІ, якія былі запрошаны ў Беларусь для ўдзелу ў прэс-туры. Беларускі кіраўнік рэзка раскрытыкаваў кіраўніцтва Расіі. Рэакцыяй у адказ стаў запіс 3 кастрычніка прэзідэнта РФ Дзмітрыя Мядзведзева ў відэаблогу, які ён прысвяціў двухбаковым адносінам.

Беларускіх журналістаў запрашаюць у Маскву ўжо другі раз. 23 лістапада 2009 года ў рэзідэнцыі «Барвіха» Дзмітрый Мядзведзеў упершыню сустрэўся з прадстаўнікамі недзяржаўных і дзяржаўных масмедыя Беларусі. Афіцыйна сустрэча была прымеркавана да 10-годдзя стварэння саюзнай дзяржавы, а таксама візіту Мядзведзева ў Мінск 27 лістапада для ўдзелу ў Міждзяржсавеце ЕўрАзЭС.

Падчас прэс-канферэнцыі расійскі прэзідэнт прапанаваў зрабіць зносіны з беларускімі журналістамі рэгулярнымі. «У мяне такое адчуванне, што мы мала сустракаемся, — сказаў Мядзведзеў. — А гэта не вельмі добра, таму што інфармацыя, якой павінны валодаць нашы грамадзяне, паступае да іх з нейкіх ускосных крыніцаў».

Варта зазначыць, што леташняя прэс-канферэнцыя таксама адбылася пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з расійскімі журналістамі ў Мінску (2 кастрычніка).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?