Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Уладзімір Някляеў падчас сустрэчы са студэнтамі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта 14 кастрычніка ў Вільні пракаментаваў вынесенае сёння Цэнтрвыбаркамам папярэджанне яго ініцыятыўна групе.

«Сёння спрабавалі зняць мяне. Папярэджаннем пакуль абышліся, бо рабіць такія крокі перад самым пачаткам прэзідэнцкай кампаніі з іх боку было б вялікай памылкай, і яны гэтага не зрабілі,« — заявіў Някляеў.

Палітык мяркуе, што да зняцця яго з прэзідэнцкай гонкі не дойдзе і ў будучыні, «нягледзячы на шматлікія правакацыі».

Пры гэтым, паводле слоў Някляева, беларускае заканадаўства аб выбарах само штурхае прэтэндэнтаў на крокі, якія органамі ўлады пры жаданні могуць быць расцэнены як парушэнне.

«Дзіўны ў нас закон прынялі — я павінен прасіць у чалавека за мяне падпісацца, але не маю права яго агітаваць, — сказаў Някляеў, абурыўшыся, што падчас збору подпісаў не дазваляецца агітацыя. —

Няўжо я павінен чалавеку прапанаваць паставіць подпіс, толькі паглядзеўшы на мяне — злева, справа?»

Нагадаем, папярэджанне, вынесенае ініцыятыўнай групе лідара кампаніі «Гавары праўду!» на пасяджэнні 14 кастрычніка, — першае ў гэтай прэзідэнцкай кампаніі.

Сярод зафіксаваных парушэнняў — распаўсюджванне агітацыйнай прадукцыі, вырабленай за мяжой (у Расіі), у перыяд забароны агітацыі, збор подпісаў непаўналетнімі, што забаронена законам, а таксама перадача пасведчанняў членаў групы іншым асобам.

У выбарчым штабе Някляева сцвярджаюць, што даручэнняў непаўналетнім збіраць подпісы ў сваю падтрымку ён не даваў, адмаўляюць і факт перадачы пасведчанняў трэцім асобам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?