Малое Сітна – надзвычай маўклівая вёска. Жывую гаворку ці сьмех пачуеш рэдка. Постаці вяскоўцаў прыгорбленыя, вочы амаль заўжды долу, вусны падцятыя. Справы такія, што казаць няма чаго. Ціхарацца тут дзеля прыгнечанасьці, страху ды замаскаванага пад абыякавасьць адчаю.

Умовы, праца і звычкі ў сіценцаў рабскія. Прыкрыкне на іх начальства, бы пугай хвастане, плацяць капейкі, і возяць на працу то ў вахтоўцы без тармазоў, то ў адкрытым кузаве грузавіка, то ўвогуле ў закратаванай «тэхдапамозе», што ўзімку прамярзае да шэрані на сьценах. Вось Сітна й маўчыць.

Але, калі прыслухацца, з амаль магільнае цішы точацца гукі свабоды.

Свабода гучыць у тых сама менш чатырох сіценскіх хатах, дзе настройваюць радыё «Свабода», і ў работніцкай бытоўцы, дзе зьмена сядае вакол прывезенага Вінцэсем Мудровым прымача, каб паслухаць «Праскі акцэнт».

Свабода гамоніць у Белым Доме (так тут называюць васьмікватэрны леспрамгасаўскі інтэрнат зь белае цэглы), дзе ў вітальні ў лесавіка Аляксандра наведнікаў сустракае плякат пачатку 1990-х са статуяй Свабоды й дзе насельнікі абмяркоўваюць, як памяняць мясцовую ўладу, што не рамантуе жытла, ня чысьціць студняў і не вывозіць сьмецьця.

Свабода вітае цябе пры сустрэчы зь сіценцамі дарослымі й дзецьмі, якія носяць белыя й чырвоныя значкі з крыламі «Я за свабоду!» – нягледзячы на заўвагі ўчастковага («ужо ў апазіцыю паўступалі?..») або дырэктаркі ў школе («што гэта за анцігасударсьцьвенная паліціка?!»).

Свабода сьпявае ў кампутарах ды плэерах тутэйшай маладафронтаўкі й хлопцаў зь лясьніцтва, што ўпадабалі «Песьні Свабоды»...

Па ўсёй краіне рух «За Свабоду» пакуль яшчэ не грыміць, не скандуе, не ракоча хорам – але ўжо растрэсквае тоўшчу немасьці дзясяткамі й сотнямі тысячаў пазыўных.

Свабода сыгналіць з тых вокнаў, дзе 16 дня кожнага месяца ўвечары запальваюцца сьвечкі. Свабода адгукаецца ў сэрцах тых беларусаў, хто зьбіраецца прыйсьці на суд па справе «Маладога фронту» ў якасьці сьведкаў салідарнасьці. Свабода падае голас нават з камэраў Зьмітра Дашкевіча, куды лідэра беларускай моладзі зьмясьцілі разам з хворымі на СНІД ды сухоты, Міколы Астрэйкі, у якога нарадзілася дзіця, Аляксандра Казуліна, які пачаў галадоўку пратэсту.

Але самая вялікая й розгаласная плошча Свабоды ў Беларусі (больш за 1500 квадратных мэтраў) цяпер знаходзіцца ў менскім мікрараёне Сухарава ў будынку Эвангельскай царквы «Новае жыцьцё». Былы калгасны кароўнік, перароблены хрысьціянамі праз эўрарамонт у дом малітвы, які рэжым хоча адабраць і ў якім людзі мусяць трымаць галадоўку-пост, – вось сымбаль твой, забыты краю родны! І зьвярніце ўвагу, на якой мове выраблены галоўны плякат акцыі, на якой удзельнікі галадоўкі ўсё часьцей даюць інтэрвію, на якой пачынаюць маліцца. На мове свабоды – па-беларуску.

На гэтай мове сьпяваюць музыкі-пачаткоўцы, друкуюцца значкі, саколкі ды ўлёткі, на гэтай мове гамоніць Інтэрнэт. Беларуская мова – ужо ня проста мова супраціву. Гэта мова свабоды. Мова мужнасьці. Мова веры.

Пэўна ж, калі Госпад Бог даў нам, беларусам, сваю мову – дык і зьвяртаецца Ён да нас па-беларуску.

Хто мае вушы, каб чуць – няхай чуе.

«Ня хлебам адзіным жыве чалавек...» – сьцьвярджаюць усе галадоўнікі 2006-га. «...А ўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых», – удакладняе Эвангельле (Лукі 4:4).

Бо слова, мова – гэта тое, што найболей адрозьнівае чалавека аж жывёлы і наймацней выяўляе ў ім вобраз і падабенства Божае.

А свабода...

Свабода – найвялікшае пракляцьце для чалавека, але адначасна і найвялікшае дабраславеньне. Праз свабоду выбару, вольную волю, чалавецтва ўпала ў грэх – але маюць Ісуса Хрыста – і збаўляюцца. Разам са свабодай Магутны Бог даў нам права на памылку, разам з гэтым правам – магчымасьць пакаяньня. І разам з пакаяньнем – жыцьцё вечнае ў вечнай свабодзе.

Вось чаго больш, чым хлеба, прагнуць хрысьціяне з «Новага Жыцьця». Вось за што моліцца за кратамі Зьміцер Дашкевіч. Вось да чаго прыслухоўваюцца ў галасох свабоды сіценцы, віцьбічы, менчукі.

«Дзе Дух Гасподні – там Свабода!» – кажа Біблія. А дзе Дух Божы і Слова Божае – там нацыянальнае абуджэньне.

в.Малое Сітна

P.S.:

30 кастрычніка, у Міжнародны дзень салідарнасьці з палітвязьнямі, рэжым будзе судзіць Зьмітра Дашкевіча і «Малады Фронт». Усіх беларусаў, хто разумее мову Свабоды, запрашаю аб 11 гадзіне ў Дом правасудзьдзя (вул.Сямашкі, 33) выступіць сьведкам салідарнасьці. За нашу і вашу свабоду!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?