У штогадовым пасланьні пра стан дзяржавы прэзыдэнт Джордж Буш зрабіў акцэнт на неабходнасьць зьменшыць залежнасьць ЗША ад паставак нафты з Блізкага Ўсходу. Паводле Буша, будучыня за біяпалівам новага пакаленьня і ядзернай энэргіяй.

У галоўнай частцы выступу Буш заклікаў замяніць нафту, што дзесяцігодзьдзямі была асновай амэрыканскай гаспадаркі, іншымі сродкамі энэргіі. «Амэрыка залежыць ад паліва, якое пастаўляецца зь нестабільных рэгіёнаў, — сказаў Буш. — І найлепшы спосаб забясьпечыць сябе — разьвівацца ў тэхналягічным кірунку».

Прэзыдэнт паставіў задачу да 2025 г. скараціць пастаўкі нафты з Блізкага Ўсходу ў Амэрыку на 75%.

Каб гэта адбылося, Буш прапанаваў значна павялічыць фінансаваньне дасьледаваньняў альтэрнатыўных крыніц энэргіі сонцы і ветру, а таксама «чыстай» ядзернай энэргіі і каменнага вугалю. Апроч гэтага, Буш выступае за павелічэньне вытворчасьці аўтамабіляў на вадародным паліве, а найперш на «паліве новага пакаленьня» — маецца на ўвазе этанол, выраблены ня толькі з кукурузы, як цяпер робіцца ў Амэрыцы, але і з адкідаў дрэвапрамысловасьці. Дагэтуль вытворчасьць біяпаліва была нявыгадная, бо сама патрабавала зашмат энэргіі. Буш запэўніў, што «наша мэта — стварэньне таннага і практычнага этанолу на працягу шасьці гадоў».

Летась цэны на паліва, а значыць, і на бэнзін, дасягнулі рэкорднага ўзроўню, што стала шокам для закаханай у аўтамабілі Амэрыкі. Паступовая дэстабілізацыя Блізкага Ўсходу, справакаваная вайной у Іраку і крызісам вакол Ірану, а таксама ўраганы, што спустошылі нафтапрамысловыя цэнтры на поўдні ЗША, прывялі да таго, што тэма пошукаў альтэрнатыўнага паліва стала цяпер больш актуальная.

«Праз разьвіцьцё новых тэхналёгіяў Амэрыка рэзка палепшыць стан навакольнага асяродзьдзя, адмовіцца ад нафтазалежнай гаспадаркі, а наша залежнасьць ад Блізкага Ўсходу стане гісторыяй», — дэкляруе Буш.

Морт Кондрак, рэдактар «Фокс Ньюз», пракамэнтаваў выступ Буша так: «Дагэтуль Буш хутчэй выступаў за павелічэньне здабычы нафты, а тут раптам прапанаваў тэзісы, проста жыўцом вырваныя з праграмы Джона Кэры».

Прыхільныя Бушу журналісты «Нью-Ёрк Таймз» адразу заўважылі, што памяншэньне залежнасьці Амэрыкі ад нафты з Блізкага Ўсходу — зусім не такая амбітная мэта, як можа падацца, бо зараз ЗША маюць адтуль усяго 20% ужыванай нафты, а большую частку імпартуюць з Канады і Мэксыкі.

Апроч таго, Буш не рашыўся зачапіць амэрыканскія аўтамабільныя канцэрны шляхам, напрыклад, павелічэньня падаткаў на аўтамабілі, што жаруць зашмат бэнзіну. «Насамрэч, у дакладзе бракавала значных правакацыйных захадаў, якімі поўніліся даклады папярэдніх пяці гадоў», — камэнтуе «Нью-Ёрк Таймз».

Воплескі і маўчаньне

Даклад пра стан дзяржаўных спраў — гэта штогадовы спэктакль. Падчас яго прэзыдэнт у тэлевізійны прайм-тайм зьвяртаецца да абедзьвюх палатаў парлямэнту. Калі ён уваходзіць у залю, яго вітаюць воклічы захопленых прыхільнікаў, а падчас прамовы амаль пасьля кожнага сказу выбухаюць чарговыя воплескі. Апазыцыя часам таксама падымаецца зь месцаў, але хутчэй з пачуцьця ветлівасьці. А зазвычай, асабліва калі воплескамі сустракаюць найбольш балючыя палітычныя тэмы, сядзіць, сьцяўшы вусны. Цяпер так было, калі Буш гаварыў пра працяг праграмы мажлівасьці падслухоўваньня размоваў у справах, зьвязаных з тэрарызмам, без дазволу судзьдзяў, альбо падчас прызначэньня новых судзьдзяў-кансэрватараў у Вярхоўны суд.

Падчас амаль гадзіннай прамовы, прысьвечанай замежнай палітыцы, Буш зьвярнуўся да бягучых палітычных праблемаў. Заклікаў «Хамас» вырачыся тэрарызму і прызнаць Ізраіль. Зьвярнуўся непасрэдна да «жыхароў Ірану» з такімі словамі: «Амэрыка шануе вас і шануе вашу краіну. Мы паважаем вашае права выбару ўласнай будучыні і ўласнай свабоды. А наш народ мае надзею, што прыйдзе дзень, калі мы будзем сябраваць са свабодным і дэмакратычным Іранам».

Такім чынам Буш сыгналізуе іранцам, што змаганьне ягонай адміністрацыі з іранскай ядзернай праграмай і пагроза ўвядзеньня дыпляматычных санкцый накіраваная супраць вузкай тэакратычнай клікі, што кіруе Іранам, а ня супраць іранцаў увогуле. Экспэрты ў справах Ірану даўно характарызуюць іранцаў як нашмат больш лібэральнае і празаходняе грамадзтва, адкрытае ідэям свабоды і дэмакратыі, чым гэтага хацелася б ісламскім фундамэнталістам.

Кажучы пра краіны, якія церпяць з прычыны недахопу дэмакратыі, Буш назваў Сырыю, Паўночную Карэю, Іран, М’янму і Зымбабвэ. Пра Беларусь не сказаў ні слова.

АД; паводле gazeta.pl

Фота www.whitehouse.gov

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0