Мінскія праваахоўнікі выкрылі серыйнага маньяка, які на працягу 90-х гадоў мінулага стагоддзя здзейсніў як мінімум дзесяць згвалтаванняў малагадовых дзяўчынак ва ўзросце ад 8 да 13 гадоў.

Як стала вядома інтэрнэт-газеце Naviny.by, падазраваны ў гэтых злачынствах быў арыштаваны пракуратурай Мінска яшчэ 12 лютага гэтага года. Аднак толькі цяпер сталі вядомыя вынікі найскладанейшых экспертызаў, якія дазволілі крыміналістам зрабіць выснову аб тым, што абвінавачаны — той самы мінскі маньяк па мянушцы Брудны. Так яго празвалі сталічныя вышукоўцы, якія беспаспяхова спрабавалі знайсці злачынцу пачынаючы з 23 красавіка 1992-га, калі быў зарэгістраваны першы выпадак нападу на дзіця. У тым жа годзе — 3 верасня і 25 лістапада — ахвярамі сталі яшчэ дзве дзяўчынкі.

У 1993 годзе маньяк выходзіў на сваё «паляванне» двойчы — 1 лютага і 9 красавіка. У 1994-м на яго сумленні згвалтаванні, здзейсненыя 14 студзеня і 7 лістапада. Яшчэ тры злачынствы адбыліся ў 1995 годзе — 23 лютага, 25 красавіка і 6 верасня.

Пакуль гаворка ідзе толькі пра гэтыя эпізоды. Хоць ёсць падставы лічыць, што іх нашмат больш. Практычна ва ўсіх выпадках педафіл дзейнічаў па адным сцэнары.

Маньяк высочваў дзяцей, якія вучыліся ў першую змену; бацькі, як правіла, былі на працы.

Калі яны вярталіся дадому са школы, ён ішоў за імі да дзвярэй кватэры. Часам ён звяртаўся да сваіх ахвяраў з просьбай зайсці патэлефанаваць або напісаць запіску суседзям, якіх нібыта не было дома. Галоўнае для яго было пераканацца, што дарослыя ў кватэры адсутнічаюць. Што было далей, мовай міліцэйскіх пратаколаў называецца «згвалтаваннем у натуральнай і вычварэнскай форме».

Вядома пра дзве «няўдачы» маньяка. У першым выпадку дома апынуўся бацька юнай школьніцы, які па-свойму разабраўся з няпрошаным госцем, і той вымушаны быў адступіць з сіняком пад вокам і драпінамі на шчацэ. У другім за дзіця заступілася аўчарка. Ад той сустрэчы з сабакам у маньяка на назе павінныя былі застацца сляды іклаў.

У мінскіх вышукнікоў не было сумневаў, што дзейнічае адзін і той жа чалавек. Аднак ахвяры праз розны ўзрост і стан шоку апісвалі маньяка па-рознаму. Са словаў пацярпелых было складзена чатыры фотаробаты, але карысці ад іх не было. Некалькі дзяўчынак сцвярджалі, што «дзядзька быў неахайна апрануты і ад яго дрэнна пахла». Адсюль і мянушка маньяка — Брудны.

Не выключана, што пасля сустрэчы з сабакам мінскі маньяк змяніў тактыку. У 1996 і 1998-м у сталіцы зарэгістравалі яшчэ некалькі выпадкаў гвалту над малалетнімі дзяўчынкамі.

У кватэры ён больш не пранікаў, а сваіх ахвяр выбіраў на вуліцы. Так, напрыклад, 15 снежня 1998 педафіл са словамі «Будзеш крычаць — заб’ю» узяў за локаць дзяўчынку, якая стаяла ля камерцыйнага кіёску, і праехаў з ёй на тралейбусе некалькі прыпынкаў. Малая ад нечаканасці і страху моўчкі выконвала загады мужчыны ў скураной куртцы і вязанай шапачцы. Па дарозе ён расказваў, што развёўся з жонкай, павінен перадаць ёй і дзецям грошы. Затым зацягнуў ахвяру ў пад’езд, увайшоў у ліфт і націснуў кнопку апошняга паверху…

Следства, па сутнасці, толькі пачалося. Пра падазраванага вядома пакуль няшмат. Яму 40 гадоў, да арышту працаваў кіроўцам у кампаніі, якая спецыялізуецца на перавозках грузаў па Беларусі, краінах Еўропы і СНД. Таксама інфармацыя для разваг, якая, не выключана, можа растлумачыць, чаму напады на дзяцей у Мінску спыніліся. Ці не пачаліся яны ў іншых краінах?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?