Прэтэндэнт у прэзідэнты прадпрымальнік з Віцебска Уладзімір Правальскі заявіў пра выкраданне брата Юрыя.

Як паведаміў сайту «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Правальскі, яго брата Юрыя затрымалі 15 кастрычніка на вуліцы, калі ён вяртаўся з працы. Паводле слоў Правальскага, да яго брата пад`ехала машына, з яе выйшлі чатыры супрацоўнікі міліцыі, без тлумачэнняў затрымалі Юрыя і адвезлі ў Першамайскі РАУС Віцебска.

«У вечар затрымання мы высветлілі толькі тое, што брат у Першамайскім РАУС. Прычын затрымання нам ніхто не назваў, і наогул супрацоўнікі райаддзела заявілі, што Юрыя Правальскага ўжо павезлі ў ізалятар часовага ўтрымання. Мы накіраваліся туды, але там брата не было. Вярнуліся ў райаддзел. Я напісаў скаргу на імя начальніка — чаму нас падманваюць і не гавораць, што здарылася. Назаўтра, у суботу, мы зноў прыехалі ў міліцыю. І тут мне пашанцавала — я ўбачыў Юрыя, якога кудысьці вялі, і ён паспеў крыкнуць, што яму хочуць зрабіць укол», — сказаў Правальскі.

Прэтэндэнт у прэзідэнты лічыць, што яго брата выкралі, бо сваякам не гаварылі, ні дзе ён знаходзіцца, ні прычын затрымання. Уладзімір Правальскі лічыць, што гэта было зроблена, каб перашкодзіць збору подпісаў за вылучэнне яго кандыдатам на пасаду прэзідэнта.

Правальскі звярнуўся ў незалежныя СМІ, чаго ніколі не рабіў раней, бо на дапамогу афіцыйных структур ужо не разлічваў. Літаральна праз паўгадзіны пасля таго, як звесткі аб затрыманні брата з`явіліся ў інтэрнэце, Юрыя адпусцілі (16 кастрычніка прыблізна ў 14.00).

«Мае сваякі — члены маёй ініцыятыўнай групы. І замест таго каб збіраць подпісы, што асабліва эфектыўна ў выхадныя, мы павінны былі суткі займацца пошукамі Юрыя. Ён расказаў, што ў міліцыі на яго не склалі ні аднаго пратакола і нават не растлумачылі, чаму затрымалі. Я падаю заяву ў Генеральную пракуратуру, бо лічу, што гэта была антызаконная спроба перашкодзіць асобе, якая вылучаецца на пасаду прэзідэнта», — заявіў Правальскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?