Цэнтрвыбаркам выкарыстоўвае розныя падыходы да прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта.
Пра гэта заявіў адзін з каардынатараў кампаніі «За справядлівыя выбары» лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін 19 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Палітык нагадаў, што 14 кастрычніка Цэнтрвыбаркам вынес папярэджанне ініцыятыўнай групе лідара кампаніі «Гавары праўду!» Уладзіміра Някляева.

«Аднак да нас ідуць звароты грамадзян, якія ўказваюць на парушэнні заканадаўства з боку ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі», — сказаў ён.

У прыватнасці, паведаміў Калякін, 6 кастрычніка ў Магілёве на пляцоўцы перад абласным лячэбна-дыягнастычным цэнтрам праводзіўся збор подпісаў асобамі, якія не з’яўляюцца членамі ініцыятыўнай групы Лукашэнкі. У гэты ж дзень збор подпісаў за вылучэнне Лукашэнкі таксама не членамі ініцыятыўных груп праводзіўся ў некалькіх месцах у Мінску.

Палітык паведаміў таксама пра факты ўдзелу адміністрацый розных устаноў у зборы подпісаў. У прыватнасці, 4 і 5 кастрычніка ў галоўным корпусе Беларускага ўніверсітэта транспарту ў Гомелі подпісы сярод студэнтаў збірала асабіста прарэктар па выхаваўчай працы Галіна Чаянкова.

Калякін зазначыў, што паведамленні пра парушэнні «паступаюць з розных рэгіёнаў, што сведчыць пра іх маштабны характар».

Палітык паведаміў, што цэнтральны камітэт партыі «Справядлівы свет» ужо накіраваў у Цэнтрвыбаркам заяву з просьбай прыняць меры ў дачыненні да парушальнікаў палажэнняў Выбарчага кодэкса.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?