Суддзя Кірыл Палулех прызнаў паэта і актывіста кампаніі «Гавары праўду» вінаватым у парушэнні артыкулу 380 Крымінальнага кодэкса (падробка, выраб, выкарыстанне або збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў). Мелася на ўвазе даведка пра прыбыткі, афармляючы якую, Башура няслушна пазначыў лічбы сваіх заробкаў. Як ён сцвярджаў — проста памыліўся.

Міхась Башура адразу пасля вызвалення.

Міхась Башура адразу пасля вызвалення.

«Але гэтая памылка не прывяла да таго, што камусьці давялося два з паловай месяцы туляцца па ізалятарах. Да гэтага прывялі шматлікія памылкі органаў папярэдняга дазнання», — адзначыў Башура ў сваім апошнім слове. .

Таксама Башура заявіў, што ніякай выгады ад гэтай падробкі ён не атрымаў. Насамрэч, у часе суда абарона адзначала, што для атрымання льготнага крэдыту сума прыбыткаў мае быць якнайменшая, а падсудны пазначыў у даведцы большую.

«Што ж выходзіць? Злачыннага намеру не было, выгады не атрымаў, шкоды не нанёс. Прашу высокі суд мяне апраўдаць», — казаў Башура. Пры канцы выступу ён прачытаў два свае вершы. Першы, «Шумяць намоклыя лісты…» раней ужо друкаваўся. Другі верш, «Малюнак» Башура напісаў на Валадарцы. Прысутны ў зале суда Уладзімір Някляеў выгукнуў: «Малайчына!» Слухачы, што прыйшлі падтрымаць Башуру, віталі вершы воплескамі.

Але ў тое, што падсуднага вызваляць у дзень вынясення прысуду, слаба верылася. Асабліва пасля формулы «віна пацвярджаецца ўсёй сукупнасцю сведчанняў» з вуснаў суддзі. Пракурор патрабаваў пакараць Башуру паўгодам арышту, але канчатковы

вырак быў больш мяккі: штраф у памеры 500 базавых велічыняў (17 мільёнаў 500 тысяч рублёў)
. «Некаму 500-даляравы заробак на цэлы год», — жартавалі пасля суда.

Міхась Башура і яго адвакат Тамара Сідарэнка бліжэйшым часам вырашаць, ці будуць яны абскарджваць прысуд.

На пытанне, ці лічыць ён сваю справу палітычна матываванай, Башура сказаў, што

следчыя на допытах не хавалі сувязі яго ўдзелу ў кампаніі «Гавары праўду» з судовым пераследам.

Аднак спыняць сваю грамадскую актыўнасць ён не збіраецца. Башура плануе абнародаваць тое, пра што дазнаўся ў зняволенні. «У беларускіх турмах паміраюць здаровыя людзі. Літаральна нядаўна два чалавекі памерлі на Валадарцы», — казаў ён.

Башура адзначыў, што вызваленне стала магчымым дзякуючы ўвазе СМІ да яго справы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?