Жылы будынак былога кляштару базылянаў у Воршы перададзены ў карыстаньне Сьвята-Пакроўскаму праваслаўнаму жаночаму манастыру, што ў Талачыне.

Выдатны помнік архітэктуры XVIII ст.пасьля высяленьня зь яго ў 1989 г. жыхароў ды мастацкіх майстэрняў, знаходзіўся ў занядбаным стане. Два гады таму пасьля сьнежнай зімы ён наагул застаўся бяз даху. Уласьнік будынку – дзяржаўнае прадпрыемства «Воршакамгас» – праз увесь час гаспадараньня так яго і не закансэрвавала. Летась ён быў перададзены Аршанскаму дабрачыньню, але і ў таго рукі да будынка не даходзілі. Сёлета будынак перадалі манашкам з суседняга раёну. Яны, у адрозьненьне ад мужчынаў, гаспадарчыя справы робяць хутка і добра. Да таго ж, у талачынскіх матушак ёсьць багаты фундатар з Масквы. Мо дзякуючы яму адновіцца былая веліч і прыгажосьць аршанскіх базылянскіх муроў. Там маюць адкрыць сацыяльны прытулак для нямоглых старых ды невялічкую школу для дзяўчынак-сірот.

За некалькі тыдняў насельніцы манастыра і добраахвотнікі прыбралі сьмецьце з будынка ды паставілі дзьверы. Але іх зьдзіўляла і абурала, што і ў час гэтай працы сюды заходзілі без усялякага сораму п’яныя маладзёны зь вядома якімі патрэбамі. І гэта пры тым, што побач знаходзіцца гмах Аршанскага ГУУС.

Плянуюць манашкі пабудаваць побач і невялікі храм. Магчыма, некалі паўстане ў сваім былым харастве велічная царква Апекі Маці Божай – выдатны помнік архітэктуры барока XVIII ст.

Яна была зруйнаваная ў 1969 г. На пачатку 1990-х гадоў побач з жылым будынкам кляштара пачалося будаўніцтва ізалятара часовага ўтрыманьня ГУУС. Ён павінен быў закрануць і частку разбуранай царквы. Але тады на хвалі абурэньня грамадзкасьці будаўніцтва прыпынілі. Сёлета ж яно зноў аднавілася.

На зварот мясцовых краязнаўцаў і грамадзкіх актывістаў міліцэйскія начальнікі адказвалі, што ІЧУ вельмі патрэбны гораду, бо стары, разьмешчаны у самым цэнтры гораду, даўно не адпавядае ніякім нормам. Сярэднесутачная напаўняльнасьць яго складае 125 чалавек на 35 месцаў. Пра жудасныя ўмовы ўтрыманьня там затрыманых правапарушальнікаў, дарэчы, добра ведама асобным падпісантам калектыўных зваротаў. Падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі некаторыя адседзелі там па 5–7 сутак.

Аршанская інтэлігенцыя працягвала біць ва ўсе званы – куды толькі мага скіравалі былі калектыўныя звароты. Бо будаваць вязьніцу на месцы храма сапраўднае дзікунства. Тым больш разбурэньне падмуркаў хрысьціянскай царквы напярэдадні правядзеньня ў Воршы Першага рэспубліканскага фэстывалю «Беларусь праваслаўная» было б незразумелым і нелягічным учынкам. Некалькі разоў зьбіраліся на нарады высокія камісіі. Нарэшце вынесена рашэньне падмуркі царквы захаваць, надаўшы ім статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Ізалятар пастанавілі пабудаваць побач.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?