Аўтар з вельмі своеасаблівым паэтычным голасам апублікаваў свае новыя вершы пасля доўгага маўчання.


Доктар! Роды новыя прымай!

Міхалінай кліча

мяне калгас «Прагрэс».

З кошыкам аднойчы

я шыбую ў лес.

Тут бамбавозы хмарай,

помню, гулі.

Над чарапамі зараз

гудуць чмялі.

Паспелі арэхі,

гараць агні рабін.

І хоць бы для пацехі — баравік адзін.

Вавёрка танцуе

уверсе, дзе дубы.

Ох, нешта не шанцуе

мне на грыбы.

Чаму я не ў Парыжы?

Навошта гэты дуб?

І тут пад кепкай рыжай

угледзела я чуб.

Маліннік можа сведчыць:

там, дзе ўгрэўся мох,

як партызан-разведчык,

той чуб — Змітрок — залёг. Вось бы мне прывабіць

таго прыгажуна.

І я… зрабіла выгляд,

што ў лесе я адна.

Скідаю я абнову.

Накрыла хусткай твар — і у касцюме Евы

Лаўлю пупком загар.

Ляжу так. Загараю.

А грудзі — што званы.

Змітрок мой падпаўзае

і — шусь свае штаны.

Я штурх яго рукамі,

а ён мяне — ў палон.

І зазваніў званамі,

і разбудзіў мой звон.

З тае пары зацірку

есць маю Змітрок

з фарфоравай талеркі,

дзе сіні абадок.

Дабрэннейшага мужа

упалявала я.

Ён працавіты дужа,

дружная й сям’я.

У хаце званочкам — шустрая дачка.

А хоча муж сыночка,

авось дасць Бог сынка!

Няп’юшчай муж пароды

і не гультай.

Доктар! Роды

новыя прымай!

Па снезе

(1955 год. Я, санфельчар сельскай бальніцы, іду ў школу, каб правесці з вучнямі заняткі па

комплексе ГСА — гатоў да санітарнай абароны).

Малаком белізна

разлілася вакол.

Вунь бяжыць ад гумна

сцежкі вузкае ствол.

Журавель вунь з вядром

захісталі вятры.

Вунь глядзіць пузыром

прасціна на шнуры…

Санны полаз дугой

запаўзае ў кусты.

У кішэні маёй

два пакеты-бінты.

З кожным крокам бліжэй

мой у школе ўрок,

беганіна дзяцей

і зазыўны званок.

Ў клас зайду я царом.

Будуць ведаць усе,

як раненне бінтом

абвязаць на назе,

як суняць той ручай,

што каліны ярчэй

(каб не трапіць у рай) — навучу я дзяцей.

Вучаніца адна

там ёсць — Божухна мой!

Жах наводзіць яна

сваёй юнай красой.

А краса — быццам крык.

Тым я ўскрыкам жыву.

З-за яе пад цягнік

суне хтось галаву.

Мой глыбокі уздых…

Эх, каб я быў не я, — мы б злавілі ўдваіх

разам з ёй салаўя!

Зноў убачыў за шклом

яе твар — у акне.

Рассякла, бы мячом

яна ўсмешкай мяне…

О, каб я быў герой!

Каб жа я быў не я, — мы б злавілі зімой

разам з ёй салаўя!

Ружа

І

Я ў школу бягом,

каб паспець на ўрок.

А ля школы — дзетдом

і дзяцей табунок.

Сярод іх — і ЯНА,

хто за партай са мной.

Не спазняюся я,

раз ЯНА тут з дзятвой.

Суцішаю свой бег. Абапёрся аб воз.

Даляцеў ЯЕ смех

ад зжаўцелых бяроз.

Развязаўся шнурок

на бацінку ЯЕ.

Зробіш крок, а ён скок:

крок зрабіць не дае.

Стан сагнула ЯНА.

Свой партфель — убачок.

І рукамі дзвюма

хоп за той завіток.

О ты Божухна мой!

Які быў артыстызм!

Як жа спіна дугой

нахілілася ўніз!

Тут я маху не даў.

Мой учынак такі:

ружу вокам сарваў

з яе мілай шчакі.

Мне бяда — паўбяды:

я ж з той ружай багач.

Схаваў руку — куды?

Здагадайся ж, чытач!

Завязала шнурок.

Паглядзела кругом.

І пайшла на ўрок

паўз калодзеж з вядром.

А за ЁЮ праз міг

па лісці, па агнях,

затаіўшы свой дых,

і я рушыў у шлях.

Нёс я торбу. А ў ёй — кніжкі, кляксы, пяро,

вінт з сарванай разьбой

і ляза вастрыё.

Мне дванаццаты год.

Прылаўчыўся чытаць:

як асколкі — у рот

знакі-кулі ляцяць!

Стройных клёнаў кастры

лютавалі ўгары.

А на шэрым жвіры — нібы колер зары.

Нібы шчасця збанок

ўвесь я выпіў да дна — завязала ж шнурок

спрытным рухам ЯНА!

Будзе некалі знаць,

хто шчаслівы такі.

Удалося ж сарваць

ружу мне са шчакі!

ІІ

Дзяцел долатам б’е,

і дзяўбе, і дзяўбе.

Раздрабіў цішыню,

стукам лечыць сасну.

Адшугалі агні,

ападаюць на дол.

Дух прыемны, лясны,

дух смалісты вакол.

Вадаспады агнёў

з шалясценнем — уніз.

О, як шмат жалудоў

холад ноччу адгрыз!

Хмыз хавае лісу.

Адцвілі верасы.

Ну й апенак — касу

запускай і касі!

Дзяцел долатам б’е,

і дзяўбе, і дзяўбе.

Раздрабіў цішыню,

стукам лечыць сасну.

Бачу зноў цябе, лес,

толькі ў сумным святле.

Пад твой кіну навес

думы-мары свае.

Ўчора лёг я набок

і не спаў дапазна:

завязала ж шнурок

на бацінку ЯНА.

І я маху не даў.

Мой учынак такі:

ружу вокам сарваў

з яе мілай шчакі.

Дрэва, птушка і звер!

Знайце: нібы красу,

тую ружу цяпер

я па лесе нясу!

Дзяцел долатам б’е,

і дзяўбе, і дзяўбе.

Раздрабіў цішыню,

стукам лечыць сасну.

Сумны клін жураўлёў

у блакіце плыве.

Вадаспады агнёў — на пажухлай траве.

Шэпчуць лісцяў агні,

колюць хмызу шыпы.

І куды ні зірні — чарапы… чарапы…

З акружэння байцы

выбіваліся тут.

Немцы іх — у шчыпцы.

«Рус, здавайся!», «Капут!»

А патронаў няма,

толькі дзесяць штыхоў.

……………………

І не будзе пісьма

і праз сотню гадоў.

Дзяцел долатам б’е,

і дзяўбе, і дзяўбе,

раздрабіў цішыню,

стукам лечыць сасну.

Скокнуў з клёна лісток,

дакрануўся да пня.

Вельмі ж спрытна шнурок

завязала ЯНА…

І я маху не даў.

Мой учынак такі:

ружу вокам сарваў

з яе мілай шчакі.

Не завяне павек

кветка-ружа мая

Праз нягоды і здзек

яе вынесу я.

З тою ружай мне жыць.

З ёй ісці цэлы век.

У глыбінях душы

тая ружа павек!

Дзяцел долатам б’е,

і дзяўбе, і дзяўбе,

раздрабіў цішыню,

стукам лечыць сасну…

26.ІІ.2010 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?