Актывіст кампаніі "Гавары праўду!" Міхаіл Башура мае намер абскардзіць рашэнне суда Савецкага раёна Мінска, які аштрафаваў яго на 500 базавых велічыняў (17,5 млн. рублёў). Пра гэта ён заявіў 20 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

"Мы абмеркавалі з адвакатам сітуацыю і вырашылі падаваць касацыйную скаргу. Рэч нават не ў штрафе, а ў тым, што мая віна лічыцца судом даказанай", — сказаў Башура.

Актывіст кампаніі лічыць прысуд "незаконным і палітычна матываваным".

19 кастрычніка суддзя Кірыл Палулех прызнаў Башуру вінаватым на падставе дзвюх частак артыкула 380 Крымінальнага кодэкса (падробка, выраб, выкарыстанне або збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў). Актывіст апазіцыі абвінавачваўся ў тым, што для атрымання льготнага крэдыту на будаўніцтва кватэры ён падаў падробленую даведку аб даходах. Названы артыкул прадугледжвае пакаранне да трох гадоў пазбаўлення волі. Дзяржаўны абвінаваўца Галіна Корнева прасіла прыгаварыць Башуру да шасці месяцаў арышту.

Башура ўтрымліваўся пад вартай з 6 жніўня 2010 года. Аднак, улічваючы асобу абвінавачанага і тое, што ён раней не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і мае на ўтрыманні непаўналетнюю дачку, Палулех прызначыў пакаранне Башуры ў выглядзе штрафу ў 500 базавых велічынь (17,5 млн. рублёў). Актывіст апазіцыі быў вызвалены з-пад варты у зале суда.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?