Cёння ў вёсцы Гарадок Маладзечанскага раёна пражывае 480 чалавек. Яшчэ 100 гадоў таму жыхароў у Гарадку было 2,5 тысячы. Там знаходзiлася валасное ўпраўленне, 2 праваслаўныя царквы, дзве сiнагогi, браварня, 22 лаўкi, 3 карчмы, пастаялы двор, народнае вучылiшча, млын. Пра яго — млын — i пойдзе далей наша гаворка.

Узведзены каля 100 гадоў таму, млын доўгi час выкарыстоўваўся па прызначэнню. З усталяваннем савецкай улады будынак прыйшоў у заняпад. Пасля вайны мясцовы калгас сабраўся перанесцi туды сваю кантору, але рамонт так i не быў даведзены да канца. Шмат гадоў млын пуставаў, драхлеў. Сёння ад яго застаўся толькi «шкiлет» — самi сцены i перакрыццi паверхаў, ды дзе-нiдзе — элементы столевай аздобы. Аднак узведзены ён быў настолькi дабротна, што пры адпаведным рамонце можа прастаяць яшчэ 100 гадоў.

Пейзажы ля Гарадка дзiвосныя, проста просяцца на палатно мастака (прынамсi, майстры пэндзля рэгулярна прыязджаюць сюды на пленэр). Побач возера з лебедзямi, лясы, багатыя на грыбы i ягады. Шыкоўныя краявiды. Акрамя таго, на тэрыторыi ўсяго Гарадоцкага сельсавета няма прамысловых прадпрыемстваў, якiя псавалi б экалогiю. Прырода стварыла ўсе патрэбныя ўмовы для развiцця ў Гарадку сельскага экатурызму.

Ёсць i канкрэтныя варыянты, усе як адзiн «завязаныя» на будынку былога млына.

— Толькi з пачатку гэтага года да мяне звярнулася 6 чалавек з просьбай прадаць iм млын, — дзелiцца старшыня Гарадоцкага сельскага Савета дэпутатаў Пётр Мароз. — Адзiн сабраўся арганiзаваць там дыскатэку, другi — адкрыць магазiн. Аднак усё гэта ў нашай вёсцы ўжо ёсць. Самым прывабным i змястоўным аказаўся варыянт, прапанаваны адной мiнскай фiрмай будаўнiчага профiлю. У яе кiраўнiцтва ўзнiкла iдэя стварыць у Гарадку турыстычную зону, узяўшы за аснову будынак млына. Яны прадставiлi разгорнуты бiзнэс-план, дзе на тэрыторыi ў два гектары прадугледжана рэканструкцыя будынка млына i ператварэнне яго ў гасцiнiцу, узвядзенне хатак-зрубаў (жылая зона), стварэнне пякарнi, тракцiра, лазнi (этнаграфiчная зона), двух аўтастаянак. Усё гэта, натуральна, на фоне добраўпарадкавання прылеглай тэрыторыi, азелянення, разбiўкi клумбаў...

Арганiзацыя звярнулася ў сельвыканкам з пiсьмовай просьбай аб продажы будынка млына, гарантуючы, што пры правядзеннi рэканструкцыi не будзе зменена i парушана архiтэктурная цэласнасць дадзенага раёна забудовы, што фасады будынка i архiтэктурна значныя элементы захаваюцца ў гiстарычным выглядзе. Прыняцце станоўчага рашэння па гэтаму пытанню, напiсана ў звароце, дасць магчымасць стварыць дадатковыя працоўныя месцы для вяскоўцаў, павялiчыць аб’ёмы падатковых плацяжоў у мясцовы i рэспублiканскi бюджэты, уключыць Гарадок у спiс турыстычных маршрутаў краiны. Гэта, бясспрэчна, паспрыяе прыцягненню замежных i беларускiх турыстаў i развiццю сельскага турызму ў канкрэтнай мясцовасцi. Водны млын можа стаць вiзiтнай карткай не толькi вёскi Гарадок, але i ўсяго Маладзечанскага раёна.

Падтрымала iнiцыятыву i ўпраўленне культуры Мiнаблвыканкама: «Цэнтр сельскага i этнаграфiчнага турызму ў вёсцы Гарадок будзе спрыяць вывучэнню i папулярызацыi гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублiкi Беларусь, а таксама развiццю iнфраструктуры Мiнскай вобласцi. Улiчыўшы, што водны млын вёскi Гарадок Маладзечанскага раёна не ўваходзiць у Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублiкi Беларусь, пытаннi адчужэння дадзенага аб’екта ўваходзяць у кампетэнцыю мясцовых выканаўчых органаў».

Iдэя стварэння ў Гарадку турыстычнай зоны старшыню зацiкавiла, i ён ушчыльную заняў-ся пытаннем магчымага продажу будынка. Высветлiлася, што некалi млын знаходзiўся на балансе Дзяржаўнага музея гiсторыi беларускай лiтаратуры, аднак у сярэдзiне 80-х быў перададзены сельвыканкаму, што пацвярджае акт аб перадачы — адзiная афiцыйная папера, якая была аформлена на гэты будынак. Пятру Марозу трэба было добра пакруцiцца, каб сабраць увесь патрэбны для такога аб’екта пакет дакументаў. Акрамя нерваў i часу, падобныя клопаты патрабавалi i грашовых затрат (каля 2 мiльёнаў рублёў). На год сельвыканкаму, на тэрыторыi якога знаходзiцца 17 населеных пунктаў, на добраўпарадкаванне ўсяго выдаткоўваюць 3 мiльёны рублёў. Натуральна, дзве трэцi з iх патрацiць на афармленне дакументаў немагчыма — у сельсавеце шмат iншых патрэб. Старшыня знайшоў выйсце — аб’явiў збор металалому. За некалькi месяцаў патрэбная сума была знойдзена, а дакументы аформлены.

Акрылены поспехам, Мароз звярнуўся ва ўпраўленне эканомiкi Маладзечанскага райвыканкама, каб атрымаць кансультацыю, што ж яму рабiць далей. Там яму растлумачылi, што паводле iснуючага заканадаўства (у прыватнасцi, Закона «Аб прыватызацыi») сельвыканкамы не маюць права распараджацца дзяржаўнай маёмасцю, якая знаходзiцца ў iх на балансе. Адно з выйсцяў, якое агучылi ў райвыканкаме, — перадаць млын на баланс Маладзечанскай ЖКГ, якая зможа давесцi справу да аўкцыёна. Камунальныя службы ў сваю чаргу павiнны будуць перааформiць усе сабраныя старшынёй паперы. Зноў жа заплацiць грошы. I гэта пры ўмове, што ў «камунальнiкаў» узнiкне жаданне ўсiм гэтым займацца.

Разгублены старшыня адправiў запыт у Мiнiстэрства эканомiкi: «У адпаведнасцi з Законам Рэспублiкi Беларусь «Аб аб’ектах, якiя знаходзяцца толькi ва ўласнасцi дзяржавы» маёмасць органаў дзяржаўнай улады i кiравання, мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых i распарадчых органаў, што знаходзiцца на балансе гэтых оргнаў, знаходзiцца толькi ва ўласнасцi дзяржавы. Але ж у артыкуле 5 згаданага Закона ўказана — «Палажэннi Закона не распаўсюджваюцца на прадпрыемствы (арганiзацыi, установы), якiя знаходзяцца толькi ва ўласнасцi дзяржавы, у выпадках: адчужэння невыкарыстоўваемай цi неэфектыўна выкарыстоўваемай маёмасцi. Адчужэнне дадзенай маёмасцi праводзiцца прадпрыемствамi (арганiзацыямi, установамi) у працэсе гаспадарчай дзейнасцi ў парадку, устаноўленым дзеючым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь». У адпаведнасцi з гэтым просiм растлумачыць, цi магчыма правесцi адчужэнне ўказанага аб’екта, а таксама правамернасць такога адчужэння Гарадоцкiм сельскiм выканаўчым камiтэтам».

Вось якi адказ быў атрыманы з мiнiстэрства за подпiсам намеснiка мiнiстра эканомiкi:

«Згодна з артыкулам 121 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь да выключнай кампетэнцыi мясцовых Саветаў дэпутатаў адносiцца вызначэнне ў межах, устаноўленых законам, парадку кiравання i распараджэння камунальнай уласнасцю.

У адпаведнсцi з артыкулам 9 Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб мясцовым кiраваннi i самакiраваннi ў Рэспублiцы Беларусь» выканаўчы камiтэт распараджаецца камунальнай уласнасцю адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльнай адзiнкi ў парадку, устаноўленым Саветам».

Здавалася б, усё зразумела, дазвол атрыманы. Аднак для канчатковага вырашэння пытання i расстаноўкi ўсiх кропак над «i» ад iмя першага намеснiка райвыканкама ў «Мiнскаблмаёмасць» у пачатку кастрычнiка было адпраўлена пiсьмо з просьбай даць тлумачэннi: цi мае права Гарадоцкi сельскi выканаўчы камiтэт правесцi адчужэнне будынка воднага млына шляхам продажу яго на аўкцыёне?

Ва ўпраўленнi эканомiкi Маладзечанскага райвыканкама нам заявiлi, што пакуль не бачаць сэнсу ў падрыхтоўцы журналiсцкага артыкула па азначанай тэме — маўляў, адказ з «Мiнскабл-маёмасцi» яшчэ не атрыманы. Аднак мы палiчылi iнакш.

Высвятленне нюансаў заканадаўства цягнецца з сакавiка. I ўсё ж старшыня Гарадоцкага сельвыканкама спадзяецца, што яму ўдасца стварыць прэцэдэнт, якi падштурхне iншых мясцовых кiраўнiкоў «прыстройваць» у надзейныя рукi пустуючыя пабудовы, развiваць сваю тэрыторыю на карысць дзяржаве i людзям.

Маладзечанскi раён.

Фота Яўген Каломенкін, Radzima.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?