Аляксандр Тамковіч прэзентаваў кнігу біяграфій «Лёсы».

Сваю новую кнігу пад назвай «Лёсы» журналіст Аляксандр Тамковіч прэзентаваў на сядзібе БНФ. У гэтым ёсць пэўны сімвалізм. Як падкрэсліў адзін з пяцідзесяці герояў кнігі прафесар Алег Манаеў, усіх фігурантаў зборніка аб’ядноўвае знаходжанне па іншы ад сённяшняй улады бок барыкадаў. Спадар Манаеў не пагадзіўся з выказваннем, што гісторыя не любіць умоўнага ладу. Наадварот, ён лічыць карысным і патрэбным аналізаваць варыянты, як усё магло стацца, калі б… І параіў аўтару кнігі напісаць новую, абраўшы для інтэрв’ю людзей, маладзейшых на пакаленне за тых, пра чые жыццёвыя гісторыі можна даведацца з «Лёсаў».

Сярод герояў кнігі Аляксандра Тамковіча знакавыя для сённяшняй Беларусі асобы. Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Радзім Гарэцкі, сяргей Законнікаў, Зінаіда Бандарэнка, Алесь Марачкін, Валянцін Акудовіч, Уладзімір Колас, Станіслаў Багданкевіч, Станіслаў Шушкевіч, Аляксандр Мілінкевіч, Генадзь Грушавы ды іншыя. На прэзентацыі аўтару найчасцей дзякавалі за тое, што ўсіх сваіх суразмоўцаў ён адкрыў для чытача, як простых людзей. Той жа Манаеў пра гэта заўважыў, што нават пра сваіх сяброў, якіх ведае з 60-х, многія рэчы даведаўся толькі цяпер, прачытаўшы кнігу. Гісторык Алег Трусаў назваў працу Тамковіча летапісам сучаснай Беларусі.

У часе прэзентацыі Аляксандр Тамковіч сімвалічна далучыўся да кагорты пісьменнікаў — старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіча уручыў яму пасведчанне арганізацыі за нумарам 162.

«Лёсы» багата ілюстраваныя ўнікальнымі сямейнымі фотаздымкамі. Многіх персанажаў кнігі на іх проста не пазнаць. Вось маленькі Шушкевіч трымае цацачнага мішку за лапу, а вось Грушавы скача праз вогнішча.

«Гэта кніга напісаная разумным і моцным чалавекам. Гэтая кніга напісана таленавітым і сумленным журналістам. Гэта кніга пра разумных, моцных, таленавітых людзей. Ужо таму яе варта прачытаць», — напісаў у прадмове да выдання Аляксандр Фядута.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?