Той, хто добра ведае фізіку, не хвалюецца адносна бяспекі мікрахвалевых печаў. У іншых жа перыядычна ўзнікаюць пытанні: наколькі бяспечнае гэтае выпраменьванне, як часта трэба мяняць самі печы і г.д.? Тым больш, што інтэрнэт пастаянна шукае нагоду для нараджэння нездаровых чутак.

Паводле слоў вядучага інжынера лабараторыі фізічных фактараў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Мікалая Бабеля, для таго, каб мікрахвалевыя печы адпавядалі патрабаванням біялагічнай бяспекі, у акрэдытаваных лабараторыях праводзіцца адпаведная экспертыза. У першую чаргу ацэньваецца шчыльнасць энергетычнай плыні, створанай генератарам мікрахвалевай печы. Дапушчальны ўзровень не павінен перавышаць 10 мкВт/см2. Гэтыя звесткі размяшчаюцца ў пасведчанні аб санітарна-гігіенічнай рэгістрацыі або пасведчанні аб дзяржаўнай санітарна-гігіенічнай экспертызе — дакументах, якія акцэнтуюць увагу на тым, ці адпавядае печка ўстаноўленым у рэспубліцы гігіенічным нарматывам.

— Мабільны тэлефон мы сапраўды вымушаны трымаць непасрэдна ля галавы, — кажа Мікалай Бабель. — Для мікрахвалевых жа печаў норма разлічваецца з адлегласці 0,5 м.

Гэта значыць, у разлік бярэцца тое, што ў момант работы нашай тэхнікі мы знаходзімся не бліжэй як на паўметра ад яе.

Зразумела, што чым большая адлегласць, тым больш бяспечным для чалавека будзе ўзровень выпраменьвання. Існуе яшчэ абарона часам: чым менш вы знаходзіцеся ля печы, тым лепш. Той, хто надта асцерагаецца за сваё здароўе, можа проста пакінуць пакой на той час, пакуль печ працуе.

Калі тэрмін эксплуатацыі заканчваецца, гэта не значыць, што выпраменьванне абавязкова будзе павялічвацца і трэба тэрмінова набываць новую тэхніку. Па-першае, з-за таго, што рэсурс генератара выпрацаваўся, можа назірацца адваротная сітуацыя: зніжэнне ўзроўню выпраменьвання.

Па-другое, адзінае, за чым можна сачыць, — каб дзверцы «не разношваліся» і заўсёды шчыльна зачыняліся.

Што да бяспекі прадуктаў харчавання, прыгатаваных ці падагрэтых у печы, то з пункту гледжання ўсё той жа фізікі ніякай небяспекі яны ўяўляць не павінны. Пры абпраменьванні награванне адбываецца дзякуючы наяўнасці ў прадуктах вадкасці, а дакладней, інтэнсіўнаму руху малекул вады. Іншая справа, якім посудам мы карыстаемся. Адназначна не прадугледжаны пластык ці метал. Першы можа «падзяліцца» з прадуктам пэўнымі шкоднымі рэчывамі, а другі — вывесці печ са строю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?