У студзені—жніўні ў Беларусі прададзена 37,6 млрд даляраў, а куплена 41,3 млрд. Гэта робіць змену фінансавай палітыкі непазбежнасцю.

У студзені—жніўні на ўсіх сегментах валютнага рынку Беларусі было прададзена 37,6 млрд даляраў, а куплена 41,3 млрд. Такім чынам, па выніках васьмі месяцаў склаўся чысты попыт на замежную валюту ў памеры 3,7 млрд даляраў. Прыкметна, што па выніках сямі месяцаў дэфіцыт складаў 2,8 млрд. Значыць, у жніўні дэфіцыт бягучага рахунку рэзка рос.

Працяглы час попыт на даляры і еўра на Беларускай валютна-фондавай біржы (БФВБ) стабільна перавышае прапанову. Гэты дысбаланс зразумелы. Апошнія гады краіна экспартуе менш, чым імпартуе. Розніцу пакрывалі замежныя крэдыты і сродкі ад прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці.

Пад восень дэфіцыт бягучага рахунку ўзрос анамальна.

Гэта можна звязаць з павышэннем расходаў дзяржавы ў сувязі з адміністратыўным ростам заробкаў да 500 даляраў — пад выбары.

Як паведамілі ў Нацбанку, дысбаланс склаўся ў асноўным за кошт куплі валюты суб'ектамі гаспадарання,
тады як у дэвальвацыйным 2009 годзе валюту актыўна скуплялі і людзі.

Паводле звестак Нацбанка, асноўны аб'ём куплі замежнай валюты прадпрыемствамі быў накіраваны на наступныя мэты: пагашэнне крэдытаў (4,9 млрд з доляй у агульным аб'ёме 37,8%); закупка сыравіны і матэрыялаў (2,6 млрд з доляй у агульным аб'ёме 20,2%); закупка абсталявання і камплектуючых (1,7 млрд з доляй у агульным аб'ёме 12,7%); аплата паліва (1,6 млрд з доляй у агульным аб'ёме 12,5%).

Між тым зніжэнне дэвальвацыйных чаканняў, а таксама высокія працэнтныя стаўкі ў банках па дэпазітах у нацыянальнай валюце прывялі да станоўчага сальда на рынку валютнай гатоўкі. У студзені—жніўні фізічныя асобы прадалі на 62,3 млн долараў больш, чым купілі, тады як у такі ж перыяд 2009 года на чыстай аснове было куплена валюты на суму 918,2 млн долараў.

Старшыня праўлення Нацбанка Пётр Пракаповіч лічыць дэфіцыт, які развіваецца на ўнутраным валютным рынку, дысбаланс попыту і прапановы адным з найбольш праблемных пытанняў для банкаўскай сістэмы і эканомікі краіны. Пра гэта ён, у прыватнасці, заяўляў 27 жніўня падчас даклада прэзідэнту.

Эксперты чакаюць, што да канца года перавышэнне попыту на валюту з боку суб'ектаў гаспадарання над яе прапановай будзе ўзрастаць. Гэта звязана як з сезоннымі ваганнямі імпарту, так і з ростам у пачатку наступнага года цэнаў на расійскі газ мінімум на 10%.

Чаканы ў сувязі з гэтым далейшы рост дэфіцыту валюты прывядзе да яшчэ большага ціску на золатавалютныя рэзервы. Бо менавіта за кошт іх Нацбанк вымушаны кампенсаваць дэфіцыт замежнай валюты, зазначаюць аналітыкі.

На піку фінансавага крызісу ў 2008 годзе дэфіцыт бягучага рахунку дасягаў маштабаў, сувымерных з цяперашнімі.

Гэта робіць змену фінансавай палітыкі непазбежнасцю. Пытанне толькі ў часе.
Можна чакаць прыняцця ад уладаў нейкіх надзвычайных мераў для аднаўлення стабільнасці.

Гэта можа быць пачатак новых перамоваў з Міжнародным валютным фондам або прыватызацыя аднаго з буйных дзяржаўных прадпрыемстваў нафтахіміі ці «Беларуськалія». Або — што найменш імаверна — значнай дэвальвацыі рубля. Хоць маштаб праблемы стаў такі, што і гэтага апошняга варыянта ужо няможна выключаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?