На думку дасьледчыкаў з Інстытуту прыватызацыі й мэнэджмэнту, нафтавыя санкцыі Расеі мацней ударылі б па даходах беларускага бюджэту, чым магчымае павышэньне цэнаў на газ. Таксама нафтавы шок прывёў бы да большага зьніжэньня валавога ўнутранага прадукту, чым газавы.

У часе прамой лініі з грамадзянамі Расеі Уладзімер Пуцін адказаў на пытаньне датычнае Беларусі.

Яго задаў бранскі прадпрымальнік Міхаіл Сафонаў: «Ці магчыма стварыць саюзную дзяржаву з Беларусьсю».

Пуцін сказаў: «Найперш нам трэба гаварыць пра эканамічную інтэграцыю. І ў сувязі з гэтым самым галоўным я лічу пераход на адзіную валюту. Гэта б падштурхнула разьвіцьцё супольнага бізнэсу і эканамічных сувязяў паміж дзьвюма краінамі. У сувязі з гэтым зьвяртаю ўвагу на тое, што мы ніяк не можам дамагчыся супольных стандартаў у пытаньні эканамічных мытаў, як па імпарце, гэтак і па экспарце. Пэўныя рэчы нас хвалююць. Мы бачым аб’ёмы сырой нафты, якія паступаюць на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, бачым патрэбы самой рэспублікі і тое, колькі нафтапрадуктаў пастаўляецца потым за мяжу. Нам тутака, вядома ж, трэба наводзіць парадак у працэсе нармальнага дыялёгу з нашымі беларускімі калегамі. Калі нам ня ўдасца дасягнуць угодаў, дык нам прыйдзецца ўводзіць нейкія абмежаваньні.

Каб перайсьці да стварэньня адзінага парлямэнту, трэба эканамічная база. Нам няможна стварыць умовы, пры якіх мы паставім Расею ў сытуацыю процістаяньня нейкага саюзнага парлямэнту і чыста расейскага парлямэнту, надзяліўшы іх прыкладна аднолькавай кампэтэнцыяй і склаўшы ўмовы для перацягваньня канату».

Як адзначалі беларускія эканамісты, рээкспарт нафтапрадуктаў стаў у апошнія гады асноўнай крыніцай даходаў беларускага бюджэту. Нідэрлянды і Брытанія, асноўныя пакупнікі беларускіх саляркі й бэнзіну, ад 2003-2005 гадоў раптоўна сталіся галоўнымі гандлёвымі партнэрамі. Эканаміст Яраслаў Раманчук адзначаў у «Белгазете», што беларускія нафтапрадукты купляюцца пераважна філіямі расейскіх карпарацыяў, зарэгістраванымі ў Нідэрляндах і Вялікай Брытаніі – краінах з выгадным падатковым кліматам. Выказвалася і меркаваньне, што гэта могуць быць тыя самыя сыравінныя кампаніі, якія пастаўляюць нафту Беларусь па льготных тарыфах.

Прэзыдэнт Беларусі ня раз заяўляў, што ён бярэ нафтавы бізнэс у Беларусі пад асабісты кантроль. Эканамісты зь міжнародных арганізацый, якія ацэньваюць празрыстасьць бізнэсу адзначалі, што атрыманьне й разьмеркаваньне прыбыткаў ад гандлю нафтапрадуктамі ў Беларусі слаба кантралюецца парлямэнтам і недаступна грамадзкаму кантролю.

На думку дасьледчыкаў з Інстытуту прыватызацыі й мэнэджмэнту, нафтавыя санкцыі Расеі мацней ударылі б па даходах беларускага бюджэту, чым магчымае павышэньне цэнаў на газ. Таксама нафтавы шок прывёў бы да большага зьніжэньня валавога ўнутранага прадукту, чым газавы.

Мікола Бугай

Аляксандар Класкоўскі: З магчымага крызісу беларуская эканоміка выйдзе здаравейшая

Вось як камэнтуе сёньняшнюю заяву Ўладзімера Пуціна палітоляг Аляксандар Класкоўскі на сваім блогу:

Сёньня Пуцін зноў прапанаваў Беларусі пераходзіць на адзіны рубель. Выглядае, аднак, на тое, што сам ён ня надта верыць, нібыта ў Менску згодзяцца стаяць з працягнутай рукой пад дзьвярыма расейскага Цэнтрабанку. Што відно з суцэльнага ўмоўнага ладу ў адпаведнай фразе: "Гэта б адгуляла, без аніякіх сумневаў, вельмі карысную і прагрэсіўную ролю, падштурхнула б разьвіцьцё сумеснага бізнэсу...".

Хутчэй, гаспадар Крамля апраўдваецца перад сваім электаратам за ўзмацненьне эканамічнага ціску на "братнюю Беларусь". Падчас сёньняшняй наўпроставай лініі ён адкрытым тэкстам сказаў, што Расея можа скараціць пастаўкі нафты, калі Менск ня будзе дзяліцца мытам (вось вам і сакрэт Палішынэля: чаму гэта раптам знайшлося шмат тэхнічных дэфэктаў на трубе "Дружбы"!).

Так што чакайма баёў на нафтагазавым фронце. А вось інкарпарацыйнага рэфэрэндуму ў блізкай пэрспэктыве чакаць, бадай, ня варта. Заўважце: расейскі прэзыдэнт толькі мімаходзь згадаў, што шэраг палітычных пытаньняў, у тым ліку і датычна Канстытуцыйнага акту, знаходзіцца "ў працэсе ўзгадненьня". То бок — загрузьлі.

З Пуцінавых выказваньняў вынікае, што рэальнай улады так званым саюзным органам Масква даваць ня хоча. Маўляў, нельга паўтараць сытуацыю канцу 80-х — пачатку 90-х, калі склалася "супрацьстаяньне нейкага саюзнага парлямэнту і чыста расейскага парлямэнту". Дэкаратыўныя ж органы — без рэальных вагароў, без магчымасьці гуляць на палітычным полі Крамля — сто гадоў патрэбныя беларускаму кіраўніку.

Так што загрузьлі з гэным актам надоўга, калі не назаўсёды.

Таму і заяўляе Пуцін сапраўды "зусім шчыра і сумленна", што ў двухбаковых дачыненьнях "прыярытэтам ёсьць эканоміка". Масква збольшага зразумела ўжо, што дагнаць беларускі цягнік праблематычна. Перавесьці стрэлкі на інкарпарацыю наўрад ці пашанцуе. Застаецца дзейнічаць паводле прынцыпу "Не даганю, дык сагрэюся!". Крэмль выстаўляе Менску суворы эканамічны рахунак, каб спагнаць грошы за страту інтэграцыйных ілюзіяў.

Няма ліха без дабра. Хоць і пакруціць трохі нашу эканоміку, але ж з гэтай крызы яна мае шанец выйсьці здаравейшай. І пакрысе усталююцца нармалёвыя эканамічныя стасункі дзьвюх сувэрэнных краінаў — празрыстыя, зразумелыя, бяз тлуму "братняй інтэграцыі".

Хаця небясьпека застаецца. Бо сапраўды цьвёрдым гарантам незалежнасьці можа быць толькі дэмакратычная ўлада. Уладу ж, адвязаную ад грамадзкага кантролю, апанэнты непазьбежна будуць падазраваць, што яна ўжо заклала "крыштальную пасудзіну" ў расейскі лямбард.

Аляксандар Класкоўскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0