25 кастрычніка прэтэндэнт у прэзідэнты Уладзімір Някляеў падае ў Цэнтрвыбаркам заяву аб выключэнні са складу сваёй ініцыятыўнай групы 80 чалавек.
Палітык просіць ануляваць пасведчанні і выключыць з ініцыятыўнай групы названых асоб, а таксама не ўлічваць подпісы, якія могуць падаваць гэтыя людзі. Ініцыятыўная група Уладзіміра Някляева страхуецца на выпадак магчымых правакацыяў, якія працягваюцца.

Начальнік штаба Андрэй Дзмітрыеў расказаў, што правакацыі ў дачыненні да ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева працягваюцца. Таму група робіць неабходныя захады па недапушчэнні і перадухіленні магчымых правакацый.

«Сабраныя за вылучэнне Уладзіміра Някляева подпісы будзем перадаваць 27, 28 і 29 кастрычніка. І перадаваць подпісы будуць толькі рэгіянальныя каардынатары. Менавіта рэгіянальныя каардынатары збіраюць подпісы ў валанцёраў, а затым перадаюць іх у тэрытарыяльныя выбаркамы.

Такім чынам мы спрабуем засцерагчы сябе ад магчымых правакацый. Мы праводзім унутраную праверку сабраных подпісаў, брак, натуральна, адсяваем. А правакацыі скіраваныя на павелічэнне колькасці браку. Калі мы будзем бачыць няякасную працу, да якой не маюць дачынення нашы рэгіянальныя каардынатары, значыць, гэта не наш брак», — паведаміў А. Дзмітрыеў.

Па словах кіраўніка ініцыятыўнай групы, па ўсёй Беларусі зафіксавана некалькі фактаў, калі подпісы за Уладзіміра Някляева збіраюць людзі, якія не належаць да яго ініцыятыўнай групы:

«Такія факты зарэгістраваныя не толькі ў Барысаве; такія факты вядомыя ў Віцебску, у Пінску. Ходзяць людзі і збіраюць подпісы за Някляева, хоць ніякага дачынення да нашай ініцыятыўнай групы не маюць. У Барысаве, напрыклад, схапілі за руку, што называецца, канкрэтнага жывога чалавека, які збіраў подпісы з пасведчаннем сябра ініцыятыўнай групы Някляева. Але чалавека з такім прозвішчам, імем і імем па бацьку ў нашай ініцыятыўнай групе няма, і Цэнтрвыбаркам не выпісваў пасведчанне на такога чалавека».

Андрэй Дзмітрыеў лічыць, што мэта такіх правакацыяў — «перашкодзіць збору подпісаў за Уладзіміра Някляева. Прыходзяць сябры нашай ініцыятыўнай групы да выбаршчыка, а ім кажуць: а я ўжо падпісаўся».

«Пасля вынясення папярэджання ініцыятыўнай групе Някляева мы правялі ўнутранае расследаванне, выявілі людзей, якія перадавалі пасведчанні сябраў ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева трэцім асобам, і накіравалі ў Цэнтрвыбаркам заяву з просьбай выключыць іх з групы. Але мы правялі больш шырокую праверку ўнутры групы, выявілі несумленных сябраў групы і тым самым спрабуем засцерагчы сябе ад магчымых правакацый. У спісах, якія мы падалі ў Цэнтрвыбаркам на выключэнне, — каля 80 чалавек. Але нягледзячы на гэта, наша ініцыятыўная група па-ранейшаму застаецца самай шматлікай», — падкрэсліў начальнік штаба.

Праваабаронца Раіса Міхайлоўская адзначае, што беларускае заканадаўства не рэгулюе працэдуру выхаду са складу ініцыятыўнай групы. А гэта пагражае наступствамі для самога прэтэндэнта.

«Закон не рэгулюе выхад і выключэнне з ініцыятыўнай групы. З выхадам усё больш-менш зразумела — напісаў заяву — і ўжо не ў групе. Верагодна, выключыць можна рашэннем прэтэндэнта альбо кіраўніка ініцыятыўнай групы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?