Круглы стол перакладчыкаў біблійных і літургічных тэкстаў: цікава, але бясплённа.

«Шмат традыцый — адна мова». Пад такім дэвізам у Грэка-каталіцкім цэнтры ў Менску 23—24 кастрычніка адбылася сустрэча святароў, філолагаў, гісторыкаў, перакладчыкаў.

Галоўнай задачай круглага стала было сабраць разам людзей, якія займаюцца пытаннямі перакладу біблійных і літургічных тэкстаў на беларускую мову.

Праблема ў тым, што

праваслаўныя пераклад літургіі выконваюць асобна (і няспешліва), рыма-каталікі — асобна, пратэстанты — сабе, а грэка-каталікі даўно такі пераклад здзейснілі. Тое было подзвігам айца Аляксандра Надсана,
апостальскага візітатара для беларусаў-каталікоў замежжа, у часе прыезду якога ў Беларусь і была арганізаваная сустрэча.
Пераклад Бібліі на старабеларускую мову пачаў Скарына яшчэ ў XVI стагоддзі. Але на новабеларускую мову агульнапрынятага перакладу пакуль няма.

Перакладалі яе Антон Луцкевіч і пратэстант Лукаш Дзекуць-Малей, пасля — Янка Станкевіч (ягоны пераклад зроблены адмысловым, высокім, архаічным стылем), яшчэ пасля, часткамі, — айцец Уладзіслаў Чарняўскі. Нарэшце з'явіўся вельмі ясны для сучаснага чытача пераклад Васіля Сёмухі. Дарэчы, апошні разышоўся вялікім для Беларусі 10-тысячным накладам. Але... І апошні праваслаўная і каталіцкая іерархіі не прызнаюць, бо яго рабіў не царкоўны дзеяч, не манах.

Да таго ж, даточваецца метадалагічны аргумент: і Станкевіч, і Сёмуха, і Луцкевіч пры перакладзе выкарыстоўвалі арыгінальныя мовы ці падрадкоўнікі і тлумачальнікі з іх (грэцкая, габрэйская, арамейская), але не былі дасканалымі знаўцамі або зусім не ведалі.

Розначытанні існуюць ва ўсіх перакладах, розняцца і літургічныя тэрміны.

Каталікі моляцца Езусу, грэка-каталікі — Ісусу, праваслаўныя — Іісусу. Каталікі святкуюць Нараджэнне Хрыстова, праваслаўныя — Ражджаство.
І гэта толькі самыя агульныя прыклады. Між тым ёсць і шмат драбнейшых тэрмінаў. Усё гэта не спрыяе нацыянальнаму адзінству.

Удзельніца сустрэчы, доктар багаслоўя Ірына Дубянецкая адзначае, што ў нас пабольшала кваліфікаваных спецыялістаў. На круглым стале сабралася больш за 40 чалавек: як царкоўных, так і свецкіх. Сярод іх былі прафесары Аляксандр Лукашанец ды Іван Чарота, паэт Юрась Пацюпа, старшыня Біблійнага таварыства Герман Родаў. Гаворка была цікавай, часам захапляльнай. Але...

Кіраўнік Біблійнай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы а. Сяргей Гардун заявіў: нас задавальняе тое, што ёсць. Амаль тое самае, толькі ў мякчэйшых выразах, на наступны дзень выказаў рыма-каталіцкі біскуп Антоні Дзям’янка.
А гэта азначае, што ні Праваслаўная, ні Каталіцкая цэрквы не прагнуць выпрацоўкі адзінага варыянта тэрміналогіі, лічачы свой канон адзіна слушным.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?