28–31 кастрычніка праект Cinemascope пры падтрымцы пасольства Германіі ў Рэспубліцы Беларусь прадстаўляе праграму «Дэманічны экран», прысвечаную шэдэўрам класічнага нямога кіно. «Лялька» (1919) Эрнста Любіча, «Насферату: сімфонія жаху» (1921) і «Апошні чалавек» (1924) Фрыдрыха Вільгельма Мурнау, а таксама «Шпіёны» (1928) Фрыца Ланга будуць паказаныя на вялікім экране кінатэатра «Перамога» ў суправаджэнні жывой музыкі. Праграма прымеркаваная да выхаду першага расійскага выдання кнігі Лотэ Айснер «Дэманічны экран», без якой немагчыма ўявіць гісторыю нямога кіно часоў Веймарскай рэспублікі. Прэзентацыя кнігі, якая выйшла ў маскоўскім выдавецтве Rosebud Publishing, адбудзецца ў межах праграмы.

28 кастрычніка, 19.00

Прэзентацыя кнігі Лотэ Айснер «Дэманічны экран»

Знакамітая праца, якая належыць пяру самога ўплывовага нямецкага кінакрытыка, расказвае пра творчыя пошукі ў нямецкім кіно 1920-х гадоў. Аналізуючы самы бурны перыяд нямецкага кінамастацтва, аўтар спалучае глыбокае веданне матэрыялу з філасофскім поглядам на кіно як люстэрка духоўнага жыцця грамадства. Даследаванне Айснер справядліва называюць «адной з вельмі нямногіх класічных кніг пра кіно і, быць можа, найлепшай з тых, што ўжо напісаныя». (The Times Literary Supplement)

АПОШНІ ЧАЛАВЕК | Der letzte Mann

Рэжысёр: Фрыдрых Вільгельм Мурнау

У ролях: Эміль Янінгс, Малі Дэльшафт, Макс Хілер, Эмілі Курц

Германія | 1924 | 91 хв.

«Апошні чалавек» — бадай, найбольш яркі прыклад такога напрамку ў нямецкім кіно 1920-х гадоў, як «камершпіле», ці «мяшчанская драма», у цэнтры якой — гранічна простая гісторыя пра «маленькага чалавека» ў вялікім горадзе.

Сцэнар Карла Маера расказвае пра пажылога швейцара (бліскуча сыгранага Эмілем Янінгсам), сэнс усяго жыцця якога — праца швейцарам і ўладанне фірмовай ліўрэяй — аднойчы руйнуецца праз нязначную правіну, якая прывяла героя на пасаду прыбіральніка. Не ў сілах перанесці прыніжэнне, і, галоўнае, страту любімай ліўрэі, ён ідзе на злачынства.

«Апошні чалавек» зацвердзіў рэпутацыю Фрыдрыха Вільгельма Мурнау як аднаго з самых выдатных рэжысёраў нямога кіно. Канчаткова адмовіўшыся ад прамежкавых цітраў і не страціўшы пры гэтым яснасці сюжэту або значнасці дзеяння, Мурнау дасягнуў вяршыні візуальнага майстэрства. Сапраўднай вяхой у развіцці кінамовы стала і выкарыстанне «суб’ектыўнай камеры», што шмат у чым апярэдзіла «новую хвалю» 1960-х. Менавіта пасля гэтага фільма, уплыў якога відавочны ў наступных «Фаўсце», «Узыходзе сонца» і «Табу», рэжысёр быў запрошаны ў Галівуд кампаніяй Fox.

Музычнае суправаджэнне — гурт «Князь Мышкін».

29 кастрычніка, 19.00

ШПІЁНЫ | Spione

Рэжысёр: Фрыц Ланг

У ролях: Рудольф Кляйн-Роге, Герда Маўрус, Лін Даерс, Луіс Ральф, Крэйгел Шэры, Вілі Фрыч

Германія | 1928 | 145 хв.

Перадапошні нямы фільм Фрыца Ланга «Шпіёны», які спалучае вядомую жарсць рэжысёра да дбайнай дэталізацыі з моцным сюжэтам і віртуозным мантажом, уяўляе сабой ідэальны ўзор шпіёнскага трылера.

У пагоні за дзяржаўнай таямніцай міжнародная шпіёнская сетка, якую ўзначальвае Хайгі (Рудольф Кляйн-Роге), не грэбуе нічым: у ход ідуць інтрыгі, пагрозы, забойствы. Каб сцвердзіць сваю ўладу над іншымі, Хайгі вымушаны звярнуцца па дапамогу да сучасных тэхналогій і адначасова граць ролі таемнага агента, дырэктара банка і блазна мюзік-хола.

Кутні камень жанру, «Шпіёны» і больш чым праз 80 гадоў з моманту выхаду на экраны дзівяць навізной і арыгінальнасцю. Спрадусаваны ўласнай кампаніяй Ланга і зняты паводле сцэнару, напісанага рэжысёрам у суаўтарстве з жонкай Тэа фон Гарбау (гэтак жа, як «М» і «Метраполіс»), гэты фільм з’яўляецца «дзядулем дзясяткаў інтрыганцкіх эпікаў. Строгая прастата робіць яго самым надзённым з іх». (Эліят Стэйн, Village Voice).

Музычнае суправаджэнне — гурт «Рацыянальная дыета».

30 кастрычніка, 19.00

ЛЯЛЬКІ | Die Puppe

Рэжысёр: Эрнст Любіч

У ролях: Осі Асвальда, Херман Тыміг, Макс Кронерт, Віктар Янсан, Жазэфін Дара

Германія | 1919 | 64 хв.

«Чатыры пацешных акты з лялечнай скрынкі» — такімі цітрамі адкрываецца эксцэнтрычная камедыя Эрнста Любіча «Лялькі». У аснову сцэнару карціны, напісанага Любічам у суаўтарстве з Хансам Крэлі, легло лібрэта А. М. Вільнера па матывах казкі Э.Т. А. Гофмана «Пясочны чалавек».

Барон Шантэрэль, баючыся, што яго высакародны род перапыніцца, жадае ажаніць пляменніка Ланселота і абвяшчае конкурс нявест сярод мясцовых прыгажунь. Аднак небарака Ланселот не вельмі рады гэтай падзеі. Ён пабойваецца жанчын і шукае схову ў манастыры, дзе манахі вырашаюць разнастаіць яго жыццё з дапамогай завадной лялькі…

Упершыню ў гісторыі кіно менавіта Любіч падышоў да выяўлення гамункула, які жахае добрую палову чалавецтва, з гумарам. Ужо ў гэтай ранняй рэжысёрскай працы, свайго роду камедыйным аналагу «Кабінета доктара Калігары», адчуваецца непераўзыдзеная кінематаграфічная чароўнасць — тое, што Галівуд пазней назаве Lubitsch Touch.

Музычнае суправаджэнне — група «Mouches a l’orange».

31 кастрычніка, 19.00

Насферату: сімфонія жаху | Nosferatu, eine Symphonie des Grauens

Рэжысёр: Фрыдрых Вільгельм Мурнау

У ролях: Макс Шрэк, Густаў фон Вангенхайм, Грэта Шродэр, Аляксандр Гранах

Германія | 1922 | 93 хв.

Першая, вольная экранізацыя рамана Брэма Стокера «Дракула», фільм «Насферату: сімфонія жаху» справядліва лічыцца шэдэўрам нямецкага экспрэсіянізму. У нямой карціне з дапамогай трукаў з ценямі і асвятленнем Фрыдрых Вільгельм Мурнау ўзнавіў чароўную і страшную атмасферу начнога кашмару і заклаў асновы стылю, якому было наканавана незпаваротна змяніць ход гісторыі кіно.

Па абавязку службы агент па нерухомасці Томас Хутэр (Густаў фон Вангенхайм) пакідае родны Брэмен і выпраўляецца ў Трансільванію, каб улагодзіць фармальнасці з графам Орлакам (Макс Шрэк), якія выказаў жаданне набыць дом у горадзе. Па дарозе Хутэру адкрываецца страшная таямніца графа і тых месцаў, у якія ён кіруецца…

Фільм Мурнау, які натхніў на стварэнне відавочных (і не вельмі відавочных) рэмейкаў мноства рэжысёраў — ад Вернэра Херцага («Насферату, прывід ночы») да Абеля Ферары («Кароль Нью-Ёрка» і «Залежнасць») і Эліяса Мерыджа («Цень вампіра»), — да сёння застаецца арыентырам жанру «хорар».

Музычнае суправаджэнне — Улад Бубен.

Кінатэатр «Перамога», г. Мінск, вул. Інтэрнацыянальная, 20;

Тэлефон для даведак: 203-77-66.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0