Нягледзячы на зьнешне прыязныя адносіны Масквы і Астаны, Казахстан усё настойлівей дэманструе сваё імкненьне да самастойнай зьнешнепалітычнай гульні — яму відавочна цесны вобраз «апошняга саюзьніка Расеі». У аўторак прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў у часе выступу на паседжаньні Асамблеі народаў Казахстану (гэта кансультатыўна-дарадчы орган пад старшынствам прэзыдэнта, у якім прадстаўленыя ўсе нацыянальнасьці рэспублікі) зноў загаварыў пра прыярытэт казахскай мовы над астатнімі і пра магчымы перавод казахскай пісьменнасьці з кірыліцы на лацініцу. Дакладней, ня проста магчымы, а неўзабаве чаканы: па даручэньні прэзыдэнта праз паўгоду яму мусяць падаць канкрэтныя прапановы пра гэта.

Назарбаеў нагадаў, што цяпер казахі ў розных краінах выкарыстоўваюць тры альфабэты. У Казахстане, Расеі й шэрагу краінаў СНД ужываецца кірыліца, у Турцыі і эўрапейскіх краінах – лацініца, а ў Кітаі – арабскі шрыфт. «Лацінская графіка дамінуе сёньня ў камунікацыйнай прасторы. Не выпадкова шмат якія краіны, у тым ліку постсавецкія, перайшлі на лацініцу», — падкрэсьліў прэзыдэнт Казахстану. Фактычна Назарбаеў мае абсалютную рацыю. Але палітычна новая ініцятыва Казахстана выглядае як яшчэ адна яскравая праява новай тэндэнцыі на прасторы былога СССР – страты Масквой сваіх апошніх саюзьнікаў па СНД.

Сяброў губляюць толькі аднойчы

Значныя даходы ад нафтагазавага і здабываючага сэктараў эканомікі, калясальныя замежныя інвэстыцыі як з Захаду, так і з Усходу вывелі Казахстан у лік першых дзяржаў сьвету па тэмпах росту эканомікі. Зразумела, з такім багажом Астане ўсё меней даспадобы роля меншага брата Расеі.

Мяркуючы па ўсім, у Маскве не гатовыя зьмірыцца з гэтай думкай. У такіх умовах у Казахстану застаецца адзін варыянт, ужо правераны іншымі сябрамі СНД (у прыватнасьці, Грузіяй, Украінай і Малдовай), — перавесьці вэктар пошуку саюзьнікаў на Захад. І ў гэтым працэсе магчымы пераход на лацініцу можа быць сур’ёзным аргумэнтам на карысьць Астаны, які напэўна не застанецца незаўважаным.

Калі такі працэс сапраўды запушчаны, ягоныя вынікі акажуцца надзвычай нэгатыўнымі для Масквы. Да апошняга часу менавіта Казахстан разам зь Беларусьсю лічыліся найбольш вернымі і пасьлядоўнымі стратэгічнымі саюзьнікамі ды партнэрамі Расеі. Але адносіны зь Менскам рэзка пагоршыліся пасьля таго, як расейскі бок аб’явіў пра непазьбежнае значнае павышэньне цэнаў на газ, які пастаўляецца ў Беларусь. Гэта справакавала прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку на шэраг даволі рэзкіх дыпляматычных выпадаў на адрас Расеі. На што Масква адказала яшчэ больш рэзкім крокам: перанесла саміт лядашчага СНД зь Менску ў Астану, прадэманстраваўшы сваё нежаданьне ісьці на якія-кольвек саступкі. Аднак і гэты дэманстратыўны крок, які, магчыма, мусіў быў прадэманстраваць Казахстану добрую волю паўночнага суседа і гатовасьць да кампрамісаў, калі меркаваць па апошніх заявах Назарбаева, быў праігнараваны. Магчыма, таму, што быў зроблены запозна.

Адзінкі незалежнасьці

Палітычную значнасьць магчымага пераводу казахскай пісьменнасьці на лацініцу падкрэсьлівае і яшчэ адзін акцэнт, зроблены Нурсултанам Назарбаевым. У сваім выступе на паседжаньні асамблеі прэзыдэнт Казахстану наўпрост завіў: казахскай мове ў рэспубліцы будзе аддадзены прыярытэт. Ураду даручана выпрацаваць меры матэрыяльнага стымуляваньня вывучэньня казахскай мовы неказахамі і пытаньні вывучэньня ў школах казахскай гісторыі і літаратуры на дзьвюх мовах адразу. «Моладзь у Казахстане мусіць ведаць: бязь веданьня дзяржаўнай мовы працаваць у дзяржаўных органах, сфэры паслуг, праваахоўных органах ці судовай сфэры будзе немагчыма», — заявіў Назарбаеў.

Праўда потым, нібы схамянуўшыся, прэзыэнт узьнёс хвалу і расейскай мове. Маўляў, тое, што ўся краіна размаўляе на «вялікім і магутным», — гэта правільна, так і мае быць: «Масавае валоданьне адной з сусьветных моваў, якой зьяўляецца расейская, мільёнамі казахаў ёсьць чыньнікам, які пашырае інфармацыйныя далягляды ў сучасным сьвеце».

Дэпутат парлямэнту, лідар партыі «Ак Жол» Аліхан Байменаў заявіў «НГ», што «гэта болей прагматычны крок, чым палітычны». «У Казахстане выкрыстоўваецца вытворная кірыліцы — у адрозьненьне ад расейшчыны, 42 сымбалі, што моцна ўскладняе інфарматызацыю краіны, — сьцьвярджае палітык. — Для нас гэта вялікая праблема: мы плацім болей за адзінку інфармацыі».

Але ў сьвятле іншых падзей, што датычаць расейска-казахскіх стасункаў, ініцыятыва Назарбаева выглядае хутчэй палітычнай. На нядаўняй міждзяржаўнай канфэрэнцыі ў Актаў, прысьвечанай пытаньням энэргарэсурсаў на Касьпіі, Астана дала зразумець расейскім партнэрам, што чакае ад Масквы парытэту ва ўзаемінах ва ўсіх сфэрах — і ў эканамічнай, і ў палітычнай. І выступ прэзыдэнта Назарбаева выглядае хутчэй працягам гэтай лініі, чым прыватнай ініцыятывай.

Такім чынам, можна канстатаваць, што Садружнасьць незалежных дзяржаў перажывае дужа цяжкія часы. Больш за тое, незайздросная сытуацыя і ў двухбаковых міждзяржаўных стасунках у самой Садружнасьці. Ці прывядзе гэта да поўнага, юрыдычна аформленага распаду СНД, пакажа час. Найхутчэй, ніхто зь лідэраў Садружнасьці ня стане ініцыяваць падобнае разьвіцьцё падзей. У той жа час, відавочна, што ні пра якое разьвіцьцё інтэграцыі ў СНД няма і гаворкі. Хутчэй гаворка можа ісьці пра карэнны перагляд Расеяй сваёй палітыкі ў дачыненьнях з блізкім замежжам, якая ў выніку можа зьвесьціся да аднаго з варыянтаў: альбо Масква будзе жорстка ціснуць на сваіх партнэраў і патрабаваць ад іх падпарадкаванай ролі, і ў выніку страціць іх, альбо першым гульцам на постсавецкай прасторы удасца прымусьціь Крэмль выбудаваць зь імі больш-менш раўнапраўныя адносіны. Што ў выпадку пагаршэньня ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў Расеі зноў-такі можа прывесьці да пераарыентацыі ейных партнэраў з СНД на Захад.

У складзе Расеі толькі Татарстан выказаў жаданьне перайсьці на лацініцу. У 1999 годзе ў рэспубліцы быў прыняты закон «Пра ўзнаўленьне альфабэта на аснове лацінскай графікі». У 2004 годзе пастановай Вярхоўнага суду Татарстану ён быў скасаваны.

Глядзі яшчэ:

Гісторыя разьвіцьця беларускай лацінкі

Сайт, прысьвечаны беларускай лацінцы

Дазнайся болей:

У чацьвер, 26 кастрычніка, а 19.00 -- працяг цыклю публічных лекцыяў з гісторыі і культуры беларускай мовы. Тэма: Лацініца (беларуская лацінка): гісторыя і практыка. Лектар: Зьміцер Саўка. Уваход вольны, сядзіба БНФ (колішняя Варвашэні, 8).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?