Дзіця ў першыя тры гады жыцьця ня толькі пераймае фанэтыку, граматыку ды іншыя фактары правільнага маўленьня, але й вучыцца лёгіцы, закладае падмурак для будучых посьпехаў у розных відах дзейнасьці.

Хай спраўдзяцца спадзевы тых, хто лічыць, што беларускамоўнасьць дастаткова падтрымліваць пры міжасабовых зносінах у хаце. Але, верагоднасьць таго, што дзіцё ня будзе адчуваць сябе іншаземцам, калі беларускамоўнасьць працягнецца па-за домам і пашырыцца на такія сфэры жыцьця, як музыка, спорт, гульні й першыя пацалункі, нашмат большая.

З чаго пачаць

Каб дзеці ня думалі, што акрамя бацькоў гэткі спосаб камунікаваць ніхто не выкарыстоўвае, трэба своечасова паклапаціцца пра беларускі садок. Тут вашае дзіцё знойдзе сяброў, у яго зьявіцца асабістае жыцьцё і новыя ўражаньні. Але каб з вашым меркаваньнем ахвотна лічыліся і выхавацелі, і адміністрацыя, вас павінна быць шмат, і статус Ваш у садку павінен быць афіцыйна замацаваны. Спадзявацца на адну нянечку, якая абяцала з вашым малым збольшага гаварыць па-наску, беспэрспэктыўна.

Неабходна гуртавацца вакол цалкам беларускіх садкоў з зацьверджаным статусам. Майце на ўвазе: практычна ва ўсіх існых у Менску на паперы беларускамоўных групах гавораць па-расейску і толькі раз на тыдзень праводзяць заняткі па-беларуску, мову вывучаюць пры дапамозе гульні «Перакладчык».

Цяжка спадзявацца, што ўсе беларускамоўныя аднагодкі вашага дзіцяці пры дапамозе нейкай чароўнай сілы самаадвольна скіруюцца ў абраны вамі садок. Клапаціцца пра напаўняльнасьць будучай групы трэба зь першых дзён цяжарнасьці: размаўляйце з будучымі мамамі, матывуйце, пераконвайце. Апытайце знаёмых, хто ведае аналягічныя сем’і. Штогод толькі ў менскім ЗБСе ствараюцца каля дзесяці сем’яў, а ёсьць яшчэ каталіцкія асяродкі, пісьменьнікі, культурнікі, настаўнікі, палітыкі — да зьяўленьня дзіцяці міжсобку яны беларускамоўныя. А потым пераход на расейшчыну робіцца спосабам спрасьціць жыцьцё.

Пачынаць як мага раней

Сьвяткаваньне першага дня народзінаў малога — нагода сустрэцца і паразмаўляць пра пляны: у якім узросьце хто зьбіраецца ў садок, на якую ўстанову арыентуецца большасьць, колькі чалавек трэба знайсьці. Пытаньні нельга адкладаць. Нараджальнасьць у Менску больш не зьніжаецца, а вось зачыненыя на капрамонт і перапрафіляваныя садкі адкрываць не зьбіраюцца. Чэргі і перапоўненыя групы — сталічная рэальнасьць. Таму, калі вы прыйдзеце ў траўні з жаданьнем запісацца ў беларускую групу канкрэтнага садка, можа высьветліцца, што група ўжо ўкамплектаваная, і большасьць бацькоў дамагліся ейнай расейскамоўнасьці. Цягнік сышоў.

Таму як толькі споўніцца годзік вашаму дзіцяці, наведайце аддзел адукацыі па месцы прапіскі і па месцы жыхарства (і там, і там вас абавязаны абслугоўваць), захапіўшы з сабой пашпарт і пасьведчаньне аб нараджэньні дзіцяці. Зайдзіце ў кабінэт загадчыка аддзелу дашкольнага выхаваньня ды папрасіце, каб у адмысловым журнале адзначылі, зь якога часу вы маеце патрэбу ў садку (ясьлях). Звычайна такая заяўка адразу робіцца на канкрэтны садок. Аднак у вашым раёне беларускамоўных груп і садкоў можа ня быць (беларускія ясьлі наагул адны ў Менску). Тады трэба напісаць заяву на імя начальніка аддзелу адукацыі з просьбай забясьпечыць вашаму дзіцяці магчымасьць атрыманьня адукацыі й выхаваньня на беларускай мове. Зарэгіструйце заяву ў сакратара, запішыце сабе ўваходны нумар, зрабіце копію, і толькі пасьля гэтага аддавайце адрасату.

Усе вышэйпералічаныя крокі надзвычай важныя, рэкамэндую не абмінаць іх. Падкрэсьлівайце, што попыт на беларускія садкі ёсьць. Наяўнасьць такіх зваротаў, як мінімум, стане фармальнай перашкодай для зьмяншэньня колькасьці існых беларускіх груп.

Прыклад на Кахоўскай

Калі вы здолееце назьбіраць групу аднадумцаў у сваім раёне — прымайце віншаваньні. Але маладыя сем’і жывуць у розных кутках гораду. Таму пакуль кампраміснае месца сустрэчы — цэнтар. Вось тут і высьвятляецца, чаго каштуюць заявы пра адданасьць Бацькаўшчыне... Няўцямныя спробы апраўдацца выходзяць у тых, хто нават у сваёй сям’і лузэр і сарамліва хавае сваіх падрослых маскалікаў за фразамі: «жонка вырашыла», «мама руская», «дзед татарын», «цяжка вазіць», «баімся саплей»...

Што да ўласнага досьведу, то мы аддалі свайго сына ў ясьлі ў паўтара году. Выбралі садок №187, што на Кахоўскай, 64-а (ля кінатэатру «Кіеў»). У садку — шэсьць груп, усе беларускія, наша — асабліва. Мы самі кантралюем і сьпевы, і фізкультуру, і сцэнары сьвятаў, і працу псыхоляга. У групе 15 дзетак, палова — зь беларускамоўных сем’яў. Бацькі астатніх з ахвотай падтрымліваюць ініцыятывы зладзіць беларускія Калядкі ці набыць новыя кніжкі. Людзі возяць дзяцей і з Малінаўкі, і з Краснага Бору. Ня ўсе маюць машыны, але хутка мы прыстасаваліся падвозіць адзін аднога.

Ад А да Я

1. Пад’ехаць у абраную дзіцячую дашкольную ўстанову (далей — ДДУ). Можаце зайсьці зь дзіцём да загадчыцы і пазнаёміцца, паведаміць пра свой намер стаць наведвальнікамі яе ўстановы. Таксама варта паглядзець групу, перамовіць з будучымі выхавацелямі і высьветліць, якія рэчы спатрэбіцца набыць, да якога рэжыму дня і харчаваньня пераходзіць, каб пачаць адаптацыю. Не зашкодзіць загадзя разьведаць аптымальныя шляхі даезду і ўсе магчымыя варыянты перасоўваньня на грамадзкім транспарце.

2. З пашпартам аднаго з бацькоў і пасьведчаньнем аб нараджэньні дзіцяці наведаць спэцыяліста па дашкольным выхаваньні ва Ўпраўленьні адукацыі таго раёну, дзе месьціцца садок. Калі вы прапісаныя ў іншым месцы, то вам паспрабуюць адмовіць. Праявіце настойлівасьць, і вас запішуць ў журнал уліку тых, хто мае патрэбу ў паслугах садочку.

3. У траўні Вам неабходна будзе пад’ехаць ва Ўпраўленьне адукацыі ізноў, каб узяць накіраваньне.

4. Да пачатку жніўня накіраваньне неабходна аднесьці ў садок і аддаць загадчыцы. Яна вам прапануе падпісаць дамову з садком. Настойліва рэкамэндую пры гэтым папрасіць для азнаямленьня Статут ДДУ. Там вы знойдзеце адказы на масу пытаньняў, якія патэнцыйна могуць узьнікнуць.

5. Перш чым пачаць наведваць садок, трэба прайсьці мэдагляд. Накіраваньне на яго можна ўзяць ва ўчастковага пэдыятра яшчэ ў пачатку лета, каб пазьбегнуць чэргаў у жніўні. Давядзецца завітаць да такіх спэцыялістаў, як хірург, нэўрапатоляг, акуліст, лёр, лягапэд і інш., а таксама здаць аналізы. Але варта памятаць, што дзень, калі мэдкарта дзіцяці будзе цалкам аформленая, зьяўляецца днём, зь якога дапамога па даглядзе скарачаецца на 50%. Акрамя мэдкарты выдаецца даведка, якая мае сілу толькі тры дні.

6. Першы час можаце прыходзіць у садок усёй сям’ёй і гуляць зь іншымі дзеткамі на пляцоўцы, потым пачнеце заставацца на гадзінку-дзьве, паступова ў вас вызваліцца дзень ад восьмай да пятай (а то й да сёмай) гадзіны. У многіх мам ад такой раптоўнай і доўгачаканай свабоды дах едзе, але празь які месяц-два зьявяцца новыя клопаты, а неўзабаве — і новыя дзеці. І вы са зьдзіўленьнем будзеце думаць: «Як жа мы раней абыходзіліся без садочку?»

Дзіцячыя дашкольныя ўстановы (ДДУ) Менску, дзе ёсьць беларускамоўныя групы:

Заводзкі р-н:

ДДУ №202 (Партызанскі пр., 85а. Т.: 245-12-92).

Кастрычніцкі р-н:

ДДУ №97 (вул. Ландэра, 18. Т.: 277-89-11, 277-49-20, e-mail: [email protected]).

Ленінскі р-н:

ДДУ №101 (вул. Якубава, 60. Т.: 238-88-61).

Маскоўскі р-н:

ДДУ №412 (пр. Газэты Праўда, 64а. Т.: 271-68-47).

ДДУ №473 (вул. Ясеніна, 6/4. Т.: 271-94-06).

ДДУ №541 (вул. Ясеніна, 137. Т.: 205-37-24).

Партызанскі р-н:

ДДУ №543 (вул. Бумажкова, 39. Т.: 235-36-02).

Першамайскі р-н:

ДДУ №220 (вул. Каліноўскага, 11а. Т.: 265-23-02).

ДДУ №273 (вул. Каліноўскага, 89. Т.: 263-06-84).

ДДУ №522 (вул. Русіянава, 23. Т.: 260-65-01).

ДДУ №66 (былы пр-т Скарыны, 102а. Т.: 264-60-52).

ДДУ№361 (вул. Цікоцкага, 44. Т.: 263-38-28).

Савецкі р-н:

ДДУ №314 (вул.Багдановіча, 68а. Т.: 234-25-61).

Фрунзэнскі р-н:

ДДУ №534 (вул.Матусевіча, 59. Т.: 257-76-91).

Цэнтральны р-н:

ДДУ №187 (вул. Кахоўская, 64а. Т.: 213-06-71).

ДДУ №218 (б-р Шаўчэнкі, 13. Т.: 288-09-33).

ДДУ №234 (вул. Карастаянавай, 19. Т.: 288-50-75).

ДДУ №503 (вул. Радужная, 4, корп.2. Т.: 234-36-05).

Бацькі, якія ў пэрспэктыве жадаюць аддаць дзіця ў беларускі садок, час дзейнічаць! Кантакты: т. 632-27-43 (Крысьціна), e-mail: [email protected];

8-029-403-15-35 (Наталя).

Фота Крысьціны Вітушкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0