Эксперты АБСЕ з Нарвегіі і Швецыі, якія прыбылі 25 кастрычніка ў Мінск для азнаямлення з матэрыяламі па справе аб гібелі журналіста Алега Бябеніна, практычна завяршылі сваю працу.

Пра гэта паведамілі ў Генеральнай пракуратуры. Паводле звестак суразмоўцы агенцтва, судоваму медыку і крыміналісту, якіх вызначыў цэнтральны офіс АБСЕ ў Вене,

хапіла перакладзеных для іх на англійскую мову матэрыялаў расследавання беларускіх праваахоўных органаў.

Замежныя спецыялісты наведалі месца здарэння ў вёсцы Пярхурава Дзяржынскага раёна, былі на лецішчы Бябеніна, сустрэліся з яго сябрамі і тымі, хто ў ліку першых убачыў журналіста ў пятлі.

Паводле наяўнай інфармацыі, 28 кастрычніка эксперты маюць намер сустрэцца з лідарам кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэем Саннікавым, у камандзе якога Бябенін быў адной з ключавых фігур.

Эксгумацыі цела загінулага, хутчэй за ўсё, не будзе, паведамілі ў Генпракуратуры.

Чакаецца, што еўрапейскія эксперты пакінуць Мінск 29 кастрычніка.

Нагадаем, цела журналіста, якое вісела ў пятлі, было знойдзена ў яго дачным доме прыблізна ў 19.00 3 верасня. Органы пракуратуры правяраюць версію аб забойстве і інсцэніроўцы самагубства Бябеніна. Правядзенне праверкі па факце гібелі Бябеніна завяршаецца 3 лістапада.

***

Алег Бябенін нарадзіўся ў 1974 годзе. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1990-х гадах працаваў намеснікам галоўнага рэдактара недзяржаўнай газеты «Имя». Заснаваў у 1998 годзе сайт charter97.org і быў яго кіраўніком. У яго засталіся жонка і два сыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?