У. Някляеў каля ГУМа (Мінск), фота Алеся Пілецкага.

У. Някляеў каля ГУМа (Мінск), фота Алеся Пілецкага.

У выпадку абрання прэзідэнтам Уладзімір Някляеў не збіраецца дэнансаваць пагадненні з Расіяй у галіне эканомікі, ваеннага супрацоўніцтва, у сацыяльнай і гуманітарнай сферы. Аб гэтым ён заявіў 28 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Някляеў пазнаёміў са сваёй знешнеэканамічнай дактрынай. Паводле яго слоў, расійскі вектар быў і з’яўляецца прыярытэтам. «Мы не збіраемся ў выпадку прыходу да ўлады ажыццяўляць нейкія рэзкія дзеянні, якія прывялі б да абвалу існуючых паміж Расіяй і Беларуссю дамоўленасцей. Гэта тычыцца не толькі эканамічнага, сацыяльнага, гуманітарнага блокаў, але і ваеннага блока. Заявы некаторых апазіцыйных палітыкаў аб выхадзе з усіх магчымых пагадненняў з Расіяй аб ваенным супрацоўніцтве мы лічым непрымальнымі», — сказаў Някляеў.

«Як можна гаварыць аб тым, — і я чуў такія заявы, — што „мы закрыем мяжу з Расіяй“? — сказаў палітык. — Або дамоўленасці аб тым, што беларус, якія знаходзіцца ў Расіі, мае такія ж правы на медыцынскае абслугоўванне, як і расіянін, што знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, — хто супраць гэтага выступіць? Што дыпломы навучальных устаноў адной і другой краіны ўзаемна прызнаюцца, што ёсць роўныя правы грамадзян Расіі і Беларусі на паступленне ў ВНУ дзвюх дзяржаў. Гэта трэба пакідаць і ўключаць у тую праграму, якую мы назвалі канцэпцыяй адказнага суседства».

Што да адносін Беларусі з Еўропай, іх трэба пачынаць «з нуля», мяркуе прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта. Паводле слоў Някляева, яго каманда прааналізавала ўсе пагадненні з Еўрапейскім саюзам за апошнія гады. «Аказалася, што ў нас няма нават дагавора аб партнёрстве і супрацоўніцтве! З асобнымі краінамі ёсць, але дагавора з Еўрасаюзам як з міждзяржаўным утварэннем і Беларуссю проста няма. Усе дзейныя дагаворы — гэта заключаныя яшчэ ў 1989 годзе, пры Савецкім Саюзе. У 1995 годзе была спроба стварыць такі дагавор, але яна правалілася з-за таго, што ўсе дамоўленасці не былі ратыфікаваныя», — сказаў палітык.

«Як можна без фармальнага афармлення будаваць нашы адносіны? Трэба пачынаць нашы адносіны з самых першых крокаў. Гэты вектар нам давядзецца чарціць з першай рыскі», — заявіў Някляеў.

Як адзначыў прэтэндэнт у прэзідэнты,

Беларусь у любым выпадку будзе супрацоўнічаць з Еўрасаюзам.

«Менавіта ад ЕС мы можам атрымаць тое, на што разлічваем, найперш новыя тэхналогіі. Для гэтага трэба, каб там, дзе ёсць новыя тэхналогіі, апынуліся нашы людзі, якія былі б зацікаўленыя ў гэтых тэхналогіях», — сказаў Някляеў.

«Нам трэба вяртацца ў Раду Еўропы, — перакананы ён. — 

Парадаксальна, што еўрапейская краіна, пра якую нават Аляксандр Лукашэнка кажа, што яна „цэнтр Еўропы“, не ўваходзіць у Раду Еўропы».

Кіраўнік выбарчага штаба Някляева Андрэй Дзмітрыеў заявіў, што гаварыць пра ўступленне Беларусі ў Еўрасаюз у найбліжэйшыя пяць гадоў — «гэта проста папулізм».

«Мы знаходзімся далёка ад тых запатрабаванняў, якія прад’яўляюцца да краін — кандыдатаў на ўступленне ў Еўрасаюз.

Мы гаворым, што галоўная мэта — мадэрнізацыя эканомікі і тое, што называецца «сярэдні ўзровень інтэграцыі з Еўрасаюзам», — сказаў Дзмітрыеў.

«Мы павінны вярнуцца ва ўсе над’еўрапейскія структуры: Рада Еўропы, парламенцкія асамблеі Рады Еўропы і АБСЕ. Падпісваем дагавор аб партнёрстве з Еўрасаюзам, які дазваляе тут мець нармальнае пасольства. Гэтае безумоўнае пашырэнне правоў місіі АБСЕ ў Беларусі. І гэта тое, што павінна вярнуць Беларусь у еўрапейскія рамкі, — поўнае выкарыстанне магчымасцяў праграмы «Усходняе партнёрства», — заявіў кіраўнік штаба Някляева.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?