У Беларусі пачало працу СЗАТ «Міжнародны энергетычны цэнтр» (МЭЦ) для рэалізацыі праектаў у сферы энергаэфектыўнасці. Цырымонія адкрыцця цэнтра адбылася ў Мінску 29 кастрычніка.

Як паведаміў нацыянальны эксперт па малым бізнесе праекта ПРААН/Глабальны энергетычны фонд (ГЭФ) «Устараненне перашкод у павышэнні энергетычнай эфектыўнасці прадпрыемстваў дзяржаўнага сектара Беларусі» Віктар Вераб’ёў, статутны фонд ЗАТ склаў каля 200 млн. долараў.

Яго заснавальнікамі сталі: ААТ «Белзнешэканамбанк» (Беларусь) — 52% акцый, ААТ «Нацыянальны касмічны банк» (Расія) — 32%, ТАА «Будсектар» (Расія) — 15%, ТАА «ТАВІ» (Польшча) — 1%. Вераб’ёў паведаміў, што кампанія створана ў рамках праекта ПРААН/ГЭФ, які рэалізуецца ў Беларусі з 2007 года. У верасні 2010 года СЗАТ «Міжнародны энергетычны цэнтр» было зарэгістравана ў Мінгарвыканкаме.

Паводле слоў Вераб’ёва, асноўнымі накірункамі дзейнасці кампаніі стане пераўтварэнне кацельняў у міні-ЦЭЦ, мадэрнізацыя помпавага і кампрэсарнага абсталявання, утылізацыя сярэдне- і нізкапатэнцыяльнай цеплыні, аказанне кансалтынгавых паслуг і правядзенне экспрэс-энергетычных аўдытаў.

У партфелі кампаніі ўжо ёсць 18 праектаў, рэалізацыя якіх дазволіць эканоміць больш як 134 тут энергарэсурсаў і скараціць шкодныя выкіды амаль на 220 тыс. тон.

Як адзначыў першы намеснік дырэктара Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарта Беларусі Віктар Акушка, усе мерапрыемствы па стварэнні МЭЦ фінансаваліся ПРААН і Глабальным экалагічным фондам з «мэтай аблягчэння прыцягнення ўнутраных і знешніх інвестыцый у доўгатэрміновыя праекты па рэалізацыі мерапрыемстваў, звязаных з павышэннем эфектыўнасці вытворчасці і спажывання энергіі ў эканоміцы Беларусі».

Як сцвярджае Акушка, «у краіне паспяхова ажыццяўляецца мэтанакіраваная палітыка па паніжэнні энергаёмістасці валавога ўнутранага прадукту з адначасовым нарошчваннем узроўню энергетычнага забеспячэння росту нацыянальнай эканомікі». «У гэтых умовах задача устаранення ўсё яшчэ наяўных бар’ераў на шляху распаўсюджання энергаэфектыўных тэхналогій і ўкаранення аднаўляльных крыніц энергіі з’яўляецца вельмі актуальнай, спрыяльнай росту энергетычнай бяспекі краіны, павышэнню канкурэнтаздольнасці нацыянальнага прадукту», — падкрэсліў ён.

Намеснік старшыні праўлення ААТ «Белзнешэканамбанк» Дзмітрый Кулявацкі паведаміў, што банк будзе выдаваць цэнтру крэдыты на рэалізацыю праектаў на ўмовах 100% крэдытавання пад стаўку рэфінансавання плюс 3% (на сёння 10,5%) у нацыянальнай валюце і 10,5% у еўра і доларах. Закладам стане абсталяванне, якое пастаўляецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?