Сведкі пра новых памерлых у выніку выбуху ў Пінску, што прыходзяць кожны дзень, агаляюць не толькі рэальны памер трагедыю, але і памер маральнай прорвы ў нашым грамадстве, і, на жаль, у нашай грамадзянскай супольнасці.

Нам усім хацелася, каб ахвяраў было меней — але іх стала болей.

У нас усіх былі іншыя справы, і мы спадзяваліся, што бядзе дадуць рады тыя, хто мусіць даваць рады ў гэтых сітуацыях — але мы не ўзгадалі, у якой краіне мы жывём.

У Пінску, дзе я быў на гэтых выходных, пануе атмасфера пакінутасці.
Людзі не вераць, што мы пра іх бяду ведаем нашмат больш, чым яны самі. Адчуванні, што кінуты сам-насам, ва ўсіх.

Усе цытуюць, колькі тэлеграмаў віншаванняў і спачуванняў даслаў за апошні дзень Лукашэнка (зводкі БТ успрымаюцца як суцэльны здзек) і

ніхто не разумее, чаму беларускі лідэр не завітаў у Пінск падчас вандроўкі па Берасцейшчыне.
Да мясцовых уладаў пытанняў якраз менш, чым да іншых
(не тое, што іх няма, але іх менш). Тыя пастараліся з кампенсацыяй (можна спрачацца пра яе памеры), банкі і сам «Пінскдрэў» згадзіліся пагасіць крэдыты тым, хто трапіў у бяду, у горадзе абвешчана жалоба, праводзяцца дабрачынныя акцыі. Аднак відавочна, што на версе хутчэй зацікаўлены ў перадухіленні піяр-правалу падчас перадвыбарчай кампаніі.

Справа нават не ў тым, што дзяржава не дапамагла ці недадапамагла — справа ў тым, што мы не змаглі зрабіць усё, што магчыма, таму што зрабіць усё, што магчыма, не было нашым супольным прыярытэтам.

Здаецца, выбарчы вірус абыякавасці паралізаваў нармальныя чалавечыя рэакцыі і з апазіцыйнага боку. Ведаю, што і палітыкам, і іх паплечнікам баліць за тое, што адбылося. Але спробы высветліць, чаму ж вы не рэагуеце ніяк, натыкаліся на наступныя адказы. Па-першае, хто ж туды пусціць, да людзей да месца выбуху? Па-другое, адразу ж абвінавацяць у тым, што імкнёмся зарабіць палітычны капіталец на чужым горы. Што тут адказаць? Што да адсутнасці магчымасцяў-то на гэта спасылаецца той, хто нічога не хоча рабіць.

Насамрэч,

трагедыя ў Пінску — гэта тэст на сапраўднасць пэўных апазіцыйных ініцыятываў,
якія расквітнелі падчас выбараў. Каб дапамагчы людзям, трэба рэальныя людзі ў канкрэтным месцы, якія б маглі дапамагчы сабраць інфармацыю і дастукацца да людзей якім патрэбна дапамога і якія могуць нешта змяніць. У канкрэтных дзеянняў зусім іншая логіка, чым у віртуальнага піяр-праекту.

Што да абвінавачванняў-то калі чалавек шчыра хоча дапамагчы людзям (а дзеля гэтага яны збіраюцца ў прэзідэнты, здаецца) то выбар паміж шанцам на дапамогу і піярам мусіць быць адназначным. Калі чалавек, які хоча ўскінуць на сябе адказнасць за ўсю дзяржаву, адвернецца ад чужой бяды, толькі каб захаваць некалькі адсоткаў галасоў, то, даруйце, мне не патрэбны такі прэзідэнт. Аднаго такога, здаецца, ужо маю.

Аднак

час не для ўзаемных папрокаў. Аблажаліся, не праявілі нармальнага грамадзянскай, нават чалавечай рэакцыі ўсе ці амаль усе — як на ўладным, так і на апазіцыйным флангу.
А таму — лепш пазней, чым ніколі. Важна не толькі выправіць памылку. Калі мы не дамо рады уласнай абыякавасці — гэта значыць, што абыякавасць стала нормай у нашым грамадстве і мы з ёй цалкам згодны. Тады грош цана ўсім нашым кампаніям, партыям, кааліцыям, форумам, партнёрствам, інстытутам і кандыдатам. Мы не ў стане змяніць Беларусь, калі мы не ў стане змяніць саміх сябе.

Па-першае, шмат хто з людзей гатовы дапамагчы, але не можа гэтага зрабіць з банальнай прычыны, што дапамагчы не тое што няма каму, а не праз каго. Патрэбны нейкі пункт для збору і пераводу дапамогі, рахунак або іншы спосаб. Або запатрабаваць, каб такое зрабіла ўлада, або Чырвоны крыж, або збіраць самім.

І ў апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, паверце, не ўпадзе рэйтынг, калі яны здолеюць акумуляваць і перавесці сем’ям ахвяраў і пацярпелых дапамогу ў аб’ёме хаця б такім, у якім яе аказала дзяржава.
Гэта быў бы разумны сімвалічны крок. Каб даказаць, што апазіцыя можа не менш, чым улада, варта было б даказаць гэта на канкрэтным прыкладзе. Паверце, тым, каму такая дапамога патрэбна, возьмуць і не будуць на вас вешаць піяр, шмат хто з іх на мяжы выжывання.

Па-другое, пацярпелыя пры аварыі знаходзяцца ў жудасным стане. Траўмы і апёкі запатрабуюць доўгага лячэння і рэабілітацыі. Патрэбна прынамсі спраўдзіць, што ў Беларусі дастаткова тэхнічных магчымасцяў, лекаў і адмыслоўцаў, каб аказаць ім дапамогу. Адказу, ці дастаткова, у мяне пакуль няма, але прэса, няўрадавыя арганізацыі, мусяць гэта спраўдзіць. Шліце запыты, стаўце пытанні, патрабуйце адказу і, калі патрэбна дапамога па гэтай лініі, трэба думаць далей, дзе яе шукаць. Прынамсі, не лішняе, каб запатрабаваць адпаведных зменаў у рэспубліканскі бюджэт.

Па-трэцяе, пытанне працаўладкавання людзей, якія цяпер пазбавіліся працы.

«Пінскдрэву», Пінску для гэтага запатрабуюцца пэўныя інвестыцыі.
Наколькі мне вядома, абсталяванне на заводзе было застрахавана і сітуацыя шмат у чым папраўная, але людзям патрэбна праца, заробак, сродкі для існавання тут і цяпер. Для пачатку варта было б запатрабаваць ад улады, каб змяніла сваю інвестыцыйную палітыку ў Берасцейскай вобласці і адмовілася б ад аднаго абрыдлага ўсім спартовага аб’екта, каб адрадзіць вытворчасць на «Пінскдрэве».

Давайце разам паспрабуем зрабіць хоць нешта з гэтага — апазіцыя, прэса, грамадскія арганізацыі. Адкладзем у бок палітычныя калькуляцыі і ўстрымаемся ад узаемных абвінавачванняў у тым, што нехта чагосьці не ў час зрабіў. І проста пачнем выпраўляць агульныя памылкі. Бо 

Пінск — гэта наш супольны «Курск», супольная «Катрына»,
і выбрацца з маральнай ямы можна толькі разам і толькі адназначна расставіўшы прыярытэты.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?