Віцебскі прадпрымальнік Уладзімір Правальскі падаў у выбаркам 109 тысяч подпісаў. Самае цікавае, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына кажа, што ўсе свае подпісы на тэрыторыі аднаго раёна — Першамайскага ў Віцебску. Агулам там выбарцаў 115 тысяч. Толькі 6 тысяч не падпісалі.

«Наша Ніва»: Праўда, што подпісы збіралі толькі ў адным Першамайскім раёне?

Уладзімір Правальскі: Ды не, не праўда. Збіралі яшчэ ў Наваполацку, Полацку, Мёрах, Чыгуначным і Кастрычніцкім раёнах Віцебска.

«НН»: А дзе найбольшыя паказчыкі?

УП: У Першамайскім. Там сабралі прыкладна 107–108 тысяч.

«НН»: Ого. І як так выйшла?

УП: Ну мы прадпрымальнікі дзейнічаем так, каб найменш можна было выдаткаў і атрымаць ад гэтага найбольшы эфект.

«НН»: Думаеце, Вас зарэгіструюць?

УП: А што тут думаць? Мы выканалі сваю працу. Другога рашэння проста не можа быць.

«НН» Разлічваеце перамагчы?

УП: Вядома. Верым у гэта. Узважылі ўсё добра перад тым, як балатавацца. Разумеце, Лукашэнка ўжо састарэў. Людзі хочуць новага.

«НН»: А сярод апазіцыі добрых кандыдатаў няма?

УП: Яны і называюць сябе апазіцыяй, бо не могуць пахваліцца ніякімі рэальнымі дасягненнямі.

«НН»: А вы можаце?

УП: Я найлепшы прадпрымальнік краіны.

«НН»: Якая ў вас праграма?

УП: У дзяржаве, каб нармальна функцыянаваць павінны быць дзве рэчы. Першае — яна павінна ўмець зарабляць грошы. Другое — павінна быць свая мова. У нас няма ні таго, ні другога. Я вырашу гэтыя праблемы.

***

Уладзімір Правальскі нар. 14 студзеня 1959 у вёсцы Сцяпурава (цяпер Сенненскі раён Віцебскай вобласці). Жанаты, мае двух дарослых дзяцей. Пасля заканчэння Віцебскага політэхнічнага тэхнікума (1978) да 1991 працуе ў будаўніцтве. Пачынаў бетоншчыкам, скончыў дырэктарам асацыяцыі будаўнічых каапэратываў Віцебскай вобласці. Ад 1991 — індывідуальны прадпрымальнік. Пераможца рэспубліканскага конкурсу «Найлепшы прадпрымальнік 2009 года» ў намінацыі «Найлепшы прадпрымальнік у сферы паслуг».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?