Украінская міліцыя затрымала ў Жытоміры чатырох грамадзян Беларусі па падазрэнні ў распаўсюджванні наркотыкаў, паведамляе РІА Новости.

Паводле паведамлення затрыманыя з’яўляюцца апазіцыйнымі актывістамі: рок-музыкант Ігар Коктыш, сямейная пара Таццяна і Віталь Цішчанкі і Арцём Дубскі. Акрамя таго, затрымана жонка Коктыша, грамадзянка Украіны Ірына Цюцюннік.

3 лістапада Цюцюннік па тэлефоне звязалася з журналістамі абласной газеты «20 минут» і паведаміла, што да іх у кватэру ўварваліся супрацоўнікі міліцыі і растлумачылі свой візіт тым, што нібыта ў памяшканні ёсць чалавек, які знаходзіцца ў вышуку. Аднак замест высвятлення асоб людзей, якія былі ў кватэры, яны правялі вобыск і «падкінулі траву».

На месца вобыску выехалі дзве журналісткі газеты з дыктафонам і фотаапаратам, якія пачалі фіксаваць дзеянні міліцыі, аднак міліцыянеры забралі ў іх фотаапарат і дыктафон.

4 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Кіеве дырэктар дэпартамента па сувязях з грамадскасцю МУС Украіны Дзмітрый Андрэеў заявіў, што ў адной з кватэр Жытоміра работнікамі аддзела па барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў у Жытомірскай вобласці на законных падставах праводзіўся агляд жылля. «Гэтае працэсуальнае дзеянне было вынікам працяглай аператыўнай распрацоўкі. Мы мелі інфармацыю, што ў гэтай кватэры займаліся незаконным распаўсюджваннем і ўжываннем наркотыкаў», — заявіў Андрэеў.

Паводле яго слоў, у выніку вобыску была канфіскавана раслінная маса зялёнага колеру, якая вельмі нагадвае каноплі масай каля 10 г. Грамадзяне, якія знаходзіліся ў кватэры, былі затрыманы.

Затрыманне ў Жытоміры Арцёма Дубскага пацвердзіў Зміцер Дашкевіч. Ён адзначыў, што лёс затрыманых пакуль невядомы, Дубскі на сувязь не выходзіць.

У Беларусі Коктыша абвінавацілі ў забойстве — паводле ягоных словаў, пасля таго, як ён пачаў весці актыўную апазіцыйную дзейнасць. Нават пасля апраўдальнага прыгавору ён адседзеў больш за два з паловай гады ў Сімферопальскім СІЗА, пакуль не выйграў справу ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека.

Віталя Цішчанку судзілі за махлярства. У яго кватэры знаходзілі наркотыкі і зброю — паводле ягоных словаў, пасля таго, як ён удзельнічаў у мітынгах прадпрымальнікаў.

Арцём Дубскі быў асуджаны за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў, якія прайшлі ў студзені 2008 года. Ён правёў у Магілёўскай папраўчай калоніі 10 месяцаў.

Таксама ў Кіеве сёння супрацоўнікі ўкраінскай міліцыі спрабавалі ўзламаць ўваходныя дзверы беларускага апазіцыянера Аляксандра Цынкевіча — паведамляе «proUA».

Аляксандр Цынкевіч сказаў праваахоўнікам, што з’яўляецца замежным грамадзянінам і ў кватэры знаходзяцца непаўнагадовыя дзеці. Ён гатовы размаўляць з міліцыяй толькі ў прысутнасці консула Беларусі. Аднак праваахоўнікі не былі згодны на такія ўмовы і выклікалі слесара, каб адчыніць дзверы.

Міліцыянты быццам бы мелі інфармацыю, што апазіцыйны журналіст мае дачыненне да справы выпуску ў Крыму фальшывага выдання «Камерсант» у сярэдзіне кастрычніка гэтага года. Падроблены нумар газеты «Камерсант» быў накіраваны на дыскрэдытацыю прэм’ер-міністра Крыму, лідэра мясцовай арганізацыі Партыі рэгіёнаў Васіля Джарты.

На момант падрыхтоўкі гэтага матэрыялу не было вядома, чым скончыліся падзеі вакол Цынкевіча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?