Тут чыноўнікі дзякуюць рок-музыкам за іхні выступ, а байкеры ахоўваюць канцэрт разам з брыгадай амапаўцаў. Тут можна ўставаць са сваіх крэслаў і падпяваць Кульлінковічу. Тут рэй вядзе дырэктарка Палацу культуры, якая ня сьпіць суткамі і ўкладае ўласныя грошы, каб толькі адбыўся Рок-Фэстываль. І такое магчыма ў Беларусі, у наш час. Праўда, толькі ў адным месцы – на «Рок-Коле-2006».

Вядучыя сьледам за сьпевам Алеся Кузьміна 15-гадовай даўніны, паўтараюць кожны радок зь песьні «Я жыў». Выходзіць, як малітва. Так адкрываецца 16-ты па ліку фэст «Рок-Кола». На сцэне, як заўжды, запальвае Аніса. Тут ён пачувае сябе больш разьняволена, чым падчас вядзеньня сёлетняй «Каранацыі» ў Менску. Не хавае сваіх эмоцый падчас выступаў гуртоў: цешыцца, як дзіця, калі гурт яму падабаецца, і шчыра плюецца ад безгустоўнасьці. Весьці яму дапамагае Зоя Красавіна, дырэктарка самай вялікай полацкай канцэртнай пляцоўкі. Трое сутак яна ня спала, каб зрабіць гэты фэстываль, але са сцэны таго незаўважна. Энэргія ад гэтых ужо немаладых вядоўцаў сыходзіць неймаверная. Гэты запал перадаецца канкурсантам. Сёлета ўмова каб трапіць на фэст была досыць спэцыфічнай – трэба было загадзя зрабіць кавэр на «Мясцовы час». Аніса за кулісамі не хаваў радасьці ад таго, як пакаціла ягоная задума. Дыскі з інтэрпрэтацыямі клясыкі беларускага року прыходзілі ня толькі з усёй Беларусі, але і з суседніх краін, нават з далёкіх куточкаў Расеі. «Нямала быў зьдзіўлены такой рэакцыі музыкаў з постсавецкай прасторы, – кажа нязьменны дырэктар фэсту. – Але запрасіць які якуцкі гурт цяжка для нас, ды і для іх быў бы шлях няпросты». У выніку з 80 пададзеных заяў былі абраныя 24 каманды, якія ўключыліся ў шалёны маратон, які распачаўся ў сярэдзіне дня, а скончыўся позна ўначы.

«Мясцовы час» па дэзу

Нават шэрыя каманды пераўвасабляліся на сцэне, калі пачыналі граць «Мясцовы час». Часам песьні беларускай каманды распазнаць было цяжкавата, бо гучалі яны і ў арт-року, і ў гард-кору, набывалі фанкавы прысмак, перанараджаліся ў поп-рок аранжыроўках, напаўняліся псыхадэлам і выбухалі дэзам. Гітарыст «Мясцовага часу» Ўлад Пальшын яўна расчулены ўсімі варыяцыямі на тэму спадчыны полацкай каманды. Але асабліва ён прасякнуўся кавэрам бабруйскай «Ru.st», якія перайначылі «Дзядзю Ваню». Наогул жа самай папулярнай песьняй МЧ сталася «Будзе так!», да якой зьвярнулася з паўдзясятка гуртоў. Скарыла ўсіх група са Смаленску – Deimos, якая моцна і адладжана адыграла свой сэт. Іхні вакаліст Алекс прызнаўся ў любві да «Мясцовага часу» і амаль што дакладна паўтарыў фальцэт Алеся Кузьміна. Менавіта яны і ўзялі Гран-Пры. Досыць цікавы, такі цяжкарокава-электронны саўнд Deimos гледачы змогуць пачуць на фэсьце «Вольнае паветра-2» налета. Наўпрост са сцэны іх туды запрасіў Піт Паўлаў.

Ляўрэаты сёлетняга «Басовішча» ўзялі сваё і на «Рок-Коле». Магілёўцы з «Водар Сусьвет» набіраюць з кожным выступам пэўнасьці і ў гэты вечар гучалі проста выдатна. Яны дасталі першую ўзнагароду фэсту. Яшчэ адны героі Гарадку S.D.M. узялі трэцяе месца. Другімі ўклініліся мясцовыя «Альгама» зь вельмі рухавым вакалістам, які, відаць пераглядзеў відэа з «АукцЫоном» і Гаркушам. «Амальгаму», дарэчы, запрасілі на фэст «Рок за Баброў».

Сапраўдны подзьвіг зьдзейсьніў гурт «Абшар». Па дарозе на фэст у аварыю трапіў бубнач і басіст гэтае каманды. Арганізатары ўжо выкрасьлілі іх са сьпісу ўдзельнікаў, а тыя ўзялі і выйшлі. Яны знайшлі замену сярод полацкіх музыкаў і без рэпэтыцый даволі-такі някепска сыгралі. Дзіва, але арганізатарам удалося дамовіцца з гарадзкімі ўладамі і працягнуць канцэрт ажно да дзьвюх гадзінаў ночы. Закрываў першы дзень Neuro Dubel, які ўпершыню граў на «Рок-Коле». Кульлінковічу ня толькі далі дасьпяваць, але яшчэ і выйсьці на біс. І ўсе пры гэтым задаволеныя – гледачы, бо ўеліся музыкай, арганізатары, таму што ўсё прайшло паводле пляну, ахова, таму што ня здарылася эксцэсаў. «Рок-Кола» пазыцыянуецца выключна як сьвята музыкі. Таму і адпаведнае стаўленьне да яго з розных бакоў.

Кінчаў набыў «Краму»

Лідэр «Алісы» даў згоду прыехаць, бо хацеў пабачыць Полацак, Сафію і архіяпіскапа Ўладыку Феадосія (які, дарэчы, таксама выказаў падтрымку фэстывалю). Зорка расейскага року быў нешматслоўны, але выказаў тактоўную цікавасьць да беларускай музыкі і набыў дыск «Крамбамбулі» і «Крамы». Выявілася, што памятае Варашкевіча яшчэ з маскоўскага фэсту «Пакаленьне». Нягледзячы на фантастычныя для Полацка кошты на квіткі (25000 руб.), заля была перапоўненая. Паглядзець на «Алісу» прыйшлі нават Лера Сом і Аляксей Янукевіч. Праўда што апошні пасьля аднаго з баявых клічаў Кінчава «Здравствуй, Русь» пайшоў з залі. Бяз гэтага патасу «Аліса» сапраўды гучыць смачна, актуальна, але безыдэйна, як для беларусаў:). На маё пытаньне, чаму б не прывесьці амаль за тыя ж грошы «Акеан Эльзы» ці «Здоб шы здуб», Аніса шчыра прызнаецца: «Мы з Кінчавым жылі адным жыцьцём. Зьдзейсьнілася мая мара, якую меў з 1986 году, – «Аліса» ў Полацку! Наступнымі будуць AC/DC», – напаўсур’ёзна сканчвае Сяргей. «Аліса» цалкам закрыла сабой другі дзень фэстывалю, у які плянаваўся яшчэ і гала-канцэрт пераможцаў «Рок-Кола-2006». Склалася папросту безвыходная сытуацыя: перад «Алісай» яны не маглі сыграць, каб не «папсаваць» настройку апарата, зробленую пад расейцаў, а пасьля – таксама, бо выпадала чакаць з гадзіну наладкі таго ж апарату.

Выціснуты Аніса сядзіць пасьля ўсяго ў грымёрцы перад перапоўненай недапалкамі попельніцай і які раз стомленым голасам паўтарае: «Гэты фэстываль быў апошнім». Але яму ўжо прызвычаіліся ня верыць у гэтым пытаньні...

Сяргей Будкін

Героі «Рок-Кола-2006»

Гран-Пры (лепшы гурт фэсту, лепшая інтэрпрэтацыя песьні з рэпэртуару «Мясцовага часу») – Deimos (Смаленск)

Ляўрэаты

1-я ступень – «Водар Сусьвет» (Магілёў);

2-я ступень – Амальгама (Наваполацак);

3-я ступень – S.D.M. (Менск).

Лепшы гітарыст – Юры Міхайлаў (Deimos).

Лепшы бас-гітарыст – Ігар Галавачоў (Primus inter Pares, Наваполацак).

Лепшы бубнач – Антон Лявых (Skynet, Бабруйск).

Лепшы вакаліст – Ігар Бараўкоў (Амальгама).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?