Іслам Карымаў і Ўладзімер Пуцін рухаюцца ў адным кірунку.

Рэха каляровых рэвалюцыяў гуляе па ўладных калідорах постсавецкіх рэжымаў. 25 студзеня прайшло пазачарговае пасяджэньне Міждзяржаўнае рады Эўразійскае эканамічнае супольнасьці, у якім узялі ўдзел кіраўнікі Беларусі, Казахстану, Кыргызстану, Расеі, Таджыкістану. Галоўнай падзеяй саміту было далучэньне да ЭўрАзЭС Узбэкістану. Той мог бы ўвайсьці ў арганізацыю ў выніку зьліцьця ЭўрАзЭС і Арганізацыі цэнтральнаазіяцкае супольнасьці, але Карымаў сьпяшаецца, баючыся ня выстаяць перад народным паўстаньнем. Масква ж рада вітаць зьяўленьне яшчэ аднаго хаўрусьніка.

ЭўрАзЭС заснавалі ў 2000 г. дзеля выпрацоўкі адзінай замежнаэканамічнай палітыкі, тарыфаў, цэнаў ды іншых складнікаў агульнага рынку. Вялікімі посьпехамі інтэграцыя ў рамках ЭўрАзЭС не вызначалася, але апошнія падзеі дазваляюць казаць пра спробы рэанімаваць арганізацыю і ўключыць яе ў сыстэму хаўрусаў, што мусіць сцэмэнтаваць блёк краінаў, якія вызначаюцца ёмкай характарыстыкай «кіраваныя дэмакратыі».

Шлях Узбэкістану

Уступленьне Ташкенту адпавядае новаму курсу Карымава на збліжэньне з Масквой узамен на расейскія гарантыі бясьпекі, што пачаўся пасьля зьмены геапалітычнай арыентацыі. Яна адбылася ў траўні пасьля задушэньня паўстаньня ў Андыжане, у адказ на спробы ЭЗ і ЗША прымусіць Карымава аслабіць дыктатуру.

Яшчэ нядаўна Карымаў адкрыта супрацьстаяў Маскве, удзельнічаў у антырасейскім блёку ГУУАМ, першы з усіх сярэднеазіяцкіх кіраўнікоў прапанаваў ЗША стварыць вайсковую базу ў сваёй краіне ды стаў у 2002 г. стратэгічным партнэрам Вашынгтону. Але неўзабаве пачаў згортваць супрацу з Захадам, напалоханы «каляровымі» рэвалюцыямі ў 2003—2005 гг. і перакананы, што яны былі вынікам падбухторваньня звонку.

У ліпені Ўзбэкістан выгнаў ЗША з базы ў Каршы-Ханабадзе ды пачаў збліжацца з Расеяй ды Кітаем, якія пагадзіліся з афіцыйнай вэрсіяй падзеяў у Андыжане. Карымаў наведаў Кітай, дзе было падпісана пагадненьне аб стварэньні супольнай нафтавай кампаніі, а 14 лістапада Карымаў і Пуцін падпісалі беспрэцэдэнтную Дамову аб саюзьніцкіх дачыненьнях, 3-ці і 4-ты артыкулы якой фактычна дапускаюць расейскае ўмяшаньне пры ўзьнікненьні ўнутранага канфлікту ў справы Ўзбэкістану. Да такога не дайшла нават беларуска-расейская інтэграцыя! Паводле словаў «Независимой газеты», «падпісаньне расейска-ўзбэцкай Дамовы аб саюзьніцкіх стасунках мяняе сытуацыю ў Цэнтральнай Азіі, бо Ўзбэкістан стаў галоўным хаўрусьнікам Расеі, прычым ня толькі ў Цэнтральна-Азіяцкім рэгіёне, але і на ўсім абшары СНД» (вылучана намі — СБ).

У энэргетычным сэктары Ўзбэкістану замацаваліся «Газпром» ды «Лукойл», а з 2007 году «Газпром» мае манапалізаваць экспарт газу з Узбэкістану (які ўваходзіць у сусьветную дзясятку па здабычы газу). Таму ўступленьне ў ЭўрАзЭС не было нечаканасьцю. Праўда, на думку аўтара «Коммерсанта» Міхаіла Зыгара, «ЭўрАзЭС ёсьць толькі пробным каменем. Сапраўднай мэтай Масквы ёсьць чым хутчэйшае далучэньне Ўзбэкістану да Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) — структуры, якую Крэмль мерыцца неўзабаве ператварыць у вайскова-палітычны блёк кшталту NАТО».

Тры апоры і дзьве галавы блёку «кіраваных дэмакратыяў»

Расейскія эліты ганарацца аднаўленьнем пазыцый у былых калёніях, узорам чаго сталі ўзбэцкія падзеі. Супольную для рэгіёну тэндэнцыю разьвіцьця за мінулы год можна акрэсьліць, як «Свабоды — менш, Расеі — больш». Расея ажыцьцяўляла «рэканкісту» ў Сярэдняй Азіі, дзе — адкрыта палітычным шляхам (Узбэкістан), а дзе — някідкімі эканамічнымі мэтадамі з дапамогай расейскіх кампаніяў (Таджыкістан, Туркмэністан). Адступленьняў не было — нават рэвалюцыя ў Кыргызстане прывяла да ўлады прыхільны Расеі ўрад.

Акрыяўшы ад шоку 1990-х, Расея пачынае канструяваць геапалітычныя праекты. З ЭўрАзЭС толькі ўсё пачалося. Яго дапаўненьнем мае стаць АДКБ, якую таксама плянуюць узмацніць.

Блёк, які паўстае на постсавецкай прасторы, ня будзе толькі канглямэратам аскепкаў імпэрыі. На пасяджэньні кіраўнікоў урадаў Шанхайскай арганізацыі супрацы (ШАС) у Маскве прагучала ідэя збліжэньня ЭўрАзЭС і ШАС. ШАС — трэцяя апора блёку, з уключэньнем якой у канструкцыі ў гульню ўступае Кітай. ШАС — арганізацыя рэгіянальнай бясьпекі і выразна антызаходняй накіраванасьці, празь якую Пэкін спрабуе легітымізаваць сваю экспансію ў рэгіёне і пабудову пакуль невялічкага «кітайскага сьвету» ў процівагу Pax Americana. Акурат ліпеньскі саміт ШАС у Казахстане стаў рытуальным пачаткам выгнаньня амэрыканцаў зь Сярэдняй Азіі. Гэта было патрэбна Пэкіну ня менш, чым Маскве.

Сёньня ў ШАС уваходзіць Казахстан, Кыргызстан, Расея, Таджыкістан, Узбэкістан і КНР на правах чальцоў ды Індыя, Іран, Манголія і Пакістан як назіральнікі. Геаграфічныя межы ШАС, АДКБ і ЭўрАзЭС амаль супадаюць, калі не прымаць да ўвагі Кітай. Нават Беларусі тут знойдзецца месца, бо ўвосень Менск заявіў пра намер далучыцца да ШАС. Пакуль як назіральнік.

Але радавацца прыхільнікам блёку «кіраванай дэмакратыі» рана, перасьцерагае экспэрт Фонду Карнэгі Аляксей Малашэнка і нагадвае пра дзьвюхгаловасьць блёку. Сёньняшняе аб’яднаньне існуе, бо яшчэ не сутыкнуліся па-сапраўднаму інтарэсы Кітаю і Расеі. Ужо цяпер Расея ня хоча, каб Кітай даваў ільготныя крэдыты іх супольным сярэднеазіяцкім партнэрам, а што тады будзе, калі набярэ поўныя абароты кітайская эканамічная экспансія ў рэгіёне?

Наагул ці магчымы сымбіёз паміж Масквой, якая паціху траціла ролю сусьветнага гульца, і Пэкіна, які прэтэндуе на гэтую ролю? Прэцэдэнты паўстаньня такога сымбіёзу ў сучасным сьвеце ёсьць — узыходжаньне ЗША і заняпад Брытаніі не перашкодзілі абедзьвюм краінам стварыць трансатлянтычны хаўрус на падставе супольных каштоўнасьцяў і праблемаў. А агульныя каштоўнасьці Кітай ды Расея адшукаць могуць у той самай «кіраванай дэмакратыі», якая насуперак лібэральным аракулам не занепадае з далейшым эканамічным ростам, а працягвае пасьпяхова разьвівацца. І супольныя праблемы ў Пэкіна і Масквы ёсьць — «заходняя» пагроза, ЗША, пашырэньне дэмакратычнае ідэалёгіі…

Як пабудаваць сьвет без свабоды?

Сёньня ўрады краінаў ШАС, перадусім КНР і РФ, аб’ядноўвае перакананасьць у тым, што ўрады краінаў рэгіёну лепш за ўсіх ведаюць, як ім кіраваць сваімі краінамі, і ня маюць патрэбы ў дэмакратычных рэформах. У больш глыбокім сэнсе ўрады большасьці краінаў рэгіёну аб’ядноўвае непрыхаваная прыхільнасьць ідэям «кіраванай дэмакратыі». Гэта выразна кантрастуе з дэкляраваным імкненьнем Захаду забясьпечыць пераход постсавецкіх краінаў ня толькі да рынкавай эканомікі, але і да дэмакратыі ды гарантаванага захаваньня правоў чалавека. Заходнія стандарты ў рэгіёне пакуль не прыняліся. Затое мясцовыя ўладары плённа разьвіваюць супрацу з КНР, якая пасьпяхова пашырае па сьвеце свае стандарты, у тым ліку ў галіне дзяржаўнага кіраваньня.

Кітайская мадэль мае ня менш шанцаў стаць будучыняй вялікай часткі сьвету, чым мадэль лібэральнай дэмакратыі, прапанаваная ЗША. Яе пашырэньне не абавязкова зьвязана з брутальным ціскам і гвалтам. Кітайскія прынцыпы «кіраванай дэмакратыі» пашыраюцца ў сьвеце, у тым ліку на Захадзе, ня горш, чым ідэі заходняй дэмакратыі праточваюцца ў Паднябёсную. Пацьверджаньнем таму ёсьць палітыка ўсё большае колькасьці заходніх кампаніяў, якія пагаджаюцца перайсьці на кітайскія стандарты цэнзуры і назіраньня (вось самыя скандальныя прыклады — Yahoo, MSN, Google).

У стварэньні блёку «кіраваных дэмакратыяў» не ідзецца пра нейкую змову. Проста інтарэсы недэмакратычных урадаў гэтай часткі сьвету супадаюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0