Ірына Смеян‑Семянюк з Партыі БНФ уключана ў склад участковай камісіі №104 Маскоўскага раёна сталіцы. Вось як яна апісвае першае пасяджэнне выбаркама.
Сёння пайшла на першае паседжанне участковай камісіі № 104 маскоўскага раёна г.Мінска.
Калі я прыйшла ў школу, дзе знаходзіцца камісія, мяне ўжо чакалі каля ўваходу, дырэктар школы і куча цётак :) Пабачылі мяне, пачалі кіпішыць, карацей уся ўвага толькі да мяне :)
Парадак дня на паседжанні:
1. выбары старшыні;
2. выбары намесніка;
3. выбар сакратара.
Першае пытанне вяла цётка з адміністрацыі Маскоўскага раёна, выбралі старшыню: за — 11, супраць — 1, устрымаліся — 0.
Далей паседжанне пачаў весці гэты мужчына, і паставіў на разгляд другое пытанне, дзе за прагаласавала 11 і ён кажа, што рашэнне прынятае адзінагалосна, я кажу: «Як адзінагалосна? Я не галасавала і па правілах вы павінны запытаць хто — «за», хто — «супраць» і хто «ўстрымаўся».
На гэта ён мне сказаў, што я тут ніхто і каб я закрыла рот. Я вельмі спакойна адказала, што згодна з выбарчым кодэксам рашэнне прымаецца калегіяльна і што не трэба грубасцей. Аказваецца ён думаў, што мяне будуць ў камісію прымаць яны. Я патлумачыла, што мяне ўжо прынялі і што такое рашэнне не яны прымаюць, а адміністрацыя Маскоўскага раёна, жанчына з адміністрацыі гэта пацвердзіла.
Калі разглядалася трэцяе пытанне я прапанавала сябе. Вядома, мяне ніхто не выбраў.
Карацей, там такі міжсабойчык: БРСМ, Белая Русь, Чырвоны крыж, Партыя жанчын, два чалавекі зборам подпісаў і настаўнікі, адзін аднаго вельмі добра ведаюць, не першы раз разам.
На пытанне, калі будзе другое паседжанне, старшыня адказаў : Калі прызначу, тады і будзе. Я абавязала іх мне патэлефанаваць і папярэдзіць.





