У Вільні прайшло паседжаньне экспэртаў трох нацыянальных энэргетычных кампаній краінаў Балтыі: літоўскай Lietuvos Energija, латвійскай Latvenergo, і эстонскай Eesti Energia. На нарадзе вырашаліся пытаньні магчымасьці пабудовы трэцяга энэргаблёку Ігналінскай атамнай электрастанцыі. Бакі сышліся ў меркаваньні, што гэта адбудзецца ў 2015 годзе. Фінансаваць будаўніцтва энэргаблёку будуць усе тры Балтыйскія рэспублікі, а таксама, магчыма, інвэстары зь Нямеччыны, Францыі і Японіі.

Паводле папярэдніх зьвестак, пра будаўніцтва новай станцыі з двума ці адным рэактарам магутнасьцю 800-1600 мэгават будзе інвэставана ад 2,5 да 4 мільярдаў эўраў. Пра тое, у колькі менавіта абыдзецца будаўніцтва АЭС і якой будзе яе магутнасьць, стане вядома цягам наступных 2-4 гадоў, калі будзе выбраны генпадрадчык праекту. Высновы камісіі экспэртаў трох энэргакампаній будуць перададзеныя для абмеркаваньня ва ўрады Літвы, Латвіі й Эстоніі.

Нагадаем, што па рашэньні Эўразьвязу ў 2009 годзе Літва павінна спыніць другі, апошні дзейны рэактар Ігналінскай АЭС, у якой Латвія закупляе значную частку электраэнэргіі.

А тым часам,

У Латвіі вітаюць магчымае будаўніцтва АЭС у Беларусі

Стварэньне дадатковых генэрацыйных магутнасьцяў у рэгіёне можна толькі вітаць. Гэтак у інтэрвію латвійскім інфармагенцтвам пракамэнтаваў магчымае будаўніцтва АЭС у Беларусі прэсавы сакратар кампаніі Latvenergo Андрыс Сіксніс.

Ён адцеміў, што афіцыйнай інфармацыяй на гэты конт кампанія не валодае. У кожным разе Latvenergo станоўча ставіцца да гэтага намеру, хаця між Латвіяй і Беларусьсю і няма высакавольтавых ліній, здольных даставіць электраэнэргію мясцовым спажыўцам, адзначыў прэс-сакратар.

Паводле ягоных слоў, магчымае будаўніцтва АЭС у Беларусі не паўплывае на рашэньне балтыйскіх краінаў пабудаваць аналягічны аб’ект у Літве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?