Драматург Сяргей Кавалёў выдаў манаграфію «Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу».

Сяргей Кавалёў.

Сяргей Кавалёў.

Сяргей Кавалёў — доктар філалогіі, драматург. Нарадзіўся ў 1963 годзе ў Магілёве. Скончыў філфак БДУ. Жыве ў Любліне, дзе выкладае беларускую літаратуру ва ўніверсітэце імя М. Складоўскай-Кюры. Аўтар шэрагу крытычных зборнікаў і навуковых манаграфій. Напісаў звыш 20 п’ес.

— У студэнцкія часы я захапляўся сучаснай беларускай паэзіяй, пісаў артыкулы пра творчасць Алега Мінкіна, Леаніда Дранько-Майсюка, Адама Глобуса, Анатоля Сыса, — распавядае сп. Кавалёў. — А калі прыйшоў у аспірантуру, прафесар Алег Лойка прапанаваў пісаць дысертацыю пра паэзію XVI стагоддзя. «Пра творчасць сваіх равеснікаў Вы пісаць умееце, а вось паспрабуйце напісаць пра аўтараў забытых, нікому не знаных». У выніку спачатку ўзнікла манаграфія «Герoіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст.» (1993), потым «Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу» (2002). І нарэшце «Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу».

«НН»: Наколькі паэзія ВКЛ эпохі Рэнесансу сапраўды была шматмоўнай?

СК: Існуе наіўнае ўяўленне пра эпоху Рэнесансу як пра час суцэльнай дамінацыі старабеларускай мовы ў літаратуры ВКЛ. Маўляў, толькі пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай у 1569 годзе пачалося апалячванне, акаталічванне і іншыя беды. Насамрэч,

беларуская ніколі не была адзінай, «манапольнай» мовай пісьменства Беларусі:

у XVI cт. асноўнымі літаратурнымі мовамі на нашых землях з’яўляліся лацінская, польская, беларуская, царкоўнаславянская; прычым пераважная большасць паэтычных твораў выдавалася па-лацінску і па-польску. Вершы па-беларуску з’яўляліся рэдка. Але

па-беларуску вяліся дзяржаўнае справаводства, летапісанне, на беларускую перакладаліся папулярныя гістарычныя аповесці і рыцарскія раманы.

Многіх шчырых патрыётаў, калі яны даведваюцца пра рэальную моўную сітуацыю ў беларускай культуры «залатога веку», агортвае расчараванне. Мяне ж гістарычны досвед, наадварот, вучыць аптымізму: беларуская мова вытрымала няпростую канкурэнцыю ў мінуўшчыне, вытрымае і ў будучыні.

«НН»: Спрадвечная спрэчка: іншамоўныя аўтары — гэта беларуская літаратура ці замежная?

СК: Спадчыну пісьменнікаў ВКЛ немагчыма падзяліць паміж сённяшнімі народамі рэгіёну, гэта агульная спадчына, агульны набытак. Ані паходжанне аўтара, ані мова, ані месца напісання і выдання твораў не з’яўляюцца дастатковымі крытэрыямі нацыянальнай ідэнтыфікацыі пісьменніка.

Паэзію ВКЛ стваралі літовец Марцінас Мажвідас, іспанец Пётр Раізій, немец Ян Мылій, француз Пётр Статорыус, паляк Мацей Стрыйкоўскі.

Напрыклад, Андрэй Рымша пісаў на беларускай, лацінскай і польскай мовах. Нарадзіўся ён на Беларусі, першую кнігу выдаў на Украіне, а памёр у Літве. Імя Мікалая Гусоўскага мы сустрэнем у падручніках па гісторыі польскай, літоўскай, беларускай, украінскай літаратур. Я прынцыпова не назваў сваю манаграфію «Беларуская шматмоўная паэзія...» ці «Шматмоўная паэзія Беларусі...».

«НН»: Ці былі аўтары, што пісалі па-беларуску, але жылі за мяжой?

СК: Такім аўтарам з’яўляўся беларускі першадрукар Францішак Скарына. З яго сціплага чатырохрадкоўя «Богу ў Тройцы адзінаму», змешчанага на тытульнай старонцы кнігі «Іоў» (1517), пачынаецца гісторыя беларускай паэзіі. Верш напісаны і выдадзены ў Празе, таксама як два іншыя вершаваныя фрагменты Скарыны: «Веруй у Бога адзінага...» і «Не капай пад іншым ямы...».

«НН»: Пра што пісалі паэты Рэнесансу ў ВКЛ, ці перагукаецца тая паэзія з сённяшняй?

СК: Большасць тагачасных вершаваных твораў не выйшла за межы сваёй эпохі. Прысвечаны яны грамадска-палітычным падзеям у ВКЛ альбо сямейнаму жыццю беларуска-літоўскіх магнатаў і ўяўляюць цікавасць як мастацкі дакумент эпохі, каштоўная крыніца звестак пра жыццё нашых продкаў. Сярод выдатных, цікавых і сённяшняму чытачу твораў назаву «Песню пра зубра» Мікалая Гусоўскага, «Лямант няшчаснага Рыгора Осціка» Станіслава Лаўрэнція, «Чалавечы век» Станіслава Кулакоўскага, «Барвачку» Радагляда Гладкатварскага.

«НН»: Чаму Вы абмежаваліся толькі эпохай Рэнесансу?

СК: Эпоха Рэнесансу — гэта мая ўлюбёная эпоха не толькі ў літаратуры, але ў гісторыі ўвогуле. Менавіта ў гэты час у пісьменстве ВКЛ узнікаюць першыя паэтычныя творы, таму натуральна было звярнуцца найперш да Рэнесансу. А вось чаму я абмежаваўся толькі гэтай эпохай... Адзін даследчык не ў стане сабраць, прачытаць і асэнсаваць усе творы, напісаныя сотнямі аўтараў на працягу трох стагоддзяў. Нават пішучы пра XVI cт., я абапіраўся на працы сваіх папярэднікаў: Якава Парэцкага, Віктара Дарашкевіча, Уладзіміра Калесніка, Івана Саверчанкі, польскіх даследчыкаў.

«НН»: І няма жадання зазірнуць у наступныя стагоддзі?

СК: Цяпер з’явілася новае пакаленне беларускіх даследчыкаў-медыявістаў: Алесь Бразгуноў, Жанна Некрашэвіч-Кароткая, Наталля Русецкая, Ганна Карповіч. Спадзяюся, яны напішуць гісторыю шматмоўнай паэзіі ВКЛ Барока і Асветніцтва. Што датычыць мяне, я

хацеў бы вярнуцца да сваіх колішніх захапленняў і напісаць кнігу пра сучасную беларускую паэзію.


Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу / Сяргей Кавалёў. — Мінск:Кнігазбор, 2010. — 376 с.

Набыць кнігу можна тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?